«Тое, што напісана ў „Советской Белоруссии“ пра прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі, — дробязь, я ведаю ў дзясяткі разоў больш», —
заявіў старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, які меў намер удзельнічаць у выбарах, але зняў сваю кандыдатуру.

14 студзеня ў «СБ» былі апублікаваныя «рассакрэчаныя дакументы» пра падзеі 19 снежня ў Мінску. Адносна Гайдукевіча заяўлена наступнае: «Фядута паведаміў, што на яго ініцыятыўна выйшаў старшыня ЛДП Гайдукевіч (лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі), які прапанаваў за 1.000.000 долараў ЗША аказаць садзеянне кампаніі „Гавары праўду“ па прасоўванні яе кандыдата на выбарах і зняць сваю кандыдатуру ў яго падтрымку».

«Калі б я штосьці прапаноўваў, то значна больш — мільёнаў 10–20. Гэта першае. Другое: я ўжо ўсё сказаў пра выбары і калі здымаўся, і калі выступаў 18 снежня на ўсіх беларускіх каналах», — заявіў Гайдукевіч.

Паводле яго слоў, як чалавек, які двойчы быў кандыдатам у прэзідэнты, ён ведае пра прэзідэнцкую кампанію «значна больш», чым напісала «СБ». «Таму я магу цяпер разам з вамі пасмяяцца», — сказаў лідар ЛДП.

Як адзначыў Гайдукевіч, ён бы запытаў «мільёнаў 10 як мінімум, і тое — не для таго, каб дапамагчы кампаніі „Гавары праўду“, а для таго, каб выкарыстаць у сваіх мэтах».

8 кастрычніка, тлумачачы матывы зняцця сваёй кандыдатуры з прэзідэнцкіх выбараў, Гайдукевіч заявіў, што «выбары ў Беларусі — гэта спектакль, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?