Беларускі свабодны тэатр і брытанская праваабарончая арганізацыя Index on Censorship апублікавалі на інтэрнэт-старонцы zoneofsilence.org петыцыю, адрасаваную наступнаму прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, з заклікам паважаць асноўныя правы чалавека і скасаваць рэпрэсіўныя законы, якія іх парушаюць.

Петыцыю падпісалі былы прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавал, дырэктары брытанскіх тэатраў Almeida Майкл Атэнбора, Young Vic — Дэвід Лан, Royal Court — Дамінік Кук, Нацыянальнага тэатра — Нікалас Хютнер; акторы сэр Ен Макелен (выканаўца ролі Гэндальфа ва "Уладары пярсцёнкаў") і Джэрэмі Айранс, Эма Томпсан, Джуд Лоў і Сiена Мілер, Сэм Уэст і Майкл Шын; драматургі сэр Том Стопард і Аляксандра Вуд, Майкл Фрэйн і Лора Уэйд...

Не засталіся ўбаку і музыкі: сярод падпісантаў — лідар групы Pet Shop Boys Ніл Тэнант і ўладальнік «Оскара» за музыку да фільма «Жыццё прыўкраснае» італьянскі кампазітар Нікало П’явані. Сярод людзей мастацтва, якія паставілі свой подпіс пад петыцыяй, можна ўбачыць і імёны вядомых дзеячаў кіно — уладальніка «Залатога глобуса» кінарэжысёра Стывена Долдры або прадусара ўсіх фільмаў эпапеі «Гары Потэр» Дэвіда Хеймана. Алан Рыкман, які сыграў у іх прафесара Снэйпа, таксама паставіў свой подпіс.

Таксама пад петыцыяй падпісаліся рэжысёры Стывен Спілберг і Пол Грынграс, а таксама зорка «Сэксу ў вялікім горадзе» Кім Кэтрал.

Глабальная артыстычная кампанія салідарнасці з Беларуссю была распачатая Беларускім свабодным тэатрам у 2007 годзе,
калі брытанскі драматург Том Стопард, прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавал і лідар гурта The Rolling Stones Мік Джагер звярнуліся да беларусаў са сваімі відэазваротамі, падтрымаўшы іх на шляху да свабоды. За тры гады кампанію салідарнасці падтрымалі сотні творчых асобаў у дзясятках краін свету.

Ніжэй прыводзіцца тэкст петыцыі:

«Беларусь — адна з самых несвабодных краінаў. У Беларусі, што стаіць ніжэй за Іран па ўзроўні свабоды прэсы, ніжэй за Зімбабвэ па ўзроўні захавання правоў чалавека,
зніклі без вестак ці памерлі пры загадкавых абставінах апазіцыйныя лідары, а моладзевыя актывісты церпяць пастаянны ціск за сваю дзейнасць. Дзясяткам тысяч жыхароў Беларусі адмоўлена ў праве выезду з краіны. Еўрапейскія лідары, такія як Сільвіа Берлусконі, і бізнэсоўцы, якія вядуць справы з беларускім рэжымам, закрываюць вочы на злоўжыванні ўладаў, кіруючыся толькі сваімі фінансавымі інтарэсамі. Грамадскія дзеячы і праваабаронцы, незалежныя журналісты і дзеячы мастацтва разам з усёй прагрэсіўнай Беларуссю цягам доўгага часу выступалі супраць жорсткай цэнзуры і рэпрэсій, скіраваных на падаўленне асноўных свабодаў грамадзян і базавае права чалавека на свабоду выказвання.

Мы, ніжэйпадпісаныя, упэўненыя, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі — гэта ганьба Еўропы.

Беручы пад увагу выбары, якія пройдуць у Беларусі 19 снежня, мы заклікаем наступнага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паважаць асноўныя правы чалавека і скасаваць рэпрэсіўныя законы, якія іх парушаюць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?