«Я катэгарычна супраць любой дыктатуры», — заявіў экс-прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, каментуючы парталу Delfi магчымасць пераабрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Беларусі.

Нагадаем, 12 лістапада на сустрэчы з пасламі Еўрасаюза ў Вільні прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што перамога Лукашэнкі на чарговых прэзідэнцкіх выбарах забяспечыць стабільнасць Беларусі і абмяжуе ўплыў Расіі ў гэтай краіне. «Лукашэнка з’яўляецца гарантам эканамічнай і палітычнай стабільнасці Беларусі і яе незалежнасці. Мы [Літва] не хацелі б бачыць другую Расію ў якасці свайго суседа», — цытавала Грыбаўскайце агенцтва Reuters са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў ЕС.

У сваю чаргу былы прэзідэнт Літвы лічыць, што пацяпленне адносін з афіцыйным Мінскам не можа садзейнічаць энергетычнай незалежнасці Літвы. «Я кіруюся прынцыпамі дэмакратыі. Любая спроба дагадзіць дыктатуры і апраўдаць яе для мяне непрымальная», — заявіў ён.

Адамкус не стаў каментаваць палітычныя рашэнні літоўскага кіраўніцтва па гэтым пытанні. Разам з тым ён нагадаў:

«Перад Другой сусветнай вайной Нэвіл Чэмберлен, Эдуард Далад'е, Беніта Мусаліні і Адольф Гітлер на падобных асновах, аб якіх вы цяпер гаворыце, падпісалі пагадненні на Мюнхенскай канферэнцыі».
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?