Дырэктар радыёстанцыі расказаў пра бліжэйшыя планы рэдакцыі, салідарнасць калегаў і міжнародны розгалас.

 Юрый Базан у рэдакцыі «Аўтарадыё». Фота Photo.bymedia.net

Юрый Базан у рэдакцыі «Аўтарадыё». Фота Photo.bymedia.net

«На дадзены момант мы рыхтуем пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд, вычытваем кожны пункт, кансультуемся. Думаю, у панядзелак мы падамо яго ў суд», — расказаў «Нашай Ніве» дырэктар «Аўтарадыё» Юрый Базан. Нагадаем, што 11 студзеня Рэспубліканская камісія па тэлебачанні і радыёвяшчанні анулявала права «Аўтарадыё» на наземнае эфірнае радыёвяшчанне ў сувязі з невыкананнем ёй «творчай канцэпцыі і распаўсюджваннем у эфіры інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці».

«Гэта нелегітымнае рашэнне»

Юрый Базан упэўнены, што рашэнне камісіі памылковае: «Мы ўважліва азнаёміліся з Законам аб друку, вывучылі палажэнні, якія датычаць адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі. Згодна закону, рашэнне аб закрыцці радыёстанцыі можа прыняць толькі суд. І толькі суд можа вызначыць, што з’яўляецца экстрэмісцкай інфармацыяй».

На думку дырэктара «Аўтарадыё», Камісія па тэлебачанні і радыёвяшчанні фактычна прысвоіла сабе паўнамоцтвы суда, зачыніўшы радыёстанцыю сваім рашэннем
і не парупіўшыся нават пра тое, каб расшыфраваць абгрунтаванне такога радыкальнага кроку. «Гэта нелегітымнае рашэнне і мы будзем яго аспрэчваць».

Спадар Базан лічыць, што рашэнне аб закрыцці радыёстанцыі нанесла яе рэпутацыі вялікую шкоду. «У нас яшчэ не было падобных прэцэдэнтаў, але на Захадзе мы маглі б разлічваць на істотную кампенсацыю».

«Мы — непалітычнае радыё»

Абскарджванне рашэння камісіі ў ВГС магчыма зойме не адзін месяц. Рэдакцыя «Аўтарадыё» не будзе сядзець на месцы ўвесь гэты час. «Нашы наступныя дзеянні будуць мець форму зваротаў. Мы — непалітычнае радыё. Мы займаліся раскруткай беларускай музыкі. Многія гурты, што дэбютавалі ў нас, рабіліся айчыннымі „зоркамі“.

Нам тэлефануюць цяпер маладыя музыкі, пытаюць, куды ім цяпер несці запісы.
Перакананы, што адбылася памылка, недарэчная памылка». Разам з тым, спадар Базан падкрэслівае, што трэба мець мужнасць прызнаваць свае памылкі. Тым больш, што ўлады любяць нагадваць, што Беларусь — прававая дзяржава. «То давайце і вырашым пытанне ў рамках права». Дырэктар спадзяецца, што магчыма праблему вырашыць выканаўчая ўлада — Саўмін, або Адміністрацыя прэзідэнта.

Маўчанне калег-кіраўнікоў, падтрымка шарагоўцаў

За апошнія тры дні ў рэдакцыі «Аўтарадыё» ў літаральным сэнсе не зачыняліся дзверы. «У нас былі і беларускія журналісты, і калегі з Расіі. Запісалі інтрэв’ю некалькі еўрапейскіх тэлеканалаў. Урэшце я сказаў сваім калегам, што інтрэв’ю — гэта добра, але трэба ўжо штосьці рабіць, рыхтаваць дакументы, ратаваць радыёстанцыю», — смяецца Юрый Базан.

А што іншыя беларускія fm-станцыі? «Тут трэба казаць пра два ўзроўні.

Калі гаварыць пра кіраўніцтва радыёстанцый, то бок афіцыйную рэакцыю на сітуацыю вакол нас, то ніводная fm-станцыя не адгукнулася.
Калі ж гаворка пра простых супрацоўнікаў радыё, то нам многія тэлефанавалі. Некалькі чалавек сказалі, што звольніліся з працы пасля закрыцця нашай радыёстанцыі», — расказаў кіраўнік «Аўтарадыё».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?