Газета «СБ. Беларусь сегодня» пад рубрыкай «Рассакрэчана» апублікавала велізарны па мерках гэтага выдання артыкул пад назвай «За кулісамі адной змовы».

У артыкуле пад выглядам расследавання прыведзеная чарада непацверджаных ніякімі дакументамі «фактаў» і нібыта наяўных у запісе дыялогаў лідараў апазіцыі. У прыватнасці, не называючы імёнаў, калектыўны аўтар артыкула прыводзіць вытрымкі з пратаколу допыту «высокапастаўленага функцыянера ГП».

Па каментар мы звярнуліся да Андрэя Дзмітрыева, які ў адсутнасць Някляева з’яўляецца фактычным кіраўніком кампаніі «Гавары праўду».

— Цалкам зразумела, што артыкул у «СБ» — гэта працяг фільма «Плошча. Жалезам па шкле». І разлічана на зусім неінфармаваную публіку.

Я не хачу нікога з чытачоў гэтай газеты пакрыўдзіць, але большасць з іх не могуць ні праверыць, ні пацвердзіць, ні хоць бы супаставіць нейкія дадзеныя або прасачыць логіку падзей.
Усе, хто хоць трохі разумее сітуацыю ўнутры апазіцыі, добра пасмяяліся, чытаючы гэты артыкул. Думаю, некаторыя донары папярхнуліся, даведаўшыся, што яны падтрымлівалі Някляева.
Артыкул у асноўным скіраваны супраць кампаніі «Гавары праўду» і Някляева асабіста, і выдатна растлумачана, чаму так, проста ў артыкуле: «Створаная магутная структура».

Гутарка «супрацоўніка» органаў і нейкага «функцыянера» — калі ён ёсць насамрэч, чаму ж яго не паказалі ў фільме? Калі б людзі маглі чуць галасы і інтанацыі сапраўды канкрэтных людзей, гэта мела б вагу. І калі ўжо там цытавалі размовы аж да хатніх адрасоў, то такую «бомбу» трэба дакладна запускаць у эфір. Але надрукаваны на паперы — без усялякіх доказаў сапраўднасці — гэта проста спроба зганьбіць лідараў кампаніі «Гавары праўду» і ў прыватнасці выставіць здраднікам асабіста мяне, бо намёк на асобу міфічнага «функцыянера» цалкам празрысты.

Я збіраюся падаць у суд на газету за абразу гонару і годнасці мяне і лідараў кампаніі «Гавары праўду», хоць не веру, што ў беларускія суды наогул можна звяртацца людзям, якія маюць хоць аддалена адрознае ад афіцыйнай лініі меркаванне: суды цалкам кантралююцца ўладай.

Сёння стала зразумела, чаму мяне адпусцілі на часовую свабоду — каб зганьбіць і зрабіць здраднікам у вачах грамадства, у асяроддзі апазіцыі і нават унутры нашай каманды.
Тая хваля салідарнасці простых грамадзян, актывістаў, палітыкаў, якая ёсць цяпер, відавочна не падабаецца ўладам, і зараз задача зноў усіх пасварыць, падзяліць. Як кажуць, падзяляй і ўладар. Гэта, як ім здаецца, лёгкі спосаб пасварыць нас, пасеяць недавер, чуткі і плёткі — усё гэта — каб мы не маглі дзейнічаць разам. Я ўпэўнены ў камандзе, у калегах, у людзях. Цяпер любое такое дзеянне ўлады выклікае толькі адно процідзеянне — яшчэ большую згуртаванасць.

Магчыма, уся гэтая чарада «творчых» выпадаў з боку ўлады (і фільм, і артыкул, які пададзеная як серыял — «Працяг будзе…») — нейкая артпадрыхтоўка да 31 студзеня, каб пасварыць еўрапейскіх палітыкаў з нашымі, маўляў, давяраць ім нельга.

Але цалкам верагодна, што гэтыя падзеі не звязаныя і афіцыйныя СМІ проста дзейнічаюць па загадзя прадуманым плане, які грунтуецца на запалохванні і цкаванні.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?