Улады няўклюдна спрабуюць апраўдацца перад грамадствам за збіццё кандыдатаў у прэзідэнты.

Не, вядома, ніхто не каецца, што гэтаму «адшчапенцу», як элегантна выказаўся Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі, «па мордзе далі». Але відавочна, што нават у цяперашнім беларускім грамадстве такія метады «навядзення парадку» абсалютнай большасцю не вітаюцца.

Таму цяпер прапагандысцкі апарат заклапаціўся пра тое, як перакласці адказнасць за пабітую галаву на здаровую. Першай ластаўкай, мяркуючы па ўсім, стаў артыкул у «Беларускай ваеннай газеце» пад загалоўкам «Някляеўшчына: рытуальная ахвярнасць адмяняецца».

Аўтар В. Максімаў піша: «Досвед усіх «каляровых» рэвалюцый паказаў, што іх мірны характар з’яўляецца хлуснёй. Негвалтоўныя дзеянні ствараюць агульны фон і на першай стадыі выклікаюць сімпатыі насельніцтва і прыцягваюць масавых удзельнікаў. Але ўжо на папярэднім этапе падрыхтоўкі рэвалюцыі ствараецца «цвёрдая» ваенізаваная група, а «выбух народнага гневу» не проста прадугледжаны ў сцэнары спектакля, ён у ім неабходны як рытуал, як кульмінацыя «свята прыгнечаных». Вось тады рэвалюцыя адбылася.

Але як задаволіць выбух народнага гневу? Самы надзейны спосаб — гэта рытуальныя ахвяры…»

Такой ахвярай, паводле версіі друкаванага органа міністэрства абароны, павінен быў стаць лідар кампаніі «Гавары праўду!». Таму выданне лічыць, што «самае бяспечнае месца сёння для спадара Някляева — следчы ізалятар».

І, нарэшце, самы «выбітны» фрагмент артыкула:

«Дарэчы, на Някляева сапраўды напалі, але не АМАП і не прадстаўнікі іншых праваахоўных органаў, а яго былыя прыхільнікі (пра што падрабязна будзе выкладзена ў наступных публікацыях на гэтую тэму)».

Во як! Выяўляецца, ні пры чым нашыя доблесныя вартаўнікі закона! Гэта ўсё апазіцыянеры паміж сабой адносіны высвятлялі…

Цяпер робіцца зразумелым, чаму Андрэю Дзмітрыеву, былому кіраўніку штаба Уладзіміра Някляева, «ненавязліва прапанавалі» зачытаць перад тэлекамерай тэкст, у якім віна за тое, што адбылося на вуліцы Няміга, ускладалася на нейкіх п’яных малойчыкаў, а супрацоўнікі міліцыі толькі ратавалі апазіцыянераў ад нападнікаў. Версія, выкладзеная ў «Беларускай ваеннай газеце», хутчэй за ўсё была падрыхтаваная аўтарамі сцэнару яшчэ да таго, як экс-кандыдат у прэзідэнты быў збіты. Ну ці прыдуманая спехам пасля здарэння.

Цяпер успомнім, як развіваліся падзеі насамрэч. Вось што расказаў «Народнай волі» дырэктар інфармацыйных праграм расійскага Першага канала Антон Вярніцкі:

«З чорнага мікрааўтобуса з таніраваным шклом выскачылі людзі ў чорным, без галаўных убораў. У іх руках зброі я не ўбачыў, але ў гэты ж час у хвасце калоны пачуліся два выбухі. І ўсе, хто стаяў ля машыны ДАІ, тут жа павярнуліся на гэтыя выбухі. Людзі ў чорным моўчкі пачалі іх усіх збіваць, а потым закрычалі: «Усім легчы тварам у снег». Я таксама прылёг, але ў мяне ў руках быў мікрафон Першага канала, і я пачаў крычаць: «Я журналіст Першага канала, я журналіст Першага канала». Мой аператар таксама крычаў: «Я Першы канал, я Першы канал». Мабыць, гэта збіла іх з панталыку, яны вырашылі, што мы з нейкага Першага беларускага канала. І яны схапілі аператара за шкірку і павалаклі ў свой мікрааўтобус, з крыкам: «Гэта нашы, гэта нашы». Аператар, паказваючы на мяне, крычаў «Ён са мной», і мяне, мякка так падштурхоўваючы, таксама папрасілі прайсці ў іх мікрааўтобус. Не білі, проста злёгку падштурхоўвалі, каб я ішоў хутчэй. І мы стаялі каля аўтобуса.

Моманту збіцця Някляева я не бачыў, але бачыў, як з мікрааўтобуса, на якім прыбылі людзі ў чорным, выскачыў чалавек і кінуў убок дзве шумавыя гранаты. Дзве такіх бочачкі, як бляшанкі тушонкі. Я яшчэ падумаў, што трэба будзе потым зняць гэтыя гранаты. Але ён адразу ж кінуўся іх падбіраць. У гэты ж час чатыры чалавекі выцягнулі з някляеўскага мікрааўтобуса два белых генератары і перагрузілі іх у чорны мікрааўтобус. Не той, ля якога стаяў я, а ў іншы — у іх было два мікрааўтобусы.

Я выразна бачыў, як перагрузілі два генератары. Дзейнічалі яны вельмі хутка, і як толькі генератары перанеслі, я пачуў іх пазыўныя: «Бекас (або бекап), адыходзім. З намі два журналісты». Ніякай выбухоўкі я не бачыў. Наогул, акрамя гэтых генератараў, людзі ў чорным з някляеўскага аўтобуса нічога не даставалі. А забраўшы тэхніку, хутка збеглі, запхнуўшы нас з аператарам у мікрааўтобус.

Як толькі ад’ехалі, старэйшы, які сядзеў на пярэднім сядзенні, побач з кіроўцам, па рацыі некаму перадаў: «З намі два журналісты. Наш канал». У яго пытаюць: «Адкуль? АНТ? БТ?». Ён, у сваю чаргу, звярнуўся да нас з пытаннем: «Вы чые?». Мы з аператарам разам адказалі: «Першы канал». Па рацыі яму скамандавалі: «Правер у іх дакументы». Мы перадалі пасведчанні, пашпарты. «А чаму ў вас пашпарты расійскія?» — здзівіўся ён. — «Дык мы ж з Расіі, з Першага канала». І па рацыі тут жа гучыць загад «Выкіньце іх на х… на снег». Але нас, праўда, культурна высадзілі з мікрааўтобуса і аддалі дакументы, заўважыўшы: «Не з тымі, хлопцы, працуеце», — на што мы адказалі: «А вы вельмі прафесійна працуеце». І яны моўчкі з’ехалі».

Гэта ўсё таксама экс-аднадумцы Някляева рабілі? Аднак у іх тут цэлая ўзброеная групоўка…

Абсурднасць версіі аб тым, што экс-кандыдата ў прэзідэнты збілі яго ж былыя прыхільнікі, відавочная. Але, на думку некаторых спецыялістаў у галіне прапаганды, хлусня павінная быць жахлівай, каб у яе паверылі.

Аб прафесійным узроўні В.Максімава можна меркаваць хаця б па тым, што прозвішча сусветна вядомага навукоўца Альберта Эйнштэйна ён упарта піша «Энштэйн». Але гэта яшчэ паўбяды. Аўтар не надта сябруе з фактамі нават у другарадных пытаннях.
Вось яшчэ адна цытата з артыкула:

«Калі гавораць аб магчымасцях публічнай дыскусіі з уладай, у якасці прыкладу нярэдка прыводзяць Швейцарыю. Гэты палітычны рэжым характарызуюць як важкі аргумент на карысць сапраўднай дэмакратыі. Але пры гэтым сарамліва маўчаць аб тым, што жаночая палова насельніцтва дадзенай краіны ўсё яшчэ не дапушчаная да агульнанацыянальных выбараў. Так што спадарам крытыкам беларускай палітычнай сістэмы і аўтарам антыбеларускіх рэзалюцый трэба было б вучыцца дэмакратыі менавіта ў нашай краіны».

Насамрэч жанчыны ў Швейцарыі атрымалі выбарчае права на агульнанацыянальным узроўні яшчэ ў 1971 годзе. А вось у нашай краіне яно з пэўнага часу зрабілася чыста фармальным: і для жанчын, і для мужчын. А тыя, хто спрабуе змагацца з такім становішчам, атрымліваюць дубінкай па галаве…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?