Ужо дэбютны твор Такарчук — раман «Падарожжа людзей Кнігі» (1993) быў высока адзначаны і крытыкамі, і чытачамі. Раман Такарчук «Анна Ін у грабніцах свету» (2006) — футурыстычная, амаль кіберпанкаўская трактоўка вядомага шумерскага міфу пра сыход багіні Інанны ў падземны свет — быў напісаны як унёсак у міжнародны праект «Міфы», у якім бралі ўдзел таксама Маргарэт Этвуд, Віктар Пялевін, Джэнет Уінтэрсан і іншыя сусветна вядомыя пісьменнікі. Яе творчасць спалучае папулярнасць і добры густ, філасофскую глыбіню і мастацтва аповеду. У Беларусь Такарчук прыехала з нагоды выхаду яе рамана «Правек ды іншыя часы» ў перакладзе Марыны Шода, рамана, які лічыцца адной з вяршыняў польскай міфатворчай прозы, польскай версіяй магічнага рэалізму. Пра пісьменніцтва, пра знаёмства з Быкавам, пра імідж Беларусі з пісьменніцай пагутарыў карэспандэнт НН.

Вольга Такарчук у мінскім Музеі гісторыі літаратурыў атачэнні этна-гурту Акана і перакладніцы Марыны Шоды.Фота Tarantino, budzma.org.

Вольга Такарчук у мінскім Музеі гісторыі літаратуры
ў атачэнні этна-гурту Акана і перакладніцы Марыны Шоды.
Фота Tarantino, budzma.org.

«Наша Ніва»: Тваё завочнае знаёмства з Беларуссю адбылося праз сустрэчы з Васілём Быкавым. Раскажы калі ласка як гэта адбылося.

Вольга Такарчук: У пачатку 2000-х я была на літаратурнай стыпендыі пад Берлінам. У доме адпачынку сярод і іншых літаратараў, але ў асобных памяшканнях жыла старэйшая пара. Яны жылі замкнёна, рэдка выходзілі. Маладыя пісьменнікі шапталіся: «Васіль Быкаў, пісьменнік у выгнанні». Але ніхто не наважваўся падысці да іх. Мяне вельмі ўзрушыла тое, што я і мае калегі можам з’ехаць дадому калі заўгодна, а ён тут фактычна блакаваны. Я была там адзінай славянскай пісьменніцай, таму, адчуўшы нейкую лучнасць, вырашыла падысці да іх пазнаёміцца. Яны выявіліся прыязнай парай. Ірына Міхайлаўна расказвала пра мне пра Беларусь побытавую. А Васіль Уладзіміравіч увесь час гаварыў пра палітыку. Калі я заходзіла ў іх кватэрку на гарбату, дык пан Васіль вельмі часта адбягаўся паслухаць радыё, напэўна, радыё «Свабода». Увогуле, адчувалася, што ён дужа засмучаны, перажывае дэпрэсію, часам у кватэрцы была цяжкая атмасфера. А яшчэ нас аб’ядналі паходы ў грыбы — як вы ведаеце, у Нямеччыне не прынята збіраць грыбы, але ў Польшчы і ў вас гэта прымальны занятак. Можна сказаць, мы сышліся на грыбной тэме. Падчас паходаў пані Ірына расказвала пра сваю вёску, дзе часам варылі мухаморы. Увогуле, у лесе пані Ірына і пан Васіль заўважна весялелі. Пан Васіль нават даставаў кілішкі і частаваў нас нейкай наліўкай. Гэтак мы прабавілі некалькі месяцаў, а потым яны атрымалі прытулак у Празе і з’ехалі.

«НН»: А ты сама не адчуваеш ціску, звязанага з тваёй дзейнасцю?

ВТ: У апошнія гады я заўважыла, што пісьменнік у любым выпадку, пра што б ён ні пісаў, робіць палітычны выбар. Раней я старалася ствараць пазбаўленую палітыкі літаратуру, але гэта немагчыма. Я проста заўважыла, што неўпрыкмет для сябе заняла досыць акрэсленую пазіцыю, пазіцыю левых, парваўшы з правымі, больш кансерватыўнымі і нацыяналістычнымі поглядамі. Апошнія мае кнігі — скрозь палітыка, але што зробіш: куды ні ткніся, усюды палітыка.

«НН»: Раман «Правек ды іншыя часы», што цяпер выйшаў у беларускім перакладзе, у міфалагічнай манеры расказвае гісторыю Польшчы ХХ ст. Ёсць уражанне, што погляд аўтаркі на набыццё незалежнасці, падзел Польшчы, Другую сусветную, саветызацыю не разыходзіцца з афіцыйным польскім поглядам на гісторыю.

ВТ: Ой, не. Можа, гэта цяпер складаецца такое ўражанне. У 1993-м, калі раман выйшаў, ён успрымаўся як хуліганскі і бунтарскі. Я паказала гісторыю з пазіцый, што сёння называецца, левага бачання. Напрыклад, пісала пра касцёл без пафасу, часам іранічна. Я вельмі хацела ўступіць у дыскусію з рамантычным бачаннем польскай гісторыі, парваць з дзяржаўным афіцыёзам, за што і атрымала адлуп ад крытыкі і некаторых выданняў. Казалі, што я парушаю польскія нацыянальныя інтарэсы і што я хутчэй гляджу на свет з украінскіх, русінскіх, габрэйскіх пазіцый. Але я адно хацела паказаць гісторыю з новай перспектывы, перспектывы асобнага чалавека, стварыць байку без маралі.

«НН»: Тваё апавяданне «Прафесар Эндрус у Варшаве» пра рафінаванага ангельскага прафесара, які сутыкнуўся з посткамуністычнай рэальнасцю, надрукаванае ў перакладзе на беларускую ў «Нашай Ніве», выклікала ў інтэрнэце розную рэакцыю. У асноўным праз падобнасць ментальнасці беларусаў і палякаў, што асабліва заўважна падчас прыезду замежнікаў. Але прыязджаючы ў Польшчу, беларускі турыст найперш здзіўляецца непадобнасці Польшчы да Беларусі. Дык, на тваю думку, належаць Польшча і Беларусь адной ментальнай прасторы ці ўсё ж па польска-беларускай мяжы праходзіць глыбокі светападзел?

ВТ: Я адчуваю прыналежнасць да ментальнай канструкцыі «Цэнтральная Еўропа», куды ўваходзяць народы, што зведалі камуністычны рэжым. Гэтае азначэнне пашыраецца на ўсходніх немцаў, украінцаў і славакаў. У гэтых народаў падобныя рухі цела: трохі такой нясмеласці, няўпэўненасці. А таксама патрыярхальныя погляды. Я не лічу, што гэта ўсё станоўчыя рысы, але я сама належу да гэтага.

«НН»: Якім краем здаецца табе Беларусь?

ВТ: Навіны пра Беларусь па польскіх тэлеканалах – хутчэй нярадасныя. Там яна паўстае як аграрная краіна, дзе ёсць рэжым і праблемы. Вельмі падобна некалькі гадоў таму нямецкае тэлебачанне казала пра саму Польшчу. Бусел, хаты і воз. Я чакала тут убачыць нейкія ўзрушэнні і балаган, а бачу ўпарадкаваныя дарогі і вялікія гарады.

«НН»: А наколькі ў Польшчы ведаюць беларускую культуру?

ВТ: Слаба. Вядома, з 70-х і 80-х засталася папулярнасць Быкава, пераклады яго ваенных раманаў. Беларусь хутчэй папулярная ў навуковых і культурных колах, якія адмыслова цікавяцца Усходняй Еўропай. У параўнанні з Украінай Беларусь ведаюць значна горш. Ведаюць беларускага мастака Лёніка Тарасевіча і пісьменніка Сакрата Яновіча, але яны ўпісаныя ў польскі кантэкст.

«НН»: ..Окей, Вольга, прызнаемся пісьменнікі засталіся, яны працягваюць пісаць, мы чытаем. Так, пісьменнік цяпер не звязвае неба і зямлю, але часам файна прабавіць час за кнігай… А на тваю думку, ці перастаў пісьменнік у сённяшнім свеце быць светачам? Ці засталася ў яго місія?

ВТ: Калі я пачынала пісаць, то лічыла, што пісьменніцтва — гэта спосаб самавыяўлення. Цяпер, пасля напісання 11 кніжак і заваявання сваёй публікі, прыйшло разуменне, што пісаць — гэта дзяліцца сваімі адкрыццямі з чытачамі, ставіць пытанні, на якія яны павінны адказваць і над якімі яны мусяць разважаць. Нягледзячы ні на якую сучаснасць, хочацца верыць, што літаратура робіць свет лепшым. Так што ў гэтым сэнсе місія засталася — яе ніхто не скасоўваў. Хіба сёння пісанне ў шуфляду не мае ніякага сэнсу. Я пішу для канкрэтнага чытача. Хачу мець зносіны з ім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?