Выступ лідара кампаніі «Гавары праўду» Уладзіміра Някляева быў самым тэатральным сярод усіх кандыдатаў.

Кандыдат не сядзеў, а стаяў на фоне плаката «За Някляева». У яго была актыўная міміка і жэстыкуляцыя. Часам гэта нагадвала не прамову прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта, а выступ публіцыста, ды нават шоу артыста.

Былі шматлікія пераходы з беларускай на расійскую і наадварот. Часам Някляеў зазіраў у падрыхтаваныя загадзя паперы, але асабліва не злоўжываў.

Някляеў адразу сказаў, што ён не гаварун, які гатовы выступаць суткамі. «Сёння адно, а заўтра — іншае». Для прэзідэнта найважнейшая задача — умець слухаць.

Някляеў чарговы раз адказаў тым нядобразычліўцам, якія лічаць, што паэту не месца ў крэсле прэзідэнта. «З паэта прэзідэнт можа выйсці не горшы, чым з дырэктара саўгаса».
Як прыклад, прывёў чэшскага прэзідэнта Вацлава Гавэла.

Тры прынцыпы, якімі кіруецца кандыдат Някляеў гэта: 1) прыстойнасць, 2) здаровы сэнс, 3) павага да людзей.

Ён спыніўся на працы, што ўжо зрабіла кампанія «Гавары праўду» апошнім часам. Гэта і паштоўкі, што распаўсюджвалі між людзей, і сабраныя подпісы за вуліцу Васіля Быкава. «але ў адказ мы атрымалі дулю».

Пра чыноўнікаў: «Іх венікам — кыш. І сядзіш як мыш».

Асобны раздзел прамовы быў прысвечаны вылучэнню на Усебеларускі сход. За вылучэнне Някляева сабралі 27 тысяч подпісаў, але гэта ўсё адно мала.

Як альтэрнатыву ён прапанаваў правесці свой сход — 6 снежня а 18:00 на Прываказальнай плошчы ў Мінску.

Узгадаў, што і сам ледзь не трапіў за краты, калі ператрусы праходзілі ў актывістаў кампаніі.

Народным заступнікам падаваў сябе Някляеў у гісторыі з трубамі ў гарадку Дымкі пад Барысавам. Праўда, двойчы паблытаў націск у гэтай назве.

Спыніўся на Някляеў і на чутках, што ён фінансуецца за расійскія грошы. «У Лукашэнкі няма ніякіх доказаў гэтаму. А ў мяне фактаў шмат, што ён клянчыў грошы ў Расіі», — зазначыў кандыдат. Някляеў пераконваў, што будзе імкнуцца будаваць дачыненні з Расіяй лепш, чым Лукашэнка.

Вялікая частка прамова была прысвечаная вёсцы, як вывесці сельскую гаспадарку з крызісу.

Пенсіянераў супакоіў, што нічога яны не згубяць у выпадку перамогі Някляева — пенсіі будуць павышацца. «Не ён нас корміць, адзявае, а мы яго», — сказаў кандыдат.

Што да эканамічнай праграмы, то сказаў, што трэба развіваць малы і сярэдні бізнес. Другім момантам ён назваў увядзенне «лідарскай гаспадаркі». Пад гэтым тэрмінам, здаецца, хаваўся рэверанс на адрас дырэктарату і абяцанне росту ягонай вагі. «Лукашэнка баіцца багатых людзей», — сказаў Някляеў.

Някляеў запэўніў, што ў выпадку ягонага абрання вяртання да дыктатуры не будзе. Намаляваў карціну, калі Лукашэнка на Новы год вяртаецца да сваёй жонкі і падымае бакал за новага прэзідэнта. А Някляеў з тэлеэкрана падзякую Лукашэнку за незалежнасць, захаванне сацыяльнай гарантый і эканомікі.

У канцы прамовы Някляеў заклікаў не хадзіць на датэрміновае галасаванне, затое прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня а 20-й гадзіне.

Выступ жа скончыўся вершам і лагоднай усмешкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?