«Будзеце мець бледны выгляд і рэдкія зубы», — патэлефанаваў сёння незнаёмы на хатні нумар відэааператаркі «НН» Таццяны Гаўрыльчык.
Тацяне Гаўрыльчык даводзілася працаваць у розных умовах, але з КДБ і пагрозамі фізічнай расправы яна сутыкнулася ўпершыню.
Кампанія па цкаванні незалежных журналістаў набірае абароты. Сёння, 3 студзеня, у 17.26 на хатні нумар відэааператаркі «НН» Таццяны Гаўрыльчык патэлефанаваў незнаёмы, які два разы паўтарыў ёй: «Будете иметь бледный вид и редкие зубы».
Нагадаем, што падчас пратэстаў 19 снежня Таццяна Гаўрыльчык здымала на відэа акцыю пратэсту, робячы гэта на цалкам законных падставах — як штатная журналістка афіцыйна зарэгістраванага выдання. Праз тыдзень пасля гэтага прайшоў шэраг ператрусаў у рэдакцыях незалежных СМІ (уключна з «Нашай Нівай») і кватэрах журналістаў. КДБ шукала найперш фота- і відэаматэрыялы, якія могуць з’яўляцца доказамі ў заведзеных крымінальных справах аб масавых беспарадках у Мінску і аб эпізодзе з зрываннем дзяржаўнага сцяга з будынка КДБ.
31 снежня — у дзень перад Новым годам — чатыры супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на кватэры ў Таццяны Гаўрыльчык, сканфіскавалі камп’ютар і відэакамеру. Падчас ператрусу кадэбісты вусна прапанавалі Таццяне прыехаць да іх на гутарку 3 студзеня.3 студзеня Таццяне патэлефанавалі, яшчэ раз прапанаваўшы з’явіцца на гутарку ў КДБ, а
Супрацоўнік КДБ намякнуў на тое, што ў тым выпадку, калі Таццяна пагодзіцца на размову без адваката, яна — і ўся Рэдакцыя «Нашай Нівы» — у больш хуткі тэрмін атрымае назад сваё абсталяванне (мяркуючы па ўсім, мелася на ўвазе відэакамера і камп'ютары). Тым не менш, Таццяна размаўляць без адваката адмовілася.
Увечары гэтага ж дня, прыкладна праз дзве гадзіны пасля таго, як КДБ адмовілася правесці размову з Таццянай у прысутнасці адваката, яна атрымала ананімнае тэлефанаванне з пагрозамі.
Званок быў на хатні тэлефон Т.Гаўрыльчык, а 17.25.
Невядомы паўтарыў пагрозу двойчы, пасля чаго журналістка кінула слухаўку. Тэлефанаванне не паўтаралася.
Афіцыйная скарга ў міліцыю на факт пагрозаў журналістцы «НН» будзе скіраваная неадкладна.





