Еўрапейскі парламент 12 студзеня правядзе пазачарговае пасяджэнне па сітуацыі ў Беларусі.

«Важна, каб пасля ўчыненага ў Беларусі насілля мы працягнулі аказваць націск на ўрад Лукашэнкі на самым высокім узроўні», — цытуе старшыню Еўрапарламента Ежы Бузека прэс-служба гэтай еўраструктуры.

Паводле слоў Бузека, Еўрапарламент разгледзіць правядзенне і наступствы прэзідэнцкіх выбараў, у тым ліку празмернае і непрапарцыйнае прымяненне сілы беларускімі ўладамі, збіванне і затрыманне апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, насілле ў дачыненні да журналістаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці. «Таксама мы абмяркуем магчымасць далейшых рэакцый з боку Еўрасаюза», — адзначыў Бузек.

Пытанне аб магчымых санкцыях у дачыненні да Беларусі будзе ўключана ў парадак дня пасяджэння, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Еўрапарламента.

Рашэнне правесці пазачарговае сумеснае пасяджэнне па сітуацыі ў Беларусі было прынята паводле вынікаў кансультацый Бузека з кіраўнікамі шэрагу парламенцкіх камітэтаў і дэлегацый. У пасяджэнні возьмуць удзел прадстаўнікі камітэта Еўрапарламента па замежных справах, падкамітэта па правах чалавека, дэлегацый Еўрапарламента па сувязях з Еўранестам і Беларуссю.

Акрамя таго, Еўрапарламент плануе запрасіць на пасяджэнне шэраг лідараў беларускай апазіцыі.

Бузек заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітычных зняволеных і спыніць насілле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?