Яго падсаджвалі ў розныя камеры, там ён баіў абсалютна розныя гісторыі.

«Навушнік» перамаўляецца праз схаваны мікрафон.За ім кандыдат Рымашэўскі спрабуе спыніць правакатараў.Фота ak-bara.livejournal.com

«Навушнік» перамаўляецца праз схаваны мікрафон.
За ім кандыдат Рымашэўскі спрабуе спыніць правакатараў.
Фота ak-bara.livejournal.com

Дык вось, імя правакатара-«Навушніка», які біў шыбы ў дзвярах Дома ўрада; выдаваў з сябе п’янага і ў групе іншых кідаўся пад колы маршрутак на Кастрычніцкай; перадаваў інфармацыю аб тым, што адбываецца каля Дома ўрада па рацыі камандзірам (і, магчыма, курыраваў групу) — Хамічэнка Уладзімір Мікалаевіч.
Нарадзіўся 18.10.1986, сам са Слуцка. Прынамсі, такія дадзеныя ён паведаміў пра сябе міліцыянтам пры затрыманні.

У судзе Заводскага раёна г. Мінска атрымаў 15 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту 19.12.

Гэта сапраўды быў той самы чалавек, які засвяціўся на мностве фота і відэа, а не проста да яго падобны — тое ж паліто, сумка і г.д.

«Навушнік» знаходзіўся ў камеры № 1 ІЧУ Жодзіна 28 (29?) — 30 снежня. Дзе быў потым — пакуль невядома. У камеры было ўсяго 4 чалавекі.
У мяне ёсць імёны і кантакты гэтых людзей.

Да пераводу ў камеру № 1 «навушнік», з яго ж словаў, сядзеў у іншай агульнай камеры, але адтуль вывезлі ўсіх арыштаваных (куды дакладна — невядома; магчыма, на волю, магчыма, у іншыя камеры або ў СІЗА Жодзіна). Паводле папярэдняй інфармацыі, пасля гэтага

ў ІЧУ прыязджала псіхолаг (прынамсі, яе дзеянні і словы былі падобныя да дзеянняў і словаў псіхолага, але гэта недакладная інфармацыя). Яна праводзіла сустрэчу з «навушнікам», і пасля гэтага яго перавялі ў камеру №1.
Таксама псіхолаг доўга размаўляла з дзяжурным па камерах. Пра тое, што яго будуць пераводзіць у камеру №1, арыштаваным сказалі самі ахоўнікі. Сказалі, што «прывядзем вам цяпер тынкоўшчыка, ён у сваёй камеры пачаў тынкаваць сцены», намякаючы на тое, што ў яго з галавой не ўсё ў парадку.
Што гэта можа быць не звычайны арыштаваны, а нейкі дзіўны персанаж, сукамернікі западозрылі адразу, як той трапіў да іх у камеру.
Канчаткова стала зразумела, што гэты чалавек і ёсць вядомы правакатар-«навушнік», тады, калі адзін з арыштаваных выйшаў з турмы і ўбачыў яго на фота і відэа ў інтэрнэце. Адразу ж звязаўся са мной і паведаміў усё, што памятаў пра кантакты з ім.
У камеры навушнік шмат усяго расказваў, «даставаў усіх сваімі аповедамі».
Казаў, што шмат п’е, расказваў, дзе і з кім ён выпіваў, што і калі рабіў. Казаў, што любіць спорт — футбол, баскетбол («дзе б’юць рукамі і нагамі»).

30 снежня, калі аднаго з сукамернікаў пераводзілі ў СІЗА Жодзіна, «навушнік» заставаўся ў камеры і паведаміў астатнім, што міліцыянты (з пракуратуры) сказалі, што ён да 31.12 дакладна будзе заставацца ў ІЧУ. На руках у «навушніка» бачылі паперу, дзе было адзначана, што яму шыюць крыміналку. Па словах «навушніка», яму сказалі, што дадуць мінімум 5 гадоў арышту, потым што гады 3. Праўда гэта ці не — невядома.

Калі аднаго з сукамернікаў пераводзілі з ІЧУ ў СІЗА Жодзіна, «навушнік» папрасіў пакінуць яму цёплыя рэчы, зубную пасту, сурвэткі і да т.п.

Яго паводзіны ў камеры сведчылі пра тое, што, магчыма, у яго невялікія псіхічныя адхіленні («недалёкі хлопец»). Не выключана, што ён проста шыфраваўся. Асобна адзначу, што

ў сукамернікаў склалася ўражанне, што ён прыдумляе жыццёвыя гісторыі «на хаду».

Сказаў, што яго затрымалі на акцыі. Пра палітыку не казаў, сказаў, што не мае да яе ніякага дачынення, што нікога з кандыдатаў і да т.п. не ведае. Сказаў, што ў Мінску займаўся тым, што рабіў рамонт у цёткі (яна жыве ў цэнтры горада).

Сказаў, што 19 снежня ён шмат піў (піва, потым — з кімсьці ў двары, потым — віно з печывам). Віна выпіў пасля таго, як убачыў, што на Кастрычніцкай пачынаецца мітынг (пайшоў «падзарадзіцца» віном). Потым, па яго словах, пайшоў разам з усімі па праспекце да Дома ўрада.

Размову пра пабітыя шыбы ў Доме ўрада ён пачаў сам, ніхто ў яго пра іх не пытаўся.
Сказаў, што проста падышоў да дзвярэй і выбіў кавалак шкла, якое ўжо і так было выбітае. Казаў, што праз шкло ўбачыў чаравікі, і толькі пасля гэтага зразумеў, што там сядзяць спецназаўцы.

У судзе Заводскага раёна г. Мінска міліцыянты, людзі і суддзя казалі яму, што бачылі па тэлевізары, што ён «зорка». «Навушнік» гэтым вельмі ганарыўся і казаў сукамернікам, што хоча прызнання. Казаў, што сядзець яму не страшна, бо ўжо адседзеў тры месяцы ў турме ў Беларусі (па яго словах, выйшаў з турмы 12.06.2010) і раней адбываў тэрмін у маскоўскай Бутырцы. Ці праўда гэта — невядома.

Таксама

з іншай — пакуль неправеранай — крыніцы паступіла інфармацыя, што «навушніка» бачылі і на Акрэсьціна (пацвердзіць).
Паведамілі, што ў яго ў той момант была парэзаная рука.

Як ужо пісала раней, «навушніка» сапраўды затрымалі на пл. Незалежнасці. Як сведчыць Віталь Гуляк (сябар АГП з Ваўкавыска), ён убачыў «навушніка» ў сваім аўтазаку, а потым у РУУС. Той ствараў уражанне чалавека з невялікімі псіхічнымі адхіленнямі, але хітрага. Хваліўся, што ў 2006 годзе разам з Казуліным хадзіў да Акрэсціна і што добра ведае Севярынца (параўнайце з тым, што ён казаў у ІЧУ Жодзіна — што нікога не ведае, палітыкай не цікавіцца). Гуляк таксама сказаў, што ў судзе Заводскага раёна яго не бачыў.

У той жа час

рэпарцёрам «Нашай Нівы» «навушнік» на Плошчы казаў, што ён беларус, але жыве ў Смаленску. Вёў ён сябе пры гэтым правакацыйна.

Пакуль няясна, ці гаворка ідзе аб правакатару, ці аб маніпуляваным чалавеку. Некаторыя блогеры, што вядуць расследаванне падзей, вылучаюць версію аб наборы ў правакатары крымінальнікаў ці дваровай шпаны, якая знаходзяцца на кручку ў спецслужбаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?