«Мадэрнізацыя эканомікі, нават калі гэтага тэзісу няма, — гэта, па сутнасці, агульны прыярытэт для ўсіх эканомік, што ўваходзяць у Садружнасць», — заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў 14 кастрычніка ў Маскве на адкрыцці V Форуму творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў — удзельніц СНД.

«Усе мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы краіны былі сучаснымі, — адзначыў Мядзведзеў. — У нас быў даволі доўгі складаны перыяд, калі кожная дзяржава Садружнасці выбудоўвала сваю дзяржаўнасць, аднаўляла сваю эканоміку. Напэўна, мы і цяпер не ўсё зрабілі, што хацелі б. Усе дзяржавы, якія ўваходзяць у Садружнасць, — гэта эканомікі, што развіваюцца, незалежна ад іх маштабаў. І для таго каб нам выйсці з гэтай сітуацыі, мы павінны перарабіць нашы эканомікі».

«Калі ў мінулым дзесяцігоддзі мы займаліся тым, што стваралі асновы рыначнай эканомікі, то ў гэтым дзесяцігоддзі відавочна, што неабходна ствараць новую эканоміку, дыверсіфікаваць і мяняць яе структуру. Гэта мы дакладна разумеем на прыкладзе Расійскай Федэрацыі», — заявіў Мядзведзеў.

Паводле яго слоў, трэба шукаць новыя масты, каб «злучыць зноў нашы гаспадаркі, аднавіць вытворчыя ланцужкі ў тых выпадках, дзе яны былі разарваныя, і знаходзіць новыя кірункі супрацоўніцтва, таму што на савецкім багажы немагчыма існаваць увесь час».

«Нельга ўвесь час гаварыць пра тое, што ў нас былі такія і такія сувязі, а цяпер яны зніклі, гэта кепска, іх трэба аднавіць. Гэтага мала.

Відавочна, што мы павінны ствараць новыя вытворчыя эканамічныя структуры, новыя сумесныя праекты, і гэтыя праекты, канешне, грунтуюцца на сучасных тэхналогіях», — заявіў расійскі кіраўнік.

Ён выказаў надзею на тое, што вынікі гэтых мадэрнізацыйных праектаў стануць «нашай сумеснай перавагай».

«Хто гэтым павінен займацца? Канешне, моладзь, пры тым што ў нас ёсць агульная гісторыя і ёсць наладжаныя кантакты паміж нашымі дзяржавамі, урадамі, навуковымі коламі, грамадскімі структурамі. Але ўсё-такі без уключэння маладых людзей у сучаснае эканамічнае жыццё мадэрнізацыю вельмі складана будзе праводзіць», — сказаў Мядзведзеў.

Прэзідэнт адзначыў, што ў межах форуму адбылася прэзентацыя Сеткавага адкрытага ўніверсітэта СНД, які пачаў ажыццяўляць магістарскія праграмы для 16 ВНУ з васьмі краін (ад Беларусі 12 удзельнікаў).

Мядзведзеў таксама падкрэсліў: «Ва ўсіх нас ёсць светлыя галовы, але ёсць праблемы з выкарыстаннем і камерцыялізацыяй навуковых дасягненняў».

***

На форум прыбыла больш за тысячу чалавек.

Тэма сустрэчы — «Інавацыйнае і гуманітарнае партнёрства — аснова дынамічнага развіцця краін СНД». Яна выбрана зыходзячы з рашэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД аб’яўленні 2010 года Годам навукі і інавацый.

Удзельнікі форуму плануюць абмеркаваць пытанні развіцця прафесійных кантактаў у сферах адукацыі, навукі, культуры, масавых камунікацый, спорту, турызму. Асаблівая ўвага будзе нададзены сумесным праектам у галіне навукі і інавацый, праграмам і праектам Года гісторыка-культурнай спадчыны ў СНД (пройдзе ў 2011 годзе), а таксама надыходзячаму 20-годдзю СНД.

У межах форуму пройдзе ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі Савета па гуманітарным супрацоўніцтве і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва «Садружнасць дэбютаў», якая сёлета ўручаецца маладым вучоным з краін СНД (летась яе атрымалі маладыя настаўнікі, годам раней — літаратары).

Для ўдзельнікаў мерапрыемства арганізаваныя таксама выставы інавацыйных праектаў моладзі краін СНД.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?