Паводле звестак выдання, якое з’яўляецца рупарам структур Еўрасаюза, эксперты, імёны якіх не разгалошваюцца, рэкамэндавалі ЕС увесьці кропкавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх кампаній «Белтэхэкспарт» і «Белзнешпрамсэрвіс», якія афіцыйна ўпаўнаважаныя на экспарт узбраенняў. «Прыбытак ад гэтага, як кажуць, паступае непасрэдна на асабістыя банкаўскія рахункі» высокіх чыноўнікаў рэжыму, — мяркуе EUObserver.

Паводле звестак EUObserver, пасольствы краін ЕС у Мінску рыхтуюць спіс асобаў, якім будзе абмежаваны ўезд у ЕС. Чакаецца, што ён будзе прадстаўлены для разгляду на пасяджэнні камітэта ЕС па палітыцы і бяспецы 7 студзеня ў Брусэлі. Крыніца ў дыпляматычных колах паведаміла выданню, што ў папярэднюю версію спісу ўключана ўжо больш за 100 чалавек. Сярод іх, напэўна, апынецца і Аляксандр Лукашэнка, паведаміў міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт.

Більт таксама адзначыў, што ЕС не абмяжуецца візавымі санкцыямі. «Пытанне эканамічнай дапамогі не ўваходзіць ў парадак дня, прынамсі. у бліжэйшай будучыні», — сказаў ён.

Акрамя таго еўрапейцы скароцяць лік праектаў, што рэалізуюцца пры ўдзеле беларускіх уладаў. У той жа час Еўрасаюз можа павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці. Праўда, канкрэтнага плану, як тое зрабіць не бачыцца, акрамя як захаваць фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні.

На думку шведскага міністра. паслявыбарчая рэакцыя Лукашэнкі мела псіхалагічныя прычыны. Гэта быў адказ на «прыніжэнне» ад таго, што ён не выйграваў першага туру выбараў чэсна.

«Я не думаю, што ў яго ёсць падтрымка Масквы ці што Масква на яго ўплывае, — сказаў Більт. — Думаю, ён павярнуўся спінай да ўсіх. Да Захаду ён павярнуўся спінай дакладна», — сказаў шведскі міністр, які мае вызначальны ўплыў на фармуляванне ўсходняй палітыкі ЕС.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?