На саміце кіраўнікоў краін ЕС у Брусэлі 29 кастрычніка было прынятае рашэнне ўнесці шэраг паправак у Лісабонскую дамову.

Саміт падаў прэзідэнту ЕС Херману ван Ромпею мандат на вызначэнне неабходных змен, якія дазволяць стварыць нейкі антыкрызісны механізм для абароны еўрапейскай валюты.

Канцлер Германіі Ангела Меркель была адным з ініцыятараў абмеркавання пытання аб унясенні змяненняў у Лісабонскую дамову, бо без гэтага, па яе словах, немагчыма стварыць антыкрызісны стабілізацыйны фонд для зоны еўра.

Перашкодай для гэтага з’яўляецца Артыкул 125 дамовы, які забараняе краінам-сябрам ратаваць ад банкруцтва дзяржаву ЕС.
Германія пры падтрымцы Францыі запатрабавала на саміце ўнясення змяненняў у гэты артыкул, бо ў адваротным выпадку Канстытуцыйны суд Германіі здольны заблакаваць любую дапамогу, аналагічную той, што была на часовай і выключнай аснове дадзеная Грэцыі.

Таксама Германія і Францыя выказаліся за ўвядзенне санкцый для краін, якія апынуліся на мяжы банкруцтва.

Паводле заявы Меркель, гэта дазволіць не дапусціць у будучыні паўтарэння эканамічнага краху, які прадэманстравала Грэцыя. Гаворка ідзе пра фінансавыя санкцыі, таксама магчыма пазбаўленне краіны-парушальніцы права голасу ў структурах ЕС.

Пакаранне прадугледжана для краін, дэфіцыт бюджэту якіх перавысіць 3% ад ВУП або дзяржпазыка якіх пераадолее значэнне 60% ВУП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0