Золатавалютныя рэзервы падкасіў ажыятажны попыт людзей на валюту.

Фота БелТА.

Фота БелТА.

Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч 11 студзеня падчас планавай справаздачы Аляксандру Лукашэнку.

«Летась мы прадалі на чыстай аснове насельніцтву 1,5 млрд. долараў.

Гэтыя грошы пайшлі з золатавалютных рэзерваў, і яны фактычна ляжаць у насельніцтва дома, замест таго каб працаваць на рэспубліку, на эканоміку», — прыводзіць словы Пракаповіча па выніках даклада прэс-служба Лукашэнкі.

За 2010 год міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя па методыцы МВФ, скараціліся на 11% да 5 млрд 30,7 млн долараў. Гэта толькі афіцыйныя звесткі. Незалежныя эканамісты не выключаюць, што гэтая лічба можа ўжо быць ніжэйшай за 5 млрд. Пры гэтым планавалася, што за 2010 год яны, наадварот, узрастуць — на 0,5–1,83 млрд долараў.

Пракаповіч заклікаў людзей верыць беларускім банкам.

«Я хацеў бы параіць грамадзянам, якія захоўваюць грошы дома, не мае значэння, у беларускіх рублях ці ў іншай валюце, прынесці іх у банк.

Па-першае, там забяспечваецца захаванасць зберажэнняў, па-другое, налічваюцца працэнты. Тады гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца для эканомікі, для таго, каб наша жыццё палепшала», — зазначыў кіраўнік Нацбанка.

Ён нагадаў, што да канца 2015 года стаіць задача — выйсці на сярэдні ўзровень зарплаты не менш чым 3 млн. рублёў. Гэта «вельмі складаная задача, якая патрабуе намагання ўсіх грамадзян», падкрэсліў Пракаповіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?