Агульнай ці спецыялізаванай? Ад Рэдактара.

Многія старыя чытачы з настальгіяй успамінаюць грамадска-культурную «Нашу Ніву» канца 1990-х і літаратурна-мастацкую — пачатку 90-х. Вось крытык Павал Абрамовіч піша ў сваім блогу:

«Дзе яно — нешта іншае? Раней, гадоў дзесяць-дванаццаць таму, як было? Прыходзіць цікавостка з рэгіёну Беларусі. І «Наша Ніва» апрацоўвае яе, з гумарам стылізуе пад навіну з той першай газеты. Дасылаюць чытачы вершы ў рэдакцыю, мяхамі валакуць. І «Наша Ніва» вуснамі Славаміра Адамовіча дае парады, як удасканаліць паэтычны радок. Рыхтуецца пераклад: вершы Эдгара По па-беларуску. І «Наша Ніва» аддае старонку пад гэтую справу. (Дасюль тую старонку зжаўцелую захоўваю.) Раней, у нулявых і 90-х, у «Нашай Ніве» за кожным тэкстам быў бачны чалавек. Цікавы суразмоўца з гарачым сэрцам. Інтэлектуал. Эстэт. А цяпер — не».

Для мяне важна задумацца над гэтым шкадаваннем і расказаць, як будзе.

У 2000-х Рэдакцыя «Нашай Нівы» / NN.BY свядома выбрала фармат агульнаграмадскай газеты.

Мы бачым патрэбу, каб «Наша Ніва» выконвала функцыю «асноўнай газеты» па-беларуску. Гэта значыць, каб у ёй можна было прачытаць не толькі пра культуру, або пра культуру і палітыку, але і пра іншыя сферы жыцця. Каб там было і гумару, і несур’ёзнасцяў, без чаго жыццё не поўнае, з беражком не роўнае. У выпадку папяровай газеты тое зрабіць цяжэй з прычынаў тэхналагічнага характару, а вось сайт — прасцей.

Няможна чакаць, што беларуская грамада ў сённяшніх умовах будзе мець газету якасці, аператыўнасці і вычарпальнасці, як «Газэта выборча» / Gazeta.pl ці «Летувос рытас» / lrytas.lt. Трэба быць рэалістамі: для гэтага трэба свабода СМІ, прыход рэкламадаўцаў і нацыянальныя сілы ва ўрадзе. Да таго ж, мы дзейнічаем у моўных абцугах: сацыёлагі выявілі, што доля моладзі, якая свабодна валодае і карыстаецца беларускай мовай, меншая, чым доля старэйшых людзей. Многім людзям цяжэй, нязвыкла выяўляць свае думкі па-беларуску. Усё гэта не падстава для дэпрэсіі і слёз. Трэба рабіць сваю справу, будаваць сваю нацыю. У нашым выпадку, трэба рабіць газету з максімальным тэматычным ахопам. Мы верым у паспяховасць беларускай нацыі, стараемся дзейнічаць рэалістычна і пазітыўна.

Яшчэ дзесяць гадоў таму па-беларуску амаль не пісалася на тэмы гаспадаркі, спорту ці таго ж сэксу. Цяпер пішацца шмат, штодзённа, з кожным годам лепш, і гэта выдатна і для мовы, і для ведаў.

Расце і аўдыторыя «Нашай Нівы».

Папяровая газета зрабіла скачок пасля выхаду з паўпадполля ў 2008 годзе (той выхад мы заўдзячваем стойкасці грамадства тут і, хай не забываецца беларуская грамада, ціску еўрасаюзаўскай і амерыканскай дыпламатыі таксама, будзем ім удзячныя за гэтае спрыянне нашай мове).

Што да сайта, то яго аўдыторыя апошнія два гады расла ў тэмпе 40–50% за год. Сёлета гэты паказчык будзе нават пераўзыдзены, мяркуючы па ўсім.

Мусяць памятаць усе, каму важная беларуская культура і супольнасць: газета на беларускай мове, як і іншыя інструменты камунікацыі, выжыве толькі пры ўмове, што будзе нарошчваць аўдыторыю (у Інтэрнэце тыражоў няма, ёсць колькасць наведнікаў). А і сама мова захавае сваё значэнне толькі тады, калі будзе мець такія інструменты камунікацыі.
Іначай — згасанне. Яго мы, дарэчы, назіралі на прыкладзе ўласным і іншых у канцы 90-х.

Варта адзначыць, што сайт NN.BY — самы папулярны беларускамоўны рэсурс у сусветным сеціве, і менавіта гэта пацвярджае нам: яго канцэпцыя была правільная. Але мы будзем і далей моцна думаць, як рабіць максімум з тымі сродкамі, якія маем. Дарэчы,

не стамляюся дзякаваць тым нешматлікім асобам, якія рэгулярна аддаюць дзесяціну ці дваццаціну ад сваіх прыбыткаў на «Нашу Ніву».

Што да матэрыялаў рэфлексійнага характару, за якімі, як піша Павал Абрамовіч, відаць чалавек, то іх агульны аб’ём не зменшыўся, а нават вырас. Але калі яны дамінавалі ў штодвухтыднёвіку 90-х, то цяпер яны перакачавалі з папяровай газеты на сайт, а там складаюць некалькі працэнтаў ад агульнай колькасці матэрыялаў. Нічога страшнага! Затое цяпер ёсць «Прайдзісвет», «ARCHE» і блогі, дзе перахоўваецца тая атмасфера, што ў 90-я канцэнтравалася ў газеце. «Наша Ніва» будзе яе сілкаваць інфармацыйным кантэкстам.

Літаратура цяпер іншая, зацікаўленні іншыя, бо час — іншы. І ў «Выборчай» не знойдзеце неўласцівай для газетнага жанру літаратуры. Літаратура крочыць раманамі, а не зацемкамі. Урэшце, у літаратуры мы моцна абмежаваныя тым, што ёсць. Гэта не штодзёншчына, яе чаляднік не зробіць.

Заўвагі ў жаўцізне я адкідаю. Забаўляльныя матэрыялы ў «Газэце выборчай» і «Летувос рытас», як і на іх сайтах, займаюць не меншую, а большую долю. Той, хто чытаў газеты «Сан», «Жізнь» ці «Більд», ведае, што такое жоўтая прэса і чым яна розніцца ад якаснай.

А вось за тэхналагічныя падказкі мы заўжды ўдзячныя.

Канцэпцыяй «Нашай Нівы» застанецца стварэнне максімальна паўнавартай газеты для максімальна шырокай аўдыторыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?