Праца нямецкага гісторыка Марка Бартушкі «Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941- 1944» упершыню была апублікаваная яшчэ ў 2008 годзе. Цяпер выйшла і па-беларуску.

Цікавасць да публікацыі выклікае нават разгромная прадмова, напісаная вядомым даследчыкам беларускага нацыянальнага руху, гарадзенскім гісторыкам Алесем Смалянчуком.

Спадар Смалянчук практычна ў кожным раздзеле знайшоў процьму супярэчнасцяў і недакладнасцяў. А асноўнай памылкай нямецкага гісторыка назваў ігнараванне даследванняў сваіх беларускіх папярэднікаў — Юрыя Туронка і Яўгена Мірановіча.

Разам з тым, «Партызанская вайна ў Беларусі» заснаваная на такіх крыніцах (у першую чаргу, нямецкіх), да якіх беларускія гісторыкі яшчэ не хутка дабяруцца. У дадатак да гэтага — лёгкі, амаль публіцыстычны стыль, уласцівы заходнім гісторыкам ды маса ілюстрацый.

Кніга будзе цікавай аматарам самых разнастайных версій найноўшай беларускай гісторыі. Тут знойдзеце раздзелы, прысвечаныя калабарантам, нямецкаму тэрору ў Беларусі, савецкаму партызанскаму руху, польскаму нацыянальнаму супраціву на беларускіх землях, беларускім нацыянальным праблемам часоў Другой сусветнай, а таксама украінскаму і габрэйскаму рухам у Беларусі часоў нямецкай акупацыі.

Добры і зусім не дарагі падарунак сабе. Пытайцеся ў незалежных распаўсюднікаў.

Бартушка, Марк, Партызанская вайна ў Беларусі ў 1941 — 1944 гг, — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2011. — 188 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?