Навагрудскі райвыканкам цвердзіць, што дазвол ад Мінкульту быў, у міністэрстве кажуць, што дакумент яшчэ толькі рыхтуецца

Фота pomniki.budzma.org.

Фота pomniki.budzma.org.

На мінулым тыдні ў Навагрудку на царкве Барыса і Глеба ўсталявалі пазалочаныя цыбулепадобныя купалы. Пры гэтым былі дэмантаваныя шатровыя завяршэнні вежаў царквы. У сувязі з гэтым старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч звярнуўся з лістом у Міністэрства культуры з просьбай спыніць працы ў Навагрудку і прыцягнуць да адказнасці тых, хто ініцыяваў і дазволіў незаконныя, на яго думку, працы на царкве.

Начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкаму Аляксандр Карачан паведаміў, што дазвол на правядзенне прац быў атрыманы.

«Дазвол быў, але айцец Мікалай (настаяцель царквы Св. Барыса і Глеба айцец Мікалай Орса — НН) некалькі парушыў форму купалаў, вызначаную на паседжанні навукова-метадычнай рады ад 3 лістапада».
У чым было парушэнне і якую форму для купалаў прапанавала Рада, чыноўнік не патлумачыў. Ён спаслаўся на тое, што сёння ў Навагрудак мусяць прыехаць спецыялісты з Міністэрства культуры, «каб паставіць кропку ў гэтай справе». Калі прадстаўнікамі міністэрства будуць зробленыя канчатковыя высновы, тады і можна будзе гаварыць, сказаў начальнік аддзела культуры.
«Дазволу на працы ў Навагрудку, як дакумента не было»,
— заявіў начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі. —
«Вы бачылі дакумент з пячаткамі і подпісамі? Я чуў пра гэтыя чуткі, што нібыта ёсць такі дазвол. Але ён яшчэ толькі рыхтуецца. На ім мусіць быць подпіс намесніка міністра культуры».
Ігар Чарняўскі пацвердзіў — 3 лістапада Рада засядала, на ёй сярод іншых разглядалася і пытанне працаў у Навагрудку. Пра цыбулепадобныя купалы Ігар Мяфодзевіч выказаўся так: «Яны могуць быць, не мусяць, а могуць. Як элемент функцыянальнага прыстасавання аб’екта».

Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч тэлефанаваў у Навагрудак у мінулы чацвер. Па яго словах, намесніца старшыні райвыканкама фактычна зманіла яму, заявіўшы, што неабходны дазвол на працы ёсць.

«Райвыканкам патурае настаяцелю царквы, парушаючы тым самым пункты 2 і 4 арт.10 Закона аб ахове гісторыка культурнай спадчыны. Бо менавіта згодна гэтых пунктаў адказнасць за захаванне спадчыны ўскладваецца на мясцовыя ўлады»,
— кажа А. Астаповіч. Ён нагадвае, што няма не толькі дазволу на працы ў Наваградку, але нават не падпісаны пратакол паседжання навукова-метадычнай рады ад 3 лістапада. А без гэтага дазвол атрымаць немагчыма.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў праводзіць паралель паміж Навагрудкам і Клецкам, дзе з маўклівай згоды мясцовых улад на будынку былога касцёла таксама пачапілі «цыбуліны». А таксама нагадвае пра пераробленую да непазнавальнасці царкву ў Гошчаве Івацэвіцкага раёна.

Нагадаем, што працы па рэканструкцыі пачаліся ў чэрвені гэтага года і выклікалі скандал. Антон Астаповіч звярнуўся тады да навагрудскіх уладаў з патрабаваннем спыніць рэканструкцыю Барысаглебскай царквы. Ён заявіў ў чэрвені, што рэканструкцыя вежаў царквы не ўзгодненая з Міністэрствам культуры. Настаяцель царквы айцец Мікалай Орса на гэта заявіў, што дазвол атрымаў.

За храм заступіліся інтэлектуалы. Зварот да Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы і Міністэртва культуры падпісалі філосафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, архітэктарка Ірэна Лаўроўская, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі і Максім Жбанкоў.

На сітуацыю вакол помніка архітэктуры адрэагавала Міністэрства культуры. Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі міністэрства падрыхтавала прадпісанне па вядзенні рэстаўрацыйных працаў у Навагрудку і даслала яго копію ў Навагрудскі райвыканкам.

***

Царква Св. Барыса і Глеба — помнік архітэктуры сусветнага значэння. Збудаваная ў 1517–19 на месцы старажытнага храма ХІІ ст. Фундатар — гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі. Помнік архітэктуры ўяўляе сабой сімбіёз гатычнага і рэнесанснага стыляў з рысамі абарончага дойлідства. У 1873–75 храм перабудавалі ў псеўдарускім стылі, пасля яму вярнулі ранейшы выгляд. Пасля Другой сусветнай вайны царква не функцыянавала, службы аднавіліся ў 1990-я.

Глядзі яшчэ:
Рымашэўскі наконт сітуацыі з навагрудскай царквой

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?