Сёння святкуе 65-годдзе арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, які з верасня 2007 г. кіруе каталіцкай царквой у Беларусі.

З гэтай нагоды ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску, а 18.30 распачнецца ўрачыстая імша. Архіпастыра павіншуюць святары, вернікі, прадстаўнікі ўлады.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 у вёсцы Адэльск непадалёк ад Гродна ў сям’і Ігната і Ганны Кандрусевічаў.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1962 Т.Кандрусевіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педінстытута, адкуль праз год павінен быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў тым, што ён рэгулярна наведвае касцёл і ўдзельнічае ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродне, у 1964 паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1970 з дыпломам інжынера-механіка па спецыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі».

Працаваў інжынерам на Віленскім заводзе шліфавальных станкоў: напачатку ў зборачным цэху, потым — у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходку «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

У 1976 паступіў у Духоўную семінарыю ў Коўне, якую скончыў у 1981 і 31 мая таго ж года прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса.

У 1981–1988 працаваў вікарыем у віленскіх касцёлах. 13 лютага 1988 быў прызначаны пробашчам гродзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай (былы францішканскі касцёл) і св. Францішка Ксавэрыя (катэдра). У 1988 у Каунасе абараніў дысертацыю на тэму «Паглыбленне вучэння пра Касцёл у працах ІІ Ватыканскага Сабору і ў яго дакументах» і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

25 ліпеня 1989 Ян Павел ІІ прызначыў кс. Тадэвуша Кандрусевіча тытулярным біскупам Гіпона-Дзарыцкім і Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, а таксама прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі, з поспехам працягнутую яго наступнікам кардыналам Казімірам Свёнткам.

13 красавіка 1991 Тадэвуш Кандрусевіч быў менаваны арцыбіскупам і прызначаны Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі.

21 верасня 2007 Бенедыкт XVI менаваў Тадэвуша Кандрусевіча арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, перавёўшы яго з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да найшчырэйшых віншаванняў. Многая лета!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?