Сяргей Ханжанкоў адседзеў дзесяць гадоў у лагеры за спробу ўзарваць мінскую «радыёглушылку».

Ён — антысаветчык у трэцім пакаленні. І ўжо школьнікам ведаў, што будзе змагацца з савецкай уладай. Ён не быў беларускім нацыяналістам, бо паходзіў з сям’і расейцаў. Але яго прыгнятала тое, што жыццё ўсяляк абмяжоўваецца.

Спадар Сяргей нарадзіўся ў 1942 г. на Калыме, дзе яго бацька адбываў пакаранне. Камсамольца Мікалая Ханжанкова арыштавалі ў 1935 г. па «кіраўскім патоку» (высылка каля 100 тысяч чалавек у лагеры ў сувязі з забойствам Сяргея Кірава). Дзед па маці належаў да эсэраў. І бальшавікам супрацьстаяў да самага арышту. У 1929 г. яго адправілі на тры гады на Салаўкі. А ў 1937-м яго зноў забралі, і больш дадому ён не вярнуўся.

«Маё дзяцінства праходзіла ў асяродку лагераў.

Мне не трэба было нічога расказваць — я сам усё бачыў.

У сям’і я рана пачаў прыслухоўвацца да таго, аб чым гаварылі бацькі. Гэта не было нейкім пратэстам — крытычныя адносіны да ўлады. Ад іх я засвоіў, што можа быць і другі пункт гледжання на жыццё, адрозны ад пануючага». Ён кажа, што на Калыме бачыў толькі ўсеагульны страх. Ніякіх размоў аб рэпрэсіях не чуў. Узгадвае толькі смерць Сталіна: адны плакалі, іншыя — не. Гэта для яго стала ўскосным сведчаннем неадназначных адносінаў людзей да той улады.

Да 1955-га сям’я Ханжанковых жыла ў Магадане. Як вырашылі з’язджаць адтуль, выбралі сталіцу Беларусі. «У Мінску я пайшоў у сёмы клас.

У гэты час я быў сфарміраваным антысаветчыкам. Ужо ў школе я ўсіх агітаваў супраць улады».

Але сярод вучняў не знаходзіў падтрымкі. «Я не бачыў таго гора, што яны бачылі ў сувязі з вайной, акупацыяй. Я не ведаў, што такое калгасная галеча (у лагеры пастаянна быў хлеб). А тутэйшыя праз гэта прайшлі. І ў іх была мэта — ухапіцца за жыццё, а не змагацца».

А Сяргей Ханжанкоў больш за ўсё хацеў змагання. Але разумеў, што для гэтага трэба арганізацыя. Паступіў у Політэхнічны інстытут, пачаў шукаць аднадумцаў. Імі сталі Віктар Храпавіцкі і Георгій Сярогін. Але сёння сп. Ханжанкоў абодвух называе выпадковымі людзьмі ў сваёй групе, хаця і не асуджае.

Ханжанкоў напісаў праграму.

«Гэта была не столькі праграма, як маніфест аб нашых намерах. Агульныя дэмакратычныя патрабаванні: свабода слова, сходаў, шматпартыйнасць, прыватная ўласнасць». Спачатку думалі надрукаваць улёткі. Але палічылі гэта неэфектыўнай працай. Вырашылі правесці акцыю, якая падштурхнула б людзей да роздуму аб тым, што адбываецца вакол. Задумалі ўзарваць радыёглушылку на вуліцы Казлова ў Мінску. Яна стварала перашкоды на пэўных хвалях, на якіх для СССР трансляваліся заходнія радыёстанцыі.

«Усе ведалі аб ёй і лічылі гэта нармальным. А чаму нармальна? Хто мае права абмяжоўваць нас у атрыманні інфармацыі?» У інстытуце сп. Сяргей атрымаў вайсковую спецыяльнасць сапёра. Таму не было праблем з тым, каб усё разлічыць. Складаней было з выбухоўкай. Але і гэтае пытанне вырашылася.

«Група» Ханжанкова знайшла снарады часоў вайны і адтуль дастала тол.

«З чыста практычнай падрыхтоўкай да акцыі было дрэнна. Прысутнічалі задума, жаданне… Але, напэўна, нічога не ўзарвалі б. Хутчэй за ўсё, не…», — адзначае Сяргей Ханжанкоў цяпер. Арыштоўвалі ж антысаветчыкаў па наводцы чацвёртага члена групы, якога прынялі пазней за астатніх. Сп. Сяргей упэўнены, што той студэнт супрацоўнічаў са спецорганамі. «Накрылі» ў інтэрнацкім пакоі Віктара Храпавіцкага. Перад ад’ездам на летнюю інстытуцкую практыку вырашылі схаваць тол, шрыфты, праграму. «Мяне арыштавалі са снарадам у руках. Я ад яго яшчэ адмяжоўваўся, маўляў, знайшоў. Віктару ж адмаўляцца было немагчыма: пры сабе ён меў нашу праграму. Таму ён адразу пачаў даваць паказанні. А я толькі на наступны дзень, калі мне паказалі яго прызнанне».

Гэта быў старт дзясяцігадоваму зняволенню.

У мардоўскім лагеры, куды накіравалі Ханжанкова, знаходзіліся адны палітычныя: уласаўцы, бандэраўцы, літоўскія лясныя браты, былыя паліцаі. Але ён не лічыць тыя гады страчанымі. «Гэты час быў вельмі цікавы, але толькі для тых, хто ўсур’ёз на гэта хварэў. Я цяпер шкадую, што ў мяне не хапіла часу (гэта за дзесяць гадоў!), каб пазнаёміцца з тымі, хто прайшоў вайну». Затое было знаёмства з Цімохам Вострыкавым — прадстаўніком Рады БНР, якога ў 1952 годзе закінулі ў Беларусь самалётам для арганізацыі антысавецкай барацьбы. Чалавек гэты ўразіў Ханжанкова адданасцю Беларусі.

Збіраць разам тысячы палітвязняў было небяспечна. Але сп. Ханжанкоў кажа, што «большасць гэта былі тыя, хто ні аб якім супраціве там і не марыў. Яны хацелі толькі вызваліцца. І калі кажуць, што гэта ворагі савецкай улады… нічога падобнага. Гэта былі нешчаслівыя людзі. Яны трапілі спачатку ў савецкую армію, а затым у палон, сталі паліцаямі. А да ўсяго яны па большасці былі ў лагеры на службе ў КГБ».

Вызваліцца хацелі ўсе. Але некаторыя і не забывалі аб мэце, якую ставілі перад сабой — змаганне. Ніхто не мог думаць аб нейкім паўстанні ці нечым падобным. Адзінае, аб чым ішлі гаворкі — каб стварыць нейкую арганізацыю пасля вызвалення. «Мы лічылі, што больш ранейшых памылак не зробім. Маўляў, створым такую арганізацыю, якую ніхто не выкрые. Але гэта былі ілюзія. Чалавек, які трапіў у лагер, быў пад наглядам да канца жыцця».

Дзесяць гадоў прайшлі. Раней былых «палітзэкаў» не пускалі назад туды, адкуль забіралі. Але калі вызваляўся, забарону адмянілі: яна працягвала дзейнічаць толькі адносна Заходняй Украіны, Літвы, Масквы, Ленінграда. «Калі вялося следства па маёй справе, апыталі ўсіх знаёмых, кагосьці нават завербавалі. І ім было зручней, каб я вярнуўся ў Мінск». У Мінску жылі бацькі, малодшы брат, якога ўсяляк адмяжоўвалі ад любой праявы антысаветчыны. А старэйшага сына ніхто не асуджаў. Бацькі лічылі сябе вінаватымі ў тым, што адбылося.

1973 год. Час брэжнеўскага застою. Што змянілася з часу пасадкі?

«Знік страх у людзей. Я гаварыў усё адкрыта.

Я слухаў «Голас Амерыкі» і расказваў знаёмым, калегам. І яны самі слухалі. Бо калі мяне пасадзілі, такога проста не магло быць.

Але нельга сказаць, што людзі рваліся да барацьбы».

Па вяртанні Ханжанкоў знаходзіўся пад наглядам спецорганаў. Уладкаваўся на працу. Назіраўся кар’ерны рост. Праўда, падняцца вышэй пасады галоўнага інжынера забаранялі.

У 1990-м Сяргей Ханжанкоў выступіў адным з ініцыятараў правядзення з’езду былых палітзняволеных у Леніградзе. «Спадзяваліся, што гэта будзе аснова будучай партыі. Але тут мы пралічыліся. Стварыць партыю з людзей, кожны з якіх лічыць сябе лідарам, немагчыма».

***

Сяргей Ханжанкоў нар. у 1942 у горадзе Усць-Уціны (Калыма). Арганізатар групы, што мела на мэце ўзарваць радыёглушыльную вежу ў Мінску. Дзесяць гадоў адсядзеў у лагеры ў Мардовіі. Адзін з арганізатараў з’езда палітзняволеных (1990, Санкт-Пецярбург). Працаваў у праваахоўнай арганізацыі «Мемарыял» (Расія). Рэабілітацыі не прасіў. Жыве ў Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?