Прапаную вам сёння адну з самых смачных страваў, якую беларуская кухня запазычыла з яўрэйскай — фаршыраванага карпа па правераным мінскім рэцэпце. Гатаваць яго не проста і не хутка, але вынік будзе варты. Госці запомняць гэтую страву надоўга.

2 кг чышчанага (без вантробаў і лускі) карпа, дзве цыбуліны, 1 луста белай несалодкай булкі, адно яйка, чорны перац молаты, соль, цукар.

Для варкі карпа: 2 л халоднай вады, 2 морквы, 2 цыбулі, 5–6 зярнятаў перцу гарошкам чорнага, 2–3 зярняты перцу духмянага, соль, цукар.

Пры падачы: хрэн або гарчыца.

Як для фаршу, так і для варкі рыбы цукар трэба браць у палавінным памеры ад колькасці солі.

Булку намачыць.

Карпаў ачысціць ад лускі (лепш браць люстраных карпаў). Выдаліць вантробы, не робячы прадольнага разрэзу. Адрэзаць галовы, выбраць з іх жабры і вочы.

Ачышчаныя тушкі карпа парэзаць кавалачкамі таўшчынёй 4–6 см. Вострым нажом выбраць мякаць каля костак, не шкодзячы скуру.

Гэтую мякаць разам з цыбуляй і вымачанай булкай 2 разы прапусціць праз мясарубку, дадаць перац, соль, цукар, узбітае яйка (можна ўзбіваць відэльцам або міксерам) і ваду, у якой вымочвалася булка. Усё добра перамяшаць і ўзбіць (відэльцам або міксерам).

Запоўніць прыгатаваным фаршам кавалкі рыбы: спачатку кавалкі тушкі, затым галовы.

У шырокі рондаль (каструлю) пакласці моркву, цыбулю колцамі, трохі цыбульнага шалупіння, соль, цукар, перац. Наліць 2 л халоднай вады (вады трэба столькі, колькі кілаграмаў рыбы) і паставіць на агонь. Пасля таго, як закіпіць вада, пакласці на дно рыбіныя галовы, а затым усю астатнюю нафаршыраваную рыбу.

Варыць на вялікім агні у адкрытым рондалі 1–1,5 гадзіны. За 20 хвілін да канца варкі уліць дзве-тры сталовыя лыжкі халоднай сырой вады.

Пакінуць прыгатаваную рыбу у гэтым рондалі на 6–8 гадзін.

Затым раскласці кавалкі рыбы на блюды, заліць працэджанай вадкасцю ад варкі, ахаалдзіць у лядоўні да стварэння жэле.

Пры варцы рыбы можна пакласці некалькі скрылікаў чырвонага бурака.

Падаць фаршыраваную рыбу з хрэнам ці гарчыцай.

НБ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?