Рассоўваць ураніцы фіранкі і бачыць у двух метраў ад сябе грузавік ці аўтобус — сумнеўная перспектыва. Як і баяцца адчыніць вокны, каб не задыхнуцца ад выхлапных газаў перагружанай вуліцы. Але менавіта з такой бядой сутыкнуліся жыхары некалькіх сталічных дамоў па вуліцы Маякоўскага.

«Спыніце ў наступным вакне, калі ласка!».

«Спыніце ў наступным вакне, калі ласка!».

Будаўнічае суседства.

Будаўнічае суседства.

Машыны з'едуць, паветра застанецца.

Машыны з'едуць, паветра застанецца.

А хтосьці ў такім паветры нават выветрывае бялізну.

А хтосьці ў такім паветры нават выветрывае бялізну.

Памяркоўныя вайскоўцы

Маштабны рамонт дарогі з пашырэннем колькасці палос да чатырох у кожным накірунку пачаўся ў канцы 2008 года. Некалькі старых будынкаў стаялі блізка ад праезнай часткі — іх давялося пусціць пад знос, а жыхарам прадаставіць іншыя кватэры.

Цяпер, калі рамонтныя працы на Маякоўскага вядуцца найбольш актыўна, дарога нагадвае звілістую змейку. Машыны і аўтобусы вымушаныя скакаць то налева, то направа, часам прыціскаючыся ўшчыльную да дамоў.

Адлегласць паміж праезнай часткай і вокнамі дамоў часам не перавышае двух метраў. Паўметра з іх складае тратуар, па якім складана нават проста прайсці!
То там, то тут прыходзіцца заходзіць на праезную частку, абыходзячы слупы, і хуценька вяртацца назад.

Працы павінны скончыцца за год-два, а пакуль жыхарам дома даводзіцца цярпець нязручнасці. Як яны змагаюцца з праблемай? Бабулька-фаталістка далёка за семдзесят, якая сядзела на лавачцы ў двары, толькі сурова паднялі бровы: «У нас тут многа вайскоўцаў жывець.

Начальства сказала, што так трэба. Значыцца, прывыкнем. Перажывём».
Маладая мама з вазком была больш гаваркой. «Што робім? Не адчыняем вокны ў пакоях, якія глядзяць на той бок, гуляем з дзіцем толькі ў двары… Але мы разумеем, што, калі вуліцу дарамантуюць, нічога прынцыпова не зменіцца. У нейкай газеце пісалі, што па гэтай вуліцы кожную гадзіну праязджае тры тысячы машын. Разумееце, што тут зараз з экалогіяй? А калі дарога стане ўдвая шырэйшай, то і машын будзе больш».

Часовае — добра схаванае пастаяннае

Відаць, да аўтобусаў за два метры ад вакна жыхарам прыйдзецца прывыкнуць. Адлегласць паміж двума дамамі, якія стаяць абапал дарогі такая, што, апроч васьміпалоснай дарогі, улезе хіба што два тратуары шырынёй па метры кожны.

У «Гаррэмаўтадоры» згаджаюцца, што рэканструкцыя прынесла шмат нязручнасцяў жыхарам вуліцы, але лічаць іх часовымі:

«У нас няма іншага выйсця. Калі мы не хочам, каб праз некалькі гадоў мінскія вуліцы канчаткова спыніліся ў заторах.
Прычым вы абавязкова адзначце, што нягледзячы на гіганцкія аб’ёмы працы, мы не перакрываем руху цалкам». Што датычна нарматываў, якія рэгулююць адлегласць паміж дарогай і домам, то тут парушэнняў няма. «Няўжо вы думаеце, што начальства зацвердзіла б праект з парушэннямі?» — задаюцца рытарычным пытаннем гаррэмаўтадорцы.

Будаўніцтва пад зямлёй і над зямлёй

Падобная праблема ўзнікла і ў іншай частцы горада, у мікрараёне Брылевічы.
Толькі тут дарога праходзіць ушчыльную не да заселенага дома, а каля будоўлі. Кампанія «Арэса-Сэрвіс» пачала ўзводзіць дом № 16 на скрыжаванні вуліцы Яна Чачота і праспекта Дзяржынскага. Ужо закладзены фундамент, пачалося ўкладванне паверхаў… Вось толькі ў гэты час «Мінскметрабуд» вырашыў прыступіць да будаўніцтва станцыі «Малінаўка». Першай задачай стала пракладванне вуліцы-дублёра праспекта Дзяржынскага. Яна пройдзе якраз каля самай «арэсаўскай» будоўлі. «Мы проста змесцім участак праспекта ў бок мікрараёна Брылевічы», — заявіў начальнік УП «Дырэкцыя по будаўніцтву Мінскага метрапалітэна» Павел Царун.

Вуліцу павінны дарабіць у бліжэйшыя тыдні, каб ужо 1 снежня па ёй мог паехаць транспарт. Каткі раўняюць асфальт, дарожнікі ўкладваюць бардзюры… А ў гэты час іншыя рабочыя працягваюць будоўлю за некалькі метраў, толькі вышэй. Непадалёк напаготове стаіць вежавы кран.

«Бяспечная блізкасць вежавага крана»?

Ці не турбуе мінскіх чыноўнікаў небяспечнае суседства? Відаць, не. Але варта нагадаць, што

паўгода таму на ўсялякі выпадак у сталіцы быў знішчаны прыпынак грамадскага транспарту, які знаходзіўся побач з будоўляй першага беларускага хмарачоса «Ветразь».
У афіцыйнай фармулёўцы так і было напісана: «у сувязі з небяспечнай блізкасцю вежавага крана».

У кампаніі «Арэса-Сэрвіс» пераконваюць, што ніякай небяспекі для дарожнага руху будоўля не прынясе: «Наш праект і праект будаўніцтва метро ўзгодненыя. Яны не будуць перашкаджаць адзін аднаму. Магчыма, у выніку наш дом будзе здадзены трохі пазней, чым меркавалася».

Пакуль у сталіцы ідуць дзве «грамадска важныя» будоўлі, чубы па-ранейшаму трашчаць у звычайных мінчан.
Пакуль што адным застаецца не адчыняць вокнаў, а другім асцярожна праязджаць і праходзіць уздоўж будоўлі, каб на іх нічога не звалілася зверху.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?