Мужчыны выдатна ведаюць, што жанчыне таксама не заўсёды хочацца лёгкай здабычы: прыйшла, падміргнула, павяла.
Часам і жанчынам хочацца размяць зацеклыя цягліцы, успамянуць маладосць, стрэліць усім порахам з парахаўніцаў — ды і спакусіць каго-небудзь у цяжкай і суровай барацьбе інтэлектаў.

Яны гэта ведаюць — і каб мы выпадкова не патрапілі міма, пішуць для нас інструкцыі. А тое, ведаеце, раптам зробім што-небудзь не так, і яны ў нас так і застануцца ў адзіноце — неспакушаныя…

Вось што пішуць хлопцы з нагоды спакушэння:

«Першы крок — высветліце яго жаночы ідэал. Як гэта зрабіць?

Паназірайце, як ён стасуецца з рознымі тыпажамі жанчын (ад «шэрай мышкі» да «сцервы»), з якой ступенню добразычлівасці ён кажа пра сваіх знаёмых жаночага полу, высветліце, якія былі паводле тэмпераменту, характару і манеры паводзін яго «былыя».

Потым з дапамогай нескладаных (або складаных — тут ужо ўсё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі) лагічных дзеянняў складзіце два своеасаблівых фотаробаты.

Першы назавіце «Вось такой я яму на сто адсоткаў не спадабаюся» і ўключыце ў яго ўсе рысы, усе звычкі, усе ўчынкі, якія, як атрымаецца высветліць, даводзяць яго да стану шаленства і выклікаюць рэакцыю, горшую за любую алергічную.

Другі ж «фотаробат» будзе ўжо пра жаночыя вартасці і можа быць названы, напрыклад, «Яго любімыя якасці ў жанчыне, якія мне нядрэнна было б у сабе знайсці».

Найважнейшы момант!!! Гэтыя якасці ў сабе трэба менавіта знайсці, а не выдумаць іх для першага, другога і, магчыма, трэцяга спаткання, а потым шчасліва забыць.

Прытворства — найгоршая стратэгія паводзінаў, якую жанчына можа абраць у адносінах з мужчынам.

Ёсць немалая верагоднасць, што прытворства дапаможа вам зацікавіць і нават заваяваць яго спачатку, але доўга прыкідвацца вы ўсё роўна не зможаце.

Што да манеры зносін з мужчынам, то паверце майму шматгадоваму «мужчынскаму стажу» — усе гэтыя размовы пра тое, што мужчынам падабацца браць сэрца прыгажуні аблогай, быццам непрыступную крэпасць, і жанчыне ў сувязі з гэтым трэба паводзіцца ў стылі Снежнай Каралевы, мякка кажучы, лухта.

Сустракаюцца, вядома, такія сабе эмацыйныя мазахісты, якія, чым даўжэй і балючэй іх катуе жанчына, тым больш задавальнення атрымліваюць, але гэта выключэнне з правілаў.

Галоўная парада ў гэтым пытанні — паводзьце сябе з вашым абраннікам прыязна.

Не, вешацца яму на шыю, падміргваць з млявым выглядам і з такім жа млявым выглядам аблізваць вусны, гледзячы на яго ва ўпор, не трэба.

Гэта хутчэй прафесійныя штучкі жанчын пэўных заняткаў. А трэба быць проста прыязнай, спагаднай, гатовай да размовы на тэму, якую абярэ суразмоўца.

Карацей кажучы, дайце зразумець мужчыну, што вы зацікаўленыя ў зносінах з ім. Ні больш, ні менш, вось так — вы зацікаўленыя.

Паверце, для мужчыны гэта значыць вельмі шмат, часам нават больш, чым патрабуецца.

Ледзь не палова няшчасных мужчынскіх закаханасцяў здараецца таму, што жанчына была проста таварыскім прыязным суразмоўцам, і гэта было ўспрынята як маўклівае заахвочванне актывізацыі дзеянняў па штурме яе сэрца.

Паспрабуйце першай адкрыта не прызнавацца мужчыну ў сваёй сімпатыі да яго. Аддайце яму ініцыятыву ў развіцці вашых адносін. Пакуль вашы зносіны маюць сяброўскі характар, можаце запрашаць на кубак кавы, на кавалачак піцы або на гамбургер; можаце прапаноўваць варыянты для вясёлага сумеснага баўлення часу; можаце развіваць нейкія сумесныя інтарэсы.

Але будзьце актыўнай да пэўнага моманту — як толькі вы адчулі, што стаўленне мужчыны да вас з сяброўскага перарасло ў зацікаўленае, дадайце права быць актыўным яму.

Хай ён першы пачне тэлефанаваць вам па малазначным падставах і размаўляць гадзінамі. Хай ён першы запросіць вас на сустрэчу, якая па ўсіх прыкметах будзе менавіта рамантычнай. Урэшце, няхай менавіта ён і менавіта ў той момант, калі наважыцца на гэта сам, першы вас пацалуе.

Ні ў якім разе не выбірайце дзвюх мадэляў паводзінаў: не пачынайце лічыць яго сваёй уласнасцю адразу пасля яго прызнання і не хваліцца ім, быццам новым аўтамабілем, перад сяброўкамі, знаёмымі і калегамі.

Першае яго ў вас адразу ж расчаруе і адштурхне, другое неадкладна пачне яго раздражняць і прывядзе да таго ж выніку. Заставайцеся той жа таварыскай мілай жанчынай, якой вы былі ў перыяд «заляцанняў» да яго, толькі ў дадатак дайце яму зразумець, што ён для вас вельмі блізкі чалавек».

Калі рэзюмаваць вышэйсказанае, высветліцца: каб спакусіць мужчыну, трэба стаць разумненькай і цярпліва чакаць.
Не трацячы прыязнасці ні на другі дзень без званка, ні на дзясяты. Вадзіць яго ў кіно. Запрашаць на каву (ці — сціплавата так — на кавалачак піцы). Выслухоўваць дзень і ноч яго аповеды ў асартыменце, у які ўключаны нават навелы пра былых і анекдоты пра кінутых. Рабіць высновы. І маўчаць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?