Зрабіць нормай жыцця прынцыпы ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі, па якіх жыў заснавальнік Чырвонага касцёла Эдвард Вайніловіч,

заклікаў мітрапаліт Мінска-Магілеўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 19 лістапада ў Мінску на міжканфесійнай малітоўнай сустрэчы, прысвечанай 100-годдзю асвячэння касцёла Святых Сымона і Алены.

Паводле слоў мітрапаліта, Вайніловіч быў вельмі зычлівым да праваслаўных і пратэстантаў, іудзеяў і мусульман, да вернікаў і няверуючых, з любоўю ставіўся да кожнага чалавека, падтрымліваў любога, хто меў патрэбу ў дапамозе. «Вайніловіч паўстае перад намі як вялікі гуманіст і чалавек шырокага кругагляду», — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Ён адзначыў, што прадстаўнікі розных веравызнанняў разам працуюць, вучацца і адпачываюць, разам перажываюць радасці і смутак, разам будуюць свой супольны дом. «Усё гэта заклікае нас да ўзаемнага разумення нашых менталітэтаў, традыцый, культур і веравызнанняў. Захоўваючы сваю тоеснасць, застаючыся са сваімі традыцыйнымі перакананнямі, мы павінны выказваць пашану адносна выбару іншага чалавека. Толькі тады мы можам збудаваць свет міру і ўзаемаразумення, што асабліва патрэбна ў наш час небывалага націску секулярызму», — падкрэсліў мітрапаліт.

На яго думку,

нельга аднесці да сапраўдных каштоўнасцей дазвол на аборты, закон аб эўтаназіі, выкарыстанне чалавечых эмбрыёнаў для вытворчасці амаладжальных прэпаратаў, штучнае апладненне, узаконьванне гомасексуальных саюзаў з правам усынаўлення дзяцей і свабоду на парнаграфію.

Для прадухілення духоўнай катастрофы арцыбікуп заклікаў прадстаўнікоў усіх веравызнанняў будаваць свет на аснове спрадвечных маральных каштоўнасцей, без чаго немагчыма шчаслівае жыццё.

У малітоўнай сустрэчы удзельнічалі прадстаўнікі розных веравызнанняў. Пасля іх выступленняў і сумеснай малітвы былі ўскладзены кветкі да ракі, дзе спачывае Эдвард Вайніловіч.

21 лістапада ў 12.00 у Чырвоным касцёле адбудуцца ўрачыстасці, прысвечаныя юбілею святыні. Урачыстую літургію ўзначаліць апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Марцін Відавіч, з казанню да прысутных звернецца мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На свята запрошаны ўсе беларускія рымска-каталіцкія біскупы, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, прадстаўнікі розных веравызнанняў, кіраўнікі міністэрстваў культуры і адукацыі, Апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, дыпламаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?