Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» асудзіла ўзмацненне рэпрэсій супраць беларускіх журналістаў.

У заяве гаворыцца пра ператрусы, якія правёў КДБ у рэдакцыях газеты «Наша Ніва», тэлеканала «Белсат» і «Еўрарадыё», а таксама ў журналістаў. У выніку былі канфіскаваныя камп’ютары, дыктафоны, фота- і відэакамеры. Разам з тым офіс «Белсата» аказаўся пустым, паколькі супрацоўнікі загадзя «перавезлі абсталяванне ў іншае месца».

«Рэпарцёры без межаў» зазначаюць, што 28 снежня прайшоў вобыск у кватэры рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай, якая знаходзіцца пад арыштам. Па-ранейшаму ў турме знаходзіцца карэспандэнт расійскай «Новой газеты» Ірына Халіп. Ім пагражае ад 3 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

«Гэтыя рэйды і праведзенае раней затрыманне прыкладна 30 журналістаў даюць падставы меркаваць, што ўрад прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі спрабуе перакрыць усе каналы сувязі і спыніць усе віды крытыкі», — гаворыцца ў заяве.

«Рэпарцёры без межаў» заклікаюць урады краін — членаў ЕС і Расіі, а таксама міжнародныя арганізацыі «жорстка адрэагаваць», каб «прадухіліць яшчэ большыя рэпрэсіі Лукашэнкі ў адносінах да СМІ».

22 снежня журналісты-праваабаронцы выступілі з заявай, у якой запатрабавалі вызваліць затрыманых у Мінску супрацоўнікаў СМІ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?