Амстэрдам прываблівае турыстаў з усяго свету.

Штодня ў цэнтры пабачыш безліч ангельцаў, расійцаў, амерыканцаў, кітайцаў — карацей, сапраўдны вавілонскі натоўп. Прываблівае кожнага сваё. Напрыклад, горад на каналах — гэта адна з гомасэксуальных сталіц зямное кулі. Зноў жа, амаль ніхто не праміне тут кварталу чырвоных ліхтароў або дакладна завітае ў кофі-шоп, дзе вольна прадаецца марыхуана. Калі ты хоць трохі знаешся ў спорце, дык абавязкова ведаеш бел-чырвона-белы футбольны клуб «Аякс» — легенду горада, яго гандлёвую марку. Ёсць тутака і сусветна знакамітыя музеі — Дзяржаўны мастацкі музей з палотнамі Рэмбрандта і іншых вялікіх нідэрландцаў, Музей Ван Гога. Але для прафесійнага музыкі або для аматара музыкі самае галоўнае месца горада — Канцэртгебаў (Concertgebouw), канцэртная зала сусветнай значнасці, нароўні з нью-ёркскімКарнэгі-холам ці Вялікай залай Маскоўскай Кансерваторыі. Лічыцца, што Вялікая зала Канцэртгебаў (Grote Zaal) уваходзіць у тройку акустычна найлепшых залаў свету для сімфанічнай музыкі, разам з венскім Musikverein і з Symphony Hall у Бостане (ЗША).

Гэтая зала з’яўляецца базавай для Каралеўскага аркестра Канцэртгебаў (Koninklijk Concertgebouworkest), аднаго з топ-аркестраў свету. Тут гэты калектыў праводзіць свае рэпетыцыі, робіць запісы, дае рэгулярныя канцэрты. Аркестр быў заснаваны неўзабаве пасля пабудовы Канцэртгебаў, у 1888 годзе, і ўжо даўна цешыцца вялікай славай. Першы сапраўдны росквіт аркестра звязаны з іменем Вілема Мэнгельберга, які быў галоўным дырыжорам ад 1895 года да заканчэння Другой cусветнай вайны. Узначальвалі аркестр таксама Эдуард ван Байнум, Эжэн Ёхум, Бэрнард Хайтынк, Рыкарда Шаі. Цяпер на чале знакамітага калектыву стаіць латышскі дырыжор Марыс Янсанс.

Але для аркестра, які стала ўваходзіць у дзясятку найлепшых у свеце, абавязкова патрэбны які-небудзь фірмовы стыль, марка, знак, па якім яго можна было б адрозніваць ад канкурэнтаў. Такой знакавай фігурай стаў для амстэрдамцаў Густаў Малер.

Густаў Малер

Густаў Малер

На жаль, сярод нідэрландцаў музычных геніяў з сапраўды сусветнай вядомасцю няма. Таму аўстрыйскі кампазітар і дырыжор габрэйскага паходжання, які нарадзіўся ў чэшскім горадзе Калішт, асабіста дырыгаваў нідэрландскімі прэм’ерамі сваіх сімфоній і называў Канцэртгебаў найлепшым месцам для выканання ўласных твораў, стаў назаўсёды звязаны з дзейнасцю амстэрдамскага аркестра. Мэнгельберг быў асабістым сябрам Малера, часта ставіў ягоныя сімфанічныя палотны ў праграмы канцэртаў. Ён вырашыў адзначыць 25-гадовы юбілей свайго перабывання за пультам Канцэртгебаў грандыёзным «Малер-фэстам», падчас якога былі выкананыя ўсе сімфоніі кампазітара і які адбыўся з неверагодным поспехам.

Наступнага фестывалю, прысвечанага Малеру, Амстэрдаму давялося чакаць 75 гадоў. У 1995 годзе на працягу двух тыдняў сіламі чатырох знакамітых аркестраў — Канцэртгебаў, Берлінскага філарманічнага, Венскага філарманічнага і Юнацкага аркестра імя Густава Малера — былі выкананыя ўсе сімфоніі і іншыя творы кампазітара. Адбылося гэта адносна нядаўна, таму якасная дакументацыя (запісы публічных рэпетыцый, шыкоўны альбом-кніга фестывалю, фірмовыя кампакт-дыскі і DVD) даступныя меламанам.

І вось ужо ў наш час, у новым тысячагоддзі, Каралеўскі аркестр распачынае новы праект, прысвечаны свайму бясспрэчнаму сімвалу — Густаву Малеру. На працягу двух сезонаў, 2009/2010/2011, ушаноўваючы 150-я ўгодкі нараджэння вялікага кампазітара і 100-ю гадавіну ягонай смерці, аркестр мае выканаць у храналагічным парадку усе 10 сімфоній Малера (незавершаная Дзясятая прагучыць у дапісанай версіі Дэрэка Кука), а таксама «Песню пра зямлю» — сімфонію без нумару.

Пяць сімфоній ужо прагучалі ў мінулым сезоне. Першай дырыгаваў малады ангелец Дэніэл Хардынг. Распешчаная амстэрдамская публіка знайшла спосаб выказаць сваё захапленне майстэрствам самога аркестра (магутныя авацыі) і стрымана павітаць неадназначна прынятага дырыжора (толькі адзін выклік на паклон). Маштабнымі Другой і Трэцяй сімфоніямі, з хорам і салістамі, кіраваў шэф-дырыгент Марыс Янсанс. У прэсавых рэцэнзіях гэтае выкананне Другой сімфоніі называлі найлепшым за ўсю гісторыю (кожны з азначаных твораў аркестр за час свайго існавання выносіў на публіку ўжо больш за сто разоў). У красавіку Іван Фішар дырыгаваў Чацвёртай сімфоніяй, а ў чэрвені прагучала Пятая пад кіраўніцтвам Даніэле Гаці.

Калі хтосьці з чытачоў «Нашай Нівы» плануе ванроўку ў сталіцу Нідэрландаў, дык варта было б прымеркаваць яе, скажам, да 21 кастрычніка, калі за пультам стаяцьме Лорын Мазэль і гучацьме Шостая сімфонія. Або да 20 студзеня, калі пад кіраўніцтвам П’ера Булеза можна будзе пачуць Сёмую. Галоўны дырыжор аркестра Янсанс у рамках гэтага праекту кіруе яшчэ і Восьмай сімфоніяй, самай грандыёзнай (4 сакавіка). 13 мая за пультам будзе стаяць жывая легенда Канцэртгебаў і нацыянальны герой Нідэрландаў Бэрнард Хайтынк, пад яго кіраўніцтвам прагучыць Дзявятая сімфонія. Тыднем пазней выконваецца «Песня пра зямлю» з салістамі Аннай Ларсан (меца-сапрана) і Робертам Дэнам Смітам (тэнар), дырыжор Фабіа Люізі. Нарэшце, летнія вандроўнікі, акрамя прыемнага катання на чаўне па амстэрдамскіх каналах з келіхам піва «Хайнекен» у руцэ, маюць магчымасць пачуць Дзясятую сімфонію з Эліягу Інбалам за пультам.

Варта адзначыць, што ў нашай краіне Малер практычна не выконваецца. Тым больш на такім недасягальным узроўні майстэрства і традыцый. Для Нідэрландаў Малераўскі цыкл — безумоўна вялікая падзея. Білеты разыходзяцца вельмі актыўна. Цана аднаго квітка — ад 40 да 100 еўра, з маленькай колькасцю «найгоршых» месцаў за 20 еўра. Трохі выгадней купляць адразу ўсю серыю. Кожная з сімфоній паўтараецца некалькі дзён запар і заўсёды бывае магчымасць набыць білет у апошні момант.

У часы ўсё большай камерцыялізацыі акадэмічнага мастацтва магчымасць прысутнічаць на такога кшталту ўнікальных падзеях — гэта яшчэ і шанец дакрануцца да вечнага, велічнага і ўзнёслага. Публіка на такіх канцэртах асаблівая. Аднойчы, падчас уводнай лекцыі перад пачаткам канцэрта з Другой сімфоніяй у праграме, вядоўца запытаўся ў аўдыторыі: «Хто з прысутных хоць раз ужо чуў гэтую сімфонію ў жывым выкананні?» Практычна кожны ўзняў руку. «Добра, тады хто з вас тройчы чуў гэты твор нажыва?» Зноў лес рук. «Ўаў… А хто дзесяць разоў?» Добрая палова прысутных.

Пасля праслухоўвання кожнай з сімфоній немагчыма паводзіць сябе звыкла. Цяжка проста сесці ў трамвай і пераключыцца на паўсядзённасць. Захочацца прайсціся пешкам, трошкі аддыхацца, падумаць. Не заўважыш ні тыповага амстэрдамскага гарызантальнага дажджу, ні вулічных абадранцаў, ні гары смецця, якую сасмоктвае з ходнікаў прыбіральная машына. Малер выклікае моцнае ўзрушэнне, якое не апішаш словамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?