Відэа football.ua

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка не адчувае вялікага расчаравання буйным паражэннем 1:4 (першы тайм — 0:2) ад кіеўскага «Дынама» ў пятым туры групавога этапу Лігі Еўропы.

«Першае, што хочацца сказаць, гэта дзякуй работнікам стадыёна, якія падрыхтавалі ў такую суровую пару і поле, і стадыён. І дзякуй тым балельшчыкам нешматлікім, якія прыйшлі нас падтрымаць», — такімі словамі пачаў Ганчарэнка пасляматчавую прэс-канферэнцыю..

«Так, мы прайгралі, але ў мяне нейкага вялікага расчаравання няма, бо мы ўсё-такі выканалі ўсе задачы ў гэтым сезоне, а адзін канкрэтна ўзяты матч, вядома, згулялі мы дрэнна, а «Дынама» згуляла добра, — сказаў Ганчарэнка. — Калі я пасля гульні на кубак з брэсцкім «Дынама» крытычныя стрэлы кідаў у адрас каманды, то зараз не магу папракнуць яе ў чымсьці,

бо насамрэч у нас настолькі шчыльны каляндар, не паспяваем дух пераводзіць, а тут яшчэ даводзіцца гуляць зімой, і нам вельмі цяжка».

Трэнер падкрэсліў, што гэта не з’яўляецца апраўданнем няўдачы. «Выпала ў нас некалькі пазіцый па ходзе гульні, таму было нам цяжка, але ў цэлым вялікіх прэтэнзій да хлопцаў не маю. Больш таго, павінен сказаць ім вялікі дзякуй за такі сезон», — заявіў ён.

Адказваючы на пытанне, чаму адзін з вядучых гульцоў Рэнан Брэсан выйшаў на поле толькі ў другім тайме, Ганчарэнка фактычна прызнаў, што гэта было памылкай: «Зараз лёгка разважаць, ці можна было Брэсана выпусціць з першых хвілін. У другім тайме гульня крыху раскрылася, і Брэсану ў такой сітуацыі лягчэй. Нам даводзіцца прымаць рашэнні да гульні, і яны іншы раз бываюць памылковымі».

Паводле слоў Ганчарэнкі, «Дынама» яго не здзівіла. «Я думаю, мы дастаткова добра вывучылі адзін аднаго. Можа быць, гэта хваляванне стартавае, стомленасць наша адбілася.

«Дынама» хутчэй прыстасавалася да газона», — зазначыў ён.

Трэнер прызнаў, што гульцы нямала дазволілі на полі Арцёму Мілеўскаму, даўшы «шмат прасторы і часу на роздумы, ён нападаючы добрага ўзроўню і гэтым адразу ж карыстаецца».

В.а. галоўнага трэнера «Дынама» Алег Лужны выказаў удзячнасць балельшчыкам клуба, якія прыехалі ў Мінск «у такое надвор’е», і «ўсім гульцам, якія поўнасцю выканалі ўстаноўку, якія аддалі ўсе сілы і майстэрства, каб выйграць гэты адказны матч».

«Лік сам за сябе скажа»,

— заявіў Лужны, адказваючы на пытанне, ці адлюстроўвае вынік матчу розніцу ў класе «Дынама» і БАТЭ.

«У такое надвор’е было цяжка гуляць двум камандам, але мы ўсё выканалі, пра што дамаўляліся з Алегам Раманавічам, лічу, заслужана, перазаслужана перамаглі», — зазначыў пасля гульні аўтар чацвёртага мяча кіяўлян, ураджэнец Беларусі Арцём Мілеўскі.

Рэзкі выпад у адрас гаспадароў зрабіў паўабаронца Алег Гусеў, які рэалізаваў пенальці і павялічыў лік да 3:0.

«Хацелася проста даказаць гэтай камандзе, што мы яе абыграем на снезе, у пустыні, на пляжы і дзе толькі можна.

Мы павінны былі яшчэ ў Кіеве іх ставіць на месца. У першым тайме калі б забілі ўсе моманты, якія ў нас былі.

Але мы даказалі, што гэта дваровая каманда. Толькі футбалісты піўзавода могуць да гульні выказвацца так, а на футбольным полі адбылося зусім па-іншаму.

Хлопцы зараз вельмі задаволены. Не тое, што мы выйшлі датэрмінова з групы, а што абыгралі гэтую каманду, якая так незаслужана выказвалася пра кіеўскае «Дынама».

Каб заняць першае месца ў групе Е і мець перавагу пры лёсаванні 1/16 фіналу, у заключным туры 15 снежня барысаўчанам неабходна абыгрываць у Галандыі АЗ і разлічваць на страту кіяўлянамі ачкоў у дамашнім матчы з малдаўскім «Шэрыфам».

«Улічваючы нашу філасофію і псіхалогію, нам хочацца быць на першым месцы, як і кіеўскаму «Дынама». Мы будзем імкнуцца. Усякае магчыма», — зазначыў Віктар Ганчарэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?