10 студзеня на прадпрыемстве «Мінгарсвятло» прайшоў прафсаюзны сход, рашэннем якога маляр і прыхільнік Руху «За Свабоду» Юрась Шпак-Рыжкаў быў звольнены за прагулы па артыкуле 42 з адпаведным запісам у працоўную кніжку.

Цікава, што спадара Шпак-Рыжкава звольнілі менавіта за прагулы, што мелі месца падчас датэрміновага галасавання (15 і 16 снежня), а не за 10 сутак, якія ён правёў у Жодзінскай турме пасля затрымання на Плошчы

«На прафсаюзным сходзе адзін чалавек за мяне заступіўся. Прапанаваў дазволіць мне адпрацаваць прагулы, аднак ніхто яго не слухаў», — распавёў карэспандэнту «НН» былы маляр.

Гісторыя з «прагуламі» 15 і 16 снежня заслугоўвае асаблівай увагі. Будучы назіральнікам ад Партыі БНФ, Ю.Шпак-Рыжкаў быў настолькі непажаданым для ўладаў сябрам выбарчай камісіі, што яго нават выключылі з яе складу. Адбылося гэта 17 снежня. У выніку прадпрыемства палічыла, што чалавека трэба звольніць. У «Мінгарсвятле» хацелі гэта зрабіць ужо 20 снежня, адразу пасля выбараў, аднак спадар Юрась трапіў на суткі за ўдзел у Плошчы і звольніць яго здолелі толькі зараз.

«Мяне ж далёка не першы раз звальняюць „за палітыку“. Аднак раней атрымоўвалася „па згодзе бакоў“, а зараз вось так адразу па артыкуле, за прагулы. У мяне ніколі не было раней гэтых прагулаў», — наракае спадар Юрась.

Варта дадаць, што удзелам у працы выбарчай камісіі актыўнасць Ю.Шпак-Рыжкава не абмежавалася. Ён здолеў захаваць у сваім фотаапараце унікальныя відэакадры разгону Плошчы і апублікаваў іх пасля вяртання з-пад арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?