З’явіўся беларускі пераклад кнігі Ігнацыя Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды».
Менавіта ў гэтай кнізе даследчыкі напачатку ХХ ст. знайшлі верш «Заграй, заграй, хлопча малы», аўтарства якога прыпісалі Паўлюку Багрыму.

Майстар Паўлюк Багрым сапраўды выкаваў жырандолю, якую можна пабачыць у Крашыне, а хрэстаматыйны верш напісаў паўстанец-эмігрант Ігнацы Яцкоўскі.

Легенда пра таленавітага паэта, якога за беларускі верш падлеткам забралі ў рэкруты, узнікла таму, што «Аповесць з майго часу…» лічылі мемуарамі, але пераклад кнігі на беларускую мову пераконвае, што гэта мастацкі твор, гэта драма з прыгодніцкімі элементамі. Тут і каханне, і ўцёкі з расейскім гусарам…

«…калі на самым досвітку каляска панства Войскіх пад’язджала да касцёла, ксёндз-пробашч Магнушэўскі ўжо пачаў набажэнства, калі ж ён зацягнуў звычайны ў гэтым выпадку гімн „Тваё, Хрысце, уваскрэсенне!“, тры наладаваныя порахам марціры далі залп на дзядзінцы, і спуджаныя коні панства Войскіх панеслі. Стары Гжэсь, фурман, знянацку не здолеў даць рады, а лямант двух дам у калясцы, выклікаючы яшчэ большае замяшанне, пагаршаў сітуацыю; тут расійскі гусарскі афіцэр, малады і зграбны…» і далей усё як у любоўным рамане.

А здарылася гэта каля касцёла ў Крашыне, і аўтар мае нагоду распавесці пра бунт сялян, які тут колісь адбыўся, пра следства. Так на старонках з’яўляецца і сапраўдны ксёндз Магнушэўскі, і выдуманы ягоны вучань Пётрак, які чытае славуты верш: «Заграй, заграй, хлопча малы».

Легенда пра Паўлюка Багрыма доўгі час засланяла цікавейшую за любую легенду гісторыю пра лёс самога Ігнацыя Яцкоўскага.

36-ці гадовы наваградскі адвакат вясною 1831 году далучыўся да Літоўскага паўстання, потым — 25 гадоў эміграцыі. «Powieść z czasu mojego, czyli Przygody Litewskie» выйшла па-польску ў Лондане ў 1854 годзе, у эмігранцкім асяродку ў друкарні Аляксандра Рыпінскага. Падрабязна пра ўсё гэта ў пасляслоўі да беларускага выдання «Аповесці…», якое называецца «Нялёгкая дарога дадому», піша даследчык Мікола Хаўстовіч. А беларускі пераклад «Аповесці…» з’явіўся ў Варшаве, у канцы 2010 году. Такою самаю, што ў прыжыццёвым выданні, засталася вокладка кнігі, адметнасць яе ў тым, што на ёй няма прозвішча аўтара. Каб адкрыць аўтарства «Аповесці з майго часу…» даследчыкам спатрэбілася 40 гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?