За апошнія 17 гадоў у айчынных падручніках па гісторыі Беларусі засталося нязменным толькі апісанне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, расказала аналітык Таццяна Астроўская на прэзентацыі свайго даследавання «Генеалогія гістарычнай памяці беларусаў у кантэксце адукацыйных практык».

Даследаванне, праведзенае ў рамках стыпендыяльнай праграмы Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Літва), аўтарка прысвяціла аналізу ўяўленняў пра гісторыю Беларусі, якія фармуюцца ў вучняў 5-11-х класаў.

На прыкладах якіх герояў вы выхоўваліся ў дзяцінстве?

У дзяцінстве я вельмі шмат чытала, таму сваіх герояў, якіх было вялікае мноства, я выбірала сама.

Але я выдатна памятаю той час, калі я пайшла ў школу і калі Беларусь стала незалежнай рэспублікай. Гэта быў такі ўздым самасвядомасці, у тым ліку і для нашай сям’і… Мы з задавальненнем вывучалі гісторыю Беларусі. Гэта было сапраўды вельмі цікава і займальна для ўсіх нас.

Ваша даследаванне называецца «Генеалогія гістарычнай памяці беларусаў у кантэксце адукацыйных практык». Раскажыце пра яго падрабязней.

Маёй мэтай быў аналіз сучасных падручнікаў па гісторыі Беларусі з 1990 па 2010. У працэсе даследавання высветлілася, што падручнікі можна падзяліць на тры перыяды па годзе выдання, і, адпаведна, само даследаванне было падзеленае на тры часткі. У першай частцы я аналізавала інтэрпрэтацыю гістарычных падзей і параўноўвала іх паміж сабой. У другой частцы я аналізавала гістарычных асобаў — герояў беларускай гісторыі. У трэцяй частцы паспрабавала вылучыць у беларускіх падручніках вобразы самаапісання — як беларусы ўяўляюць сябе і іншых.

А чаму вы абралі менавіта гэтую тэму?

Ужо досыць даўно я займаюся праблемай нацыянальнай ідэнтычнасці. І ў гэтым сэнсе гістарычнае мінулае, яго аналіз і гістарычная памяць з’яўляюцца вельмі важным, нязменным яе складнікам.

З іншага боку, адукацыя — гэта вельмі цікавая тэма. Я заканчваю аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, а да гэтага навучалася на факультэце філасофіі ў БДУ.

На дадзены момант я пішу дысертацыю аб уплыве адукацыі і яго ролі ў працэсе фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці. Гэта значыць, атрымалася нейкае скрыжаванне ідэнтычнасці, гістарычнай памяці і адукацыі. І на гэтым скрыжаванні магістральных для мяне тэмаў, якраз і стаяць падручнікі па гісторыі Беларусі.

Колькі часу вам спатрэбілася для даследавання?

Праграмай, у межах якой я праводзіла гэтае даследаванне, было прадугледжана чатыры месяцы, але рэальна на ўсё сышло каля паловы года.

Як гэта выглядала практычна?

Практычна гэта пачыналася з этапу падрыхтоўкі, бо трэба было адабраць матэрыял і метады падыходу да падручнікаў. Я чытала кнігі і ўвесь час думала аб тым, як жа гэта зрабіць. Потым у мяне з’явілася ідэя аб стварэнні аналітычных табліц з рознымі інтэрпрэтацыямі падзей або гістарычных асоб. А потым на падставе гэтых табліц праводзіўся сам аналіз.

У чым былі асноўныя складанасці гэтай працы?

Асноўнай складанасцю было тое, што не заўсёды можна было дастаць патрэбныя падручнікі, асабліва, падручнікі 1993–1994 гадоў выдання. І калі ўлічыць, што паводле адукацыі я філосаф, то аналіз гістарычнай літаратуры, з аднаго боку, стаў для мяне чымсьці кшталту выкліку зрабіць нешта нестандартнае. А з іншага боку, складанасць была ў тым, што я не ў поўнай ступені валодаю метадамі гістарычных даследаванняў.

Да якіх вынікаў вы прыйшлі?

Важным вынікам была выснова пра тое, што першапачаткова акрэсленыя тры перыяды ўсё-такі вельмі выразна выдзяляюцца. Як я ўжо казала, мной даследаваўся перыяд з 1990 па 2010, але першыя падручнікі, якія з’явіліся ўжо ў новай, незалежнай Беларусі, датуюцца 1993 годам.

Другой важнай высновай стала тое, што гісторыя, згодна з выкладзеным у падручніках, сапраўды вельмі залежыць, хоць і не наўпрост, ад сацыяльнага і палітычнага кантэксту. І мы бачым, што ў 1990 годзе абвяшчаецца незалежнасць Рэспублікі Беларусь, а першыя падручнікі гэтага перыяду з’яўляюцца толькі ў 1993 годзе. Калі адбываюцца нейкія змены ў сацыяльна-палітычным кантэксце, то яны апасродкавана цягнуць за сабой змены ў падручніках. Важную ролю тут граюць таксама аўтары падручнікаў, якія па-свойму, у залежнасці ад таго, якіх ідэй яны прытрымліваюцца, могуць адказваць на гэтыя змены.

Улічваючы тое, што вучань 5–6 класа мае яшчэ несфармаванае крытычнае мысленне, любую інфармацыю, якую яму дае падручнік, ён успрымае як дадзенасць. І калі ўзнікае сітуацыя, што ў пятым класе яму прапаноўваюць адну інфармацыю, а ў шостым — іншую, тут могуць з’явіцца праблемы з ідэнтычнасцю і стаўленнем да гістарычнага мінулага. І важнай высновай тут стала тое, што ўсё-ткі варта на гэта звяртаць увагу і думаць у тым ліку і пра дзіця. Пры такой колькасці супярэчлівых інтэрпрэтацый школьнік губляецца ў гэтым полі інтэрпрэтацый.

І сёння можна ўбачыць рознасць інтэрпрэтацый гістарычных падзей ў падручніках?

Так. Пачынаючы з 2002 года адбываецца пэўная цэнтралізацыя гістарычнага мінулага, якую я б звязала з укараненнем праграмы дзяржаўнай ідэалогіі. У прынцыпе, гэта досыць пазітыўны момант. Падручнікі сталі больш зразумелымі і даступнымі для школьнікаў, інфармацыя ў іх выкладаецца даволі проста, ёсць вялікая колькасць ілюстрацый. Гэта значыць, падручнікі значна змяніліся ў параўнанні з папярэднімі выданнямі.

Але праблему рознасці інтэрпрэтацый можна прасачыць паміж падручнікам 2008 года выдання, які прапаноўвае адну версію гісторыі, і падручнікам 2009 года выдання, які змяняе гэтую версію, робіць іншыя акцэнты на гістарычных падзеях.

Зразумела, што гісторыя не можа быць адной і праўдзівай, але, тым не менш, мусіць быць нейкая агульная гісторыя. А яе пакуль няма.

Ці праўда, што за апошнія 17 гадоў у айчынных падручніках нязменным засталося толькі апісанне Вялікай Айчыннай вайны? Раскажыце пра змены, якія вы прасачылі. Што знікла, што змянілася, а што з’явілася ў падручніках з гадамі?

Нельга сказаць, што нешта знікла зусім. Другая сусветная вайна з’яўляецца цэнтральнай падзеяй, якой аддаецца досыць вялікая частка матэрыялу. Але тут існуе тэхніка забывання, калі мы, напрыклад, не можам не сказаць пра Аршанскую бітву, але можам сказаць пра яе зусім па-рознаму.

Ці тэма Кіеўскай Русі — была яна ці не? Гэтая падзея ёсць тым, з чаго ўсё пачынаецца. І робіцца зразумела, што першае паселішча на тэрыторыі Беларусі не з’яўляецца аб’ектам актыўных маніпуляцый. Але калі мы паглядзім у падручнікі па гісторыі Беларусі 1993 года выдання, то не сустрэнем там ніякай згадкі пра Кіеўскую Русь. І толькі ў выданнях 1998 года з’яўляецца згадка пра Кіеўскую Русь як пра «калыску ўсходніх славян». Таксама ў апошніх выданнях згадваецца і пра тое, што Полацкае княства не было незалежным (у выданнях 1993 года сцвярджалася адваротнае).

Вы звязваеце гэта са становішчам дзяржавы і з светапоглядам аўтараў гэтых падручнікаў, з іх пунктамі гледжання на тую ці іншую тэму?

Так. А таксама з імкненнем аўтараў адказаць на зменлівыя выклікі палітычнага кантэксту.

Ці змянялася з часам стаўленне да герояў беларускай гісторыі?

З героямі адбываецца тое самае. Я б хацела адзначыць важнасць герояў для нацыянальнай гісторыі, бо герой — гэта чалавек, які аб’ядноўвае нацыю гарызантальна, таму што існуе па-за часам. Узяць таго ж Усяслава Чарадзея, які таксама існуе па-за часам і цалкам можа стаць героем для нашых сучаснікаў.

Герой існуе і па-за нейкімі сацыяльнымі саслоўямі, аб’ядноўваючы нацыю як гарызантальна, так і вертыкальна, выступае своеасаблівым прыкладам, павышае пачуццё самакаштоўнасці.

Мінулае заўсёды вельмі цесна звязанае з сучаснасцю, і калі мы расказваем пра герояў мінулага, то хочам перадаць і расказаць нешта пра гэта, а магчыма, легітымізаваць нейкі спосаб паводзін, нечаму навучыць тых жа школьнікаў на прыкладзе гэтага героя. І, вядома ж, у залежнасці ад кантэксту змяняецца і стаўленне да герояў, з’яўляюцца новыя героі, а старыя сыходзяць у цень. Напрыклад, у апошніх выданнях падручнікаў па гісторыі героем з’яўляецца Францыск Скарына. Гэты персанаж наогул дарэчны ва ўсе перыяды.

Тое самае можна сказаць і пра Еўфрасінню Полацкую. Але ў падручніках 1998–2001 гадоў выдання пра яе мала інфармацыі. А ў апошніх выданнях Еўфрасіння займае ўжо больш значнае становішча, як знакавая асоба. Тое самае можна адзначыць і ў дачыненні да такіх герояў, як Вітаўт і Усяслаў Чарадзей.

Касцюшка і Каліноўскі былі героямі першага перыяду, у падручніках 1993—1995 гг. выдання, бо тэма нацыянальнай вызваленчай барацьбы ў той час была вельмі актуальнай для станаўлення нацыянальнай самасвядомасці. Сёння ж усё гэта сыходзіць у цень. У першым перыядзе Каліноўскі паўставаў перад намі нацыянальным героем, у другім пра яго было ўжо вельмі мала інфармацыі, а ў трэцім перыядзе ён паўстае перад намі гэткім інтэлігентам і адважным юнаком, але не такім, які варты пераймання.

Як у падручніках адлюстраваныя працэсы ўзаемадзеяння з нашымі суседзямі, напрыклад, з той жа Расіяй?

Адукацыя з’яўляецца кансерватыўнай сферай, дзе ўсё не можа адбывацца адразу. Каб напісаць падручнік і ўкараніць яго, патрэбны час. Але ў дачыненні да Расіі мы можам прасачыць некаторыя заканамернасці. У першую чаргу — падручнікі 1993 года выдання досыць негатыўна крытыкуюць каланіяльную палітыку Расійскай імперыі, як і перыяд уваходжання ў Расійскую імперыю. Таксама негатыўна адгукаюцца гэтыя выданні і на знаходжанне ў Савецкім Саюзе.

У другім перыядзе, пачынаючы з 1995–1996 гадоў выдання, усё мяняецца. Той жа перыяд уваходжання беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі (мяркуючы па параграфах падручнікаў) паказваецца досыць прадуктыўным, у ім знаходзяць шмат пераваг. Усё гэта адбываецца да 2001. У выніку ўсё прыходзіць да ўсярэдненага варыянту, і ў дачыненні да Расіі ўжо няма ні празмернага аптымізму, ні празмернага негатыву.

Скажыце, Таццяна, з усіх высноваў, да якіх вы прыйшлі і пра якія вы сёння расказалі, якія з іх здзівілі асабіста вас, а якія былі цалкам чаканымі?

Магчыма, даследчыку не заўсёды варта мець нейкую эмацыйную адзнаку, але я была здзіўленая і нават крыху засмучаная, калі ўбачыла, наколькі розныя паміж сабой інтэрпрэтацыі той ці іншай падзеі (з разбежкай у два-тры гады) з’яўляюцца ў падручніках. Па гэтых падручніках вучацца дзеці, якім адначасова прапануюцца такія розныя версіі адной падзеі.

Таксама ўразіла мяне і тое, наколькі нецікава гісторыя беларусі была прадстаўленая ў падручніках канца 1990-х.

А нежаданне аўтараў разнастаіць іх інтэрпрэтацыі і прадставіць беларускую гісторыю цікава і займальна для школьнікаў… Гэта я лічу негатыўнай бокам.

Нецікава па версіях або па нейкіх падзеях?

Напрыклад, выклад самога матэрыялу. Ён можа быць як сухім, так і займальным. Або калі апісваюцца нейкія падзеі, іх можна прадставіць як важнымі, так і пасрэднымі. Усё гэта не выкліча ніякага цікавасці для таго, каб запомніць падзеі і сфармаваць уяўленне пра гістарычнае мінулае.

Што вы можаце сказаць пра тое, як відазмяняюцца выгляд падручнікаў?

Якасць падручнікаў несумненна паляпшаецца. Гэтая выснова відавочная. У аўтараў выданняў 1993 года, натуральна, было вельмі мала часу, каб напісаць і сфармуляваць новую канцэпцыю гісторыі. І яны пісаліся не толькі для школьнікаў, але і для настаўнікаў у тым ліку, якія не ведалі, як выкладаць новую гісторыю. Менавіта там была велізарная колькасць матэрыялу, дробны шрыфт і практычна не было ілюстрацый. Але ў гэтых падручніках была пэўнае перавага — там падаваліся розныя погляды, ацэнка гісторыі ішла ў больш шырокім, еўрапейскім кантэксце. Па вялікім рахунку, гэтыя падручнікі былі цікавыя даросламу чалавеку, але для школьніка яны былі складанымі.

У падручніках другога перыяду з’яўляецца больш ілюстрацый, тэксту становіцца менш, мова досыць сухая, адсутнічае эмацыйная ацэнка падзей, якая, на мой погляд, вельмі важная для дзіцяці, бо дапамагае сфармаваць цікавасць да гісторыі і гістарычнага мінулага.

А падручнікі трэцяга перыяду, пачынаючы з 2002 года, ужо паляпшаюцца. Іх мова робіцца больш простай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?