Да 2012 года золатавалютныя рэзервы Беларусі павінны скласці не менш як 9–10 млрд. долараў ЗША, а да канца 2015 года — не менш як 12 млрд., паведаміў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч.

Паводле яго слоў, на 1 снежня 2010 года ЗВР у нацыянальным вымярэнні складалі 6,788 млрд. долараў супраць 1,599 млрд. долараў на 1 студзеня 2006 года. Такім чынам, адзначыў Пракаповіч, за пяць гадоў ЗВР павялічыліся больш чым у чатыры разы. Па стандартах МВФ золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 снежня 2010 года склалі 5,705 млрд. долараў.

66% ЗВР складае замежная валюта, 25% — каштоўныя металы, з іх 23% — залаты запас, адзначыў кіраўнік Нацбанка.

Паводле інфармацыі Пракаповіча, была пастаўлена задача, каб да 1 студзеня 2011 года залаты запас краіны дасягнуў 30 тон. На 1 снежня 2010 года ён ужо складаў 30,5 тоны. Беларусь займае 46-е месца ў свеце па залатым запасе, а сярод краін СНД — на трэцім месцы пасля Расіі і Казахстана, адзначыў ён.

Акрамя таго, да 1 студзеня 2011 года неабходна назапасіць каштоўных камянёў на суму 50 млн. долараў. На 1 снежня іх было назапашана на 49,2 млн. долараў.

Пракаповіч адзначыў, што ўсе лічбы і планы па развіцці фінансавай і банкаўскай сістэмы вызначаны на IV Усебеларускім народным сходзе.

«Мы адпрацоўваем праграму развіцця банкаўскай сістэмы на 2011–2015 гады. Сітуацыя палепшылася. Акрамя таго, кіраўніком дзяржавы падпісаныя пагадненні аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы, што дазволіць у наступным годзе ў два разы паменшыць адмоўнае сальда ў гандлі, а да 2013 года павінны выйсці на станоўчае», — сказаў Пракаповіч.

Паводле яго меркавання, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011–2015 гады будзе спрыяць стварэнню ўмоў для прыцягнення замежных інвестыцый.

Пракаповіч таксама чакае, што з наступнага тыдня будзе назірацца памяншэнне адмоўнага сальда на рынку наяўнай валюты.

Паводле яго слоў, перад навагоднімі святамі прадпрымальнікі набываюць валюту для закупак за мяжой. «Спадзяёмся, што пачынаючы з чысла 22-23-га пачнецца станоўчая дынаміка і насельніцтва будзе больш прадаваць, чым купляць», — сказаў кіраўнік Нацбанка. Ён падкрэсліў, што абменныя пункты і банкі не адчуваюць недахопу ў валюце.

17 снежня, за два дні да прэзідэнцкіх выбараў, Пётр Пракаповіч і Аляксандр Лукашэнка наведваюць галоўнае сховішча Нацыянальнага банка. Аналагічнае мерапрыемства прайшло за тры дні да папярэдніх выбараў прэзідэнта, 16 сакавіка 2006 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?