Мінюст ужыў санкцыі да некаторых адвакатаў за дзеянні, звязаныя з падзеямі 19 сьнежня ў Менску. Адвакатцы Валянціне Бусько анулявалі ліцэнзію. Адваката Саннікава Паўла Сапелку прыцягваюць да дысцыплінарнай адказнасці.

Як паведамляе афіцыйны сайт міністэрства, 4 студзеня калегія Мінюста падтрымала рашэнне Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі за 3 студзеня аб ануляванні ліцэнзіі адвакату Гарадзенскай абласной калегіі Валянціне Бусько. Прычына анулявання ліцэнзіі — «парушэнне дзейнага заканадаўства, якое выявілася ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 19 снежня 2010 года, які прывёў да масавых беспарадкаў з нанясеннем шкоды дзяржаўным установам». За ўдзел у акцыі Бусько была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.

Акрамя таго, калегія Мінюста разгледзела дзейнасць асобных адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону асобаў, што ўдзельнічалі ў акцыі 19–20 снежня ў Менску.

У прыватнасці, паводле інфармацыі міністэрства, выяўлена, што адвакат экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава Павал Сапелка

«дапусціў некарэктныя выказванні на адрас адвакатуры як незалежнага прававога інстытута», паставіў пад сумнеў абгрунтаванасць дзеянняў Міністэрства юстыцыі як дзяржаўнага ліцэнзуючага органа, заявіўшы, што гэта «прэсінг з боку дзяржавы на дзейнасць дзяржаўных адвакатаў».

У сувязі з гэтым Мінюст накіраваў на адрас Мінскай гарадской калегіі адвакатаў прадстаўленне аб прыцягненні Сапелкі да дысцыплінарнай адказнасці. Прапануецца таксама разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці яго знаходжання ў складзе прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Паведамляецца таксама, што калегія разгледзела публікацыі, размешчаныя ў друкаваных і электронных СМІ са спасылкай на адвакатаў. Устаноўлена, што адвакаты Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Ірына Бурак (адвакат лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі) і Мар’яна Сямешка (адвакат журналісткі Натальлі Радзінай) з прадстаўнікамі СМІ не размаўлялі і інтэрв'ю не давалі. Па дадзеным факце яны маюць намер накіраваць у СМІ абвяржэнне інфармацыі, размешчанай ад іх імя.

Мінюст накіраваў ліст у Міністэрства інфармацыі «для дачы ацэнкі дзеянням журналістаў і СМІ, якія дапусцілі прадузятую інфармацыю аб дзейнасці праваахоўных органаў ад імя адвакатаў».

«Іншыя адвакаты папярэджаныя пра больш карэктныя выказванні ў СМІ, якія б не давалі падставаў да скажэння рэальных фактаў і атрыманай інфармацыі»,
 — паведамляе сайт Мінюста.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?