Час забраць у палякаў манаполію на яе спадчыну. Эсэ Алега Дзярновіча.

Яшчэ не мінула і сотні гадоў, як спыніла існаванне Аўстра-Венгерская імперыя, Імперыя Габсбургаў. Манархія, якая грала першыя ролі на еўрапейскай сцэне, знікла, як планета Фаэтон, пакінуўшы пасля сябе метэарытны пас з новых дзяржаў, фантастычных ідэй і напаўзабытых падзей.

Мала хто з жыхароў гэтай дзяржавы быў ёй цалкам задаволены.

Венгры праз паўстанне дамагліся пераўтварэння імперыі ў 1867 у дуалістычную Аўстра-Венгрыю з шырокай аўтаноміяй ва ўнутраных справах, але так і не дасягнулі тады поўнай незалежнасці.

Аўстрыйцы былі раздражнёныя саступкамі, якія мусілі рабіць венграм.

Чэхі былі самай індустрыялізаванай нацыяй, але так і не дасягнулі ў ёй статусу, роўнага венграм, хоць таго доўга дабіваліся.

Для харватаў, славакаў і румынаў, якія насялялі землі Венгерскай кароны, венгерскі шавінізм быў горшым за аўтарытарызм Габсбургаў.

Аўстра-Венгерская манархія не перажыла Першай сусветнай вайны.

Але засталіся сімвалы. Вены — як музычнай сталіцы Еўропы. Венскі неўролаг і стваральнік псіхааналізу Зыгмунд Фройд паходзіў з Маравіі, з сям’і галіцыйскіх габрэяў. У Празе нарадзіўся трывожны талент Франца Кафкі. Галіцыя і Львоў сталі натуральнай базай для развіцця ўкраінскага нацыяналізму. У Аўстра-Венгрыі была выпрацавана свая версія стылю мадэрн — сэцэсія, якая аб’ядноўвае архітэктуру Вены, Прагі, Чарнаўцоў і Будапешта.

Як бы там ні было, венскім палітыкам удавалася доўга ўтрымліваць кампраміс між такімі рознымі народамі імперыі. Мастацтва кампрамісу нарадзіла фенаменальную культуру. Ніхто з жыхароў гэтай дзяржавы не быў ёй задаволены, але ў іх нашчадкаў нарадзілася пачуццё настальгіі па той краіне. Мне бачыцца тут, няхай і аддаленая, але аналогія з Рэччу Паспалітай — з яе паразамі і яе дасягненнямі.

Мы былі першыя

Скрозь на абшарах былой Рэчы Паспалітай мы знойдзем сляды лучнасці культурнай прасторы: магдэбургскія ратушы ад падрасійскага цяпер Вяліжа да падольскага Камянца; стылістыка барока, запачаткаваная ў часы Рэчы Паспалітай — ад фары ў Нясвіжы, першага помніка барока ва ўсёй дзяржаве, да другога такога ўжо ў Кракаве — касцёла Пятра і Паўла.

Грамадзянская культура ў Рэчы Паспалітай была прыналежнасцю не толькі шляхты, якую таксама называлі народам палітычным. Традыцыі самакіравання знітоўвалі мяшчанскія грамады. Мяшчанства ўдзельнічала ў палітычным жыцці, за ім цягнуліся эліты малых мястэчак.

Уласна, за грамадзянскія правы змагаліся і казакі, часам выходзячы за законныя рамкі.

Паводле ўласнага права, санкцыянаванага цэнтральнай уладай, арганізоўвалася жыццё габрэяў у кагалах, а таксама армян.

У часы Касцюшкавага паўстання ўсведамленне сваёй прыналежнасці да грамадства стала пранікаць і ў сялянскае асяроддзе.

Вядома, справядлівымі будуць дакоры да Рэчы Паспалітай, што ў ёй толькі абмежаваная колькасць насельніцтва валодала поўнымі грамадзянскімі правамі — ад 8% да 10%. Але не будзем забывацца, што ў суседняй Расіі ці магутнай Францыі тады панавала абсалютная манархія. Працэс сацыяльнай эмансіпацыі мог быць толькі паступовым, паслядоўна ахопліваючы розныя маёмасныя і гендэрныя пласты грамадства.

У Афінах Перыкла, рэспубліканскім Рыме, а таксама Англіі, Швейцарыі, Трансільваніі і Нідэрландах Новага часу колькасць грамадзян таксама не перасягала гэтых самых 10% жыхароў. Яны надавалі кшталт палітычнай культуры і фармавалі межы выканаўчай улады.

У Францыі яшчэ ў 1831—1848 гг. выбарчым правам валодала ледзьве 1,5% грамадзянаў, а ў Англіі ў 1832 г. атрымала яго 3,2% жыхароў.

Ад XVI і аж да канца XVIІІ ст. у адной толькі Рэчы Паспалітай кіраўніка дзяржавы рэгулярна абіралі ўсе грамадзяне, надзеленыя правам голасу.

Рэч Паспалітая стала прытулкам для палітычных эмігрантаў і рэлігійных дысідэнтаў з усёй Еўропы — ад шатландскіх кальвіністаў у XVI–XVII стст. да расійскіх старавераў у XVIІ-XVIІI стст.

Аж да канца існавання Рэчы Паспалітай яе крытыкі, а нават і ворагі, імкнуліся атрымаць тут індыгенат — прызнанне шляхецтва, а значыць, і ўсіх грамадзянскіх правоў, стаць дэ-юрэ грамадзянамі Рэчы Паспалітай. Сярод такіх новых грамадзян былі арыстакраты імперыі Габсбургаў, валадары і саноўнікі Малдовы, а таксама расійскія фаварыты Меншыкаў і Пацёмкін.

«Польшча» — не Беларусь

Пры ўсіх праблемах і пагрозах, звязаных з паланізацыяй эліт, ніводны народ Рэчы Паспалітай не страціў сваёй этнічнасці.

Адрозныя гістарычная свядомасць і мовы, асобнае права, уласныя традыцыі і матэрыяльная культура на працягу ўсяго існавання Рэчы Паспалітай спрыяла захаванню «малых айчын» — Польшчы, Літвы, Русі і Прусіі.

За часамі Рэчы Паспалітай у самой гэтай дзяржаве паняцце «Польшча» ніколі не распаўсюджвалася на Беларусь ці Украіну альбо ўвогуле на Вялікае Княства Літоўскае.

У часы паўстання Хмяльніцкага дайшло да ўзброенага канфлікту, што вымушаў жыхароў выбіраць паміж айчынай супольнай і ўласнай.

Большасць шляхты «рускай» на тэрыторыі Украіны (але не Беларусі) падтрымала казацтва і ўзняло вайну з Рэччу Паспалітай.

Меншасць, але такія фаміліі, як Вішнявецкія ды Заслаўскія, сталі на бок Рэчы Паспалітай.

Кіеўскі ваявода і праваслаўны сенатар Адам Кісель, які па даручэнні караля вёў беспаспяховыя перамовы з Хмяльніцкім, выбіраў не паміж Польшчай і Украінай, а паміж Рэччу Паспалітай і казацтвам, якое, паводле яго думкі, нішчыла шляхецкую мадэль грамадзянскай дзяржавы.

«Пашырэнне Польшчы» на ўсход у свядомасці палякаў і часткі літвінаў адбылося ўжо пасля заняпаду Рэчы Паспалітай. Польскі сон і мары пра страчаныя вольнасці — асабістыя, грамадзянскія і дзяржаўныя — сканцэнтравалі ўвагу на гісторыі Рэчы Паспалітай, якая пад пяром паэтаў, літаратараў, пэндзлем мастакоў, але таксама і ў гістарычных манаграфіях рабілася ўсё больш «польскай».

У адказ на гэты польскі «гістарыяграфічны імперыялізм» беларусы, літоўцы і ўкраінцы абсякалі тое, што іх лучыла з Рэччу Паспалітай. Літоўцы і беларусы выбудоўвалі дзяржаўны сепаратызм ВКЛ і падкрэслівалі ўсе моманты, якія паказвалі на тое, што яны маглі аб’ядноўвацца з ворагамі Рэчы Паспалітай. Беларусы і ўкраінцы амаль выракліся сваёй шляхты і створанай ёю дзяржавы, прызнаючы за «сваю гісторыю» сацыяльныя бунты, казацкія паўстанні і ўсялякую палітычную і культурную дзейнасць, скіраваную супраць польскасці.

Вярнуць Рэч Паспалітую сабе

Між тым, і нам, беларусам, ёсць чым ганарыцца за Рэч Паспалітую. Выдатнымі здабыткамі культуры, слаўнымі вайсковымі перамогамі. А таксама традыцыямі мясцовага самакіравання, парламентарызму, прававой дзяржавы.

Грамадзяне Рэчы Паспалітай перажывалі моманты трыумфу і канчатковай паразы. Але іх гістарычна-палітычны досвед складае істотную частку агульнаеўрапейскай дэмакратычнай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0