Прызнана, што конкурс па даванні аператарам электрасувязі права на пропуск міжнароднага трафіку і далучэнне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў не адбыўся.

Такое рашэнне прынята міжведамаснай конкурснай камісіяй у сувязі з тым, што ва ўстаноўленыя тэрміны ў адрас арганізатара не пададзена ні адной конкурснай прапановы, растлумачылі БелаПАН у Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

Мінсувязі пачало выдачу конкурсных дакументаў 26 кастрычніка. Конкурсныя прапановы прымаліся з 1 па 30 снежня 2010 года, а сам конкурс павінен быў завяршыцца 31 студзеня 2011 года.

Чакалася, што яго пераможца стане трэцяй у краіне арганізацыяй пасля «Белтэлекама» і Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам, якая атрымае права наўпрост падключацца да сетак перадачы звестак замежных дзяржаў.

Аднак патэнцыяльныя ўдзельнікі конкурсу на права пропуску знешняга інтэрнэт-трафіку, у тым ліку сотавыя аператары, праігнаравалі конкурс пасля азнаямлення з умовамі ўдзелу.

Раней у Мінсувязі зазначалі, што ў інвестараў заўсёды была зацікаўленасць да атрымання права на пропуск знешняга інтэрнэт-трафіку. Пры гэтым дзяржава планавала выручыць не менш як 50 млн. еўра за права пропуску знешняга трафіку.

Пад пропускам міжнароднага трафіку і далучэннем да сетак электрасувязі замежных дзяржаў у конкурсе разумеецца спецыяльнае права, якое дазваляе аператару электрасувязі (пераможцу конкурсу) пры аказанні паслуг перадачы звестак ажыццяўляць далучэнне сеткі электрасувязі, якая выкарыстоўваецца для аказання паслуг перадачы звестак, да сеткі (сетак) электрасувязі замежных дзяржаў, і ажыццяўляць праз гэтую сетку электрасувязі пропуск міжнароднага трафіку перадачы звестак (за выключэннем паслугі тэлефаніі па IP-пратаколе).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?