Падчас паседжання камісіі ЦВК, на якім выносілася папярэджанне ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева, кіраўнік яго штабу, Андрэй Дзмітрыеў, прапанаваў праводзіць тэледэбаты не ў запісе, а ў жывым эфіры.

На гэта Л.Ярмошына адказала, што «Белтэлерадыёкампанія больш упэўнена сябе адчувае, калі дэбаты паказваюць у запісе». Па словах А.Дзмітрыева, такі стан рэчаў не задавальняе штаб Някляева. «Мы пакідаем за сабой права не ўдзельнічаць у такіх тэледэбатах», — паведаміў у размове з карэспандэнтам «НН» А.Дзмітрыеў.

Тэледэбаты адбудуцца на Першым нацыянальным канале з 19-й да 21-й гадзіны. Радыёдэбаты — з 6-й да 7-й раніцы.

У дэмакратычных краінах дэбаты адбываюцца ўжывую і дазваляюць выбарцам супаставіць праграмы і здольнасці кандыдатаў.

Паколькі ў Беларусі няма незалежнага тэлебачання, існуюць толькі лукашэнкаўскія каналы, правядзенне дэбатаў у запісе дае спакусу для цэнзуры і тэхнічнага скажэння прамоўленага апазіцыйнымі кандыдатамі.

Варта нагадаць, што

за дзесяць апошніх гадоў лукашэнкаўскія тэлеканалы ні разу не інфармавалі нейтральна пра дзейнасць апазіцыі і ні разу не давалі слова яе лідэрам.

Адсутнасць тэледэбатаў ужывую пазбаўляе выбары важнага элемента канкурэнцыі, без якога яны не могуць быць выбарамі. Увядзенне жывых дэбатаў стала б важным тэстам на дэмакратычнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?