Паважаная рэдакцыя «Нашай Нiвы», велізарны вам дзякуй за тое, што вы сёння з’яўляецеся для нас акном у свет.Пры сённяшнім багацці дзяржСМІ, якія адстойваюць хлуслівую ідэалогію, знікае жаданне не тое што жыць, а нават існаваць. І калі б сёння не было сайтаў, якія паведамляюць пра рэальную сітуацыю ў краіне і свеце, я б ужо або з’ехаў, або памёр бы. А так як я ведаю праўду дзякуючы вам, я гатовы жыць, каб змагацца далей. І жыву ў чаканні новай Плошчы, паралельна праводзячы сярод сваіх калегаў, сяброў, аднадумцаў, сваякоў працу па падтрыманні стойкасці духу і веры ў збавенне роднай Беларусі ад дыктатуры.
Толькі вось мяне турбуе адзін момант. У каментарах я
бачу, што людзі пачынаюць не проста крытычна, а нават з нянавісцю ставіцца да Праваслаўнай царквы. Я сам з’яўляюся праваслаўным «уцаркоўленым» хрысціянінам (кажучы сучаснай мовай, актывіст аднаго з храмаў). Знаёмы асабіста са шматлікімі святарамі і епіскапамі. І хачу заявіць, што сапраўды праваслаўныя хрысціяне заўсёды стаялі на баку праўды, бо, як сказана ў Евангеллі, «ваш бацька — д’ябал, і вы хочаце выконваць прыхамаць бацькі вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і не ўстояў у ісціне, бо няма ў ім ісціны. Калі кажа ён няпраўду, кажа сваё, бо ён ашуканец і бацька няпраўды…».Мы да апошняга дня імкнемся захаваць нашых братоў і сясцёр у надзеі наставіць іх на розум, бо мы адна сям’я. Мы молімся і спрабуем наставіць гэтых людзей.Не варта судзіць царкву, калі ў ёй ёсць аблудныя авечкі (нават калі і ў сане).
Паверце, на плошчы было шмат праваслаўных (і не толькі праваслаўных) сапраўдных хрысціян, якія прыйшлі за праўдай. Асабіста я туды адправіўся адзін, але вось цуд: у шматтысячным мітынгу мяне знайшлі мае сябры з храма, пасля чаго нас ужо ніхто не змог бы пераканаць, што сам Хрыстос нас усіх вывеў 19 снежня на плошчу, быў там з намі ўсімі, застаецца цяпер і будзе вечна.
У падтрымку сваёй роднай царквы хачу падзяліцца творам вялікага пастыра Аляксандра Шмемана на тэму Раства Хрыста. Яго пропаведзь выразна адлюстроўвае сённяшнюю сітуацыю ў нашай краіне, нягледзячы на тое, што была напісаная больш за 30 гадоў таму. З любоўю і павагай, дзякую за ўвагу.
З Раством Хрыстовым! Верым, можам, пераможам!
Амінь. Ад Рэдактара. Дзякуй Вам за добрыя словы і за спасылку. Не зважайце на галасы нянавісці. Нянавісць бясплённая, і сыдзе, як вада ў пясок.





