Нацыянальны парк «Белавежская пушча», які знаходзіцца ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, выкарыстоўваўся для правядзення сэкс-тураў.
Да такіх высноваў прыйшлі беларускія праваахоўнікі ў выніку расследавання крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да мінскага сутэнёра.

Як стала вядома інтэрнэт-газеце Naviny.by, Галоўным следчым упраўленнем папярэдняга расследавання МУС да крымінальнай адказнасці прыцягваецца 27-гадовы жыхар сталіцы. Супраць яго заведзеная крымінальная справа па ч. 2 арт. 171 КК РБ («Выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй або стварэнне ўмоваў для заняткаў прастытуцыяй»).

Мужчыну інкрымінуецца арганізацыя на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» сэкс-тураў для грамадзян Расіі.

Пакуль гаворка ідзе аб інтымных паслугах, аказаных у перыяд са снежня 2008 да лістапада 2009. Сутэнёр «апякаў» амаль два дзясяткі беларускіх прастытутак.

Парк валодае чатырма камфартабельнымі гатэлямі з саўнамі і іншымі месцамі адпачынку. Як паведамляецца на сайце ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча», «усё аформлена ў далікатных танах…» Так што пасля агляду вальераў з зубрамі, экскурсіі па рэзідэнцыі Дзеда Мароза расійскім турыстам было дзе прыемна прабавіць час.

За ўдзел у «апаганьванні» гонару Беларусі арганізатару сэкс-тураў пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад сямі да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

У праваахоўнікаў ёсць усе падставы меркаваць, што сутэнёр дзейнічаў не адзін. Але глыбока капаць у такіх інтымных справах — сабе даражэй.

Нагадаем, што 30 жніўня на базе паляўнічай гаспадаркі «Ляхавічы» Аляксандр Лукашэнка правёў экстранную нараду «па пытаннях выканання праваахоўнымі органамі законнасці пры забяспечанні кантролю за фінансава-гаспадарчай дзейнасцю Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Падставай для разгляду на такім высокім узроўні стаў канфлікт паміж міліцыянтамі і чыноўнікамі ад прыроды.

Гомельскія аператыўнікі са службы па супрацьдзеянні гандлю людзьмі «распрацоўвалі» аднаго актыўнага сутэнёра, дзяўчаты якога карысталіся попытам у наведвальнікаў гэтага нацпарку, і высветлілі, што і ў справах паляўнічых на тэрыторыі гаспадаркі не ўсё добра. У прыватнасці, гаворка ішла аб магчымым бескантрольным адстрэле дзікоў.

Падчас правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў міліцыянты сарвалі некалькі выгадных для паляўнічай гаспадаркі ўгодаў. Работнікі нацыянальнага парку напісалі калектыўную «скаргу на дзеянні асобных супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

На той экстранай нарадзе Аляксандр Лукашэнка, мімаходзь згадаўшы шчадралюбных паляўнічых («Ужо з кім ім мець зносіны, гэта іх справа. Мы тут не пракантралюем нікога і не прымусім нікога»), даручыў Генпракуратуры даць «прававую ацэнку дзеянняў бакоў».

Пракуратура канфіскавала ў МУС усе аператыўныя матэрыялы па гэтай паляўнічай гісторыі з дзяўчатамі, у тым ліку і стэнаграмы тэлефонных «праслуховак», але да якіх высноваў прыйшлі правяральнікі і што далажылі прэзідэнту, невядома. Па чутках, вынікі пракурорскай праверкі пазначаныя ці то грыфам ДСП, ці то «сакрэтна». Аднак, наколькі вядома, рэзкіх «кадравых рашэнняў» з боку кіраўніка дзяржавы не было…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?