Дарога ў Крэмль ляжала праз Спаскія вароты. Калі хто не ў курсе, то Спаская вежа — гэта з славутымі курантамі.

У дзвярах з надпісам «Службовы праход» стаяў толькі адзін ахоўнік. Ён уважліва углядваўся ў беларускія пашпарты, расшыфроўваючы экзатычную лацінку. Прычым, нярэдка зазіраў не на апошнюю старонку дакумента, а на шэнгенскія візы.

За чырвоным крамлёўскім мурам растуць дрэвы, напэўна, каб гуляючы між іх лепш думалася пра будучыню краіны. Роўненька ў радочак былі расстаўленыя з дзесятак рознакаляровых «фордаў‑фокусаў».

Прайшоўшы зусім нядоўга ўздоўж муру, нас папрасілі заходзіць у пад’езд нумар сем. Там зноў чакаў пашпартны кантроль. На другім паверсе стаяў металашукальнік. З сабой дазвалялася браць толькі блакнот, асадку і дыктафон.

Рэдактар «Народнай волі» Іосіф Паўлавіч Сярэдзіч казаў на гэта, што 20 гадоў таму металашукальніка тут не было. Яны тады разам з Анатолем Майсенем прыязджалі да Міхаіла Гарбачова.

Хвілін трыццаць прайшлі ў чаканні. Пасля чаго двое ахоўнікаў запрасілі падняцца на верх. Вокны памяшкання выходзілі на Красную плошчу. Зусім недалёка было да маўзалея.

Зала для прэс‑канферэнцыі была досыць сціплай. Ніякага чаканай раскошы, візантыйскага стылю не заўважыў. Проста, але з густам.

Здзіўленнем было, што на сустрэчы не аказалася нікога з расійскіх журналістаў. Не вялася відэаздымка. Калі журналіст БТ Тухто паспрабаваў запытацца, чаму так, то пачуў, што гэта не мае значэння.

Журналістаў размясцілі вакол стала па алфавітным парадку. Месца самога Сяргея Нарышкіна было ў цэнтры, побач з Русланам Бацянковым і Паўлам Шараметам.

На стале для кожнага ляжалі падрыхтаваныя сціплыя падарункі ў выглядзе нататніка і простага алоўка з надпісам «Крэмль». Шарамет жартаваў, што ў хатніх умовах так добра затачыць аловак немагчыма.

Сам Нарышкін увайшоў з процілеглага ўваходу. Ахова зусім сціплая і нават не заўважная.

Пакуль Нарышкін зачытваў падрыхтаванае слова, два старэнькія афіцыянты падавалі гарбату з лімонам, а таксама розныя піражкі. Чарвей у ежы не было. Дарэчы, білеты да Масквы і назад не аплачвалі. Гэта вам не прэс‑туры расійскіх журналістаў.

Сяргей Нарышкін гаварыў ціха, але дастаткова для таго, каб яго ўсе чулі за сталом. «Мы лічылі і лічым Беларусь самым надзейным і верным партнёрам Расіі», — пачаў ён прамову.

Тым не менш, «балюча ўспрымаць беспадстаўныя абвінавачванні і папрокі ў наш бок ад беларускага кіраўніцтва. З пачаткам выбараў узмацніліся антырасійскага рыторыка», — казаў Нарышкін.

На ягоную думку, такая палітыка беларускіх уладаў накіраваная на тлумачэнні памылак і пралікаў у эканамічнай і сацыяльнай сферы. Ну а за што выступае Крэмль? «За ўмацаванне атмасферы даверу між дзвюма краінамі».

Канечне, усіх цікавіла, ці гатовая Расія прызнаваць вынікі выбараў у Беларусі. «Расіі не ўсё адно, які выбар будзе зроблены беларусамі. Але мы не ўмешваемся ва ўнутраныя справы краіны. Што да прызнання выбараў, то яно будзе залежаць не ад таго, хто стане прэзідэнтам, а ад законнасці і справядлівасці выбараў», — зазначыў Нарышкін.

«Нам важна ўсведамленне шкоднасці тых крокаў, што робіць Мінск па дыскрэдытацыі беларуска‑расійскіх адносін», — запэўніў прадстаўнік Крамля.

Ён увогуле настойваў на тым, што павінны абавязкова выконвацца ўсе раней падпісаныя дамовы ў рамках інтэграцыі дзвюх краін.

Дзяржаўныя журналісты спрабавалі задаваць рэзкія правакацыйныя пытанні, лезці ў спрэчку з Нарышкіным, але той не паддаваўся. Працягваў сябе паводзіць абсалютна карэктна.

На пытанне «НН», чаму Расія толькі цяпер узгадала пра справы зніклых палітыкаў, быў наступны адказ: «Калі гэтае пытанне не падымалася афіцыйна, то не значыць, што яно нас не хвалявала».

Амаль адразу ў процівагу прагучала пытанне ад «Советской Белоруссии», як ідзе расследаванне гучных забойстваў у Расіі (Эстэмірава, Паліткоўская). «Вялікая праца ідзе. Хацелася б, каб у Беларусі назіралася такая ж інтэнсіўнасць у расследаванні гучных знікненняў».

«Народная воля» пацікавілася, ці ёсць у Расіі відэакадры забойстваў Захаранкі, Ганчара. «Я пра такія запісы не ведаю», — адрэзаў Нарышкін. Ён увогуле быў куды менш жорсткі, чым Мядзведзеў у нядаўнім відэазвароце.

Калі ў Нарышкіна пацікавіліся, якія б крокі беларускіх уладаў разглядаліся Масквой як добры знак, то пачулі, што «выкананне ранейшых дамоў было б гэтым знакам».

Масква не ставіць крыж на Лукашэнку. Такое ўражанне склалася пасля сустрэчы. Нарышкін не адкідваў магчымасці дамовіцца і з дзейсным кіраўніком.

Што датычыць апазіцыі, то ён ведае «якія‑ніякія імёны», але называць іх не захацеў. Зрэшты, не выключыў магчымасці нейкіх сувязяў паміж апазіцыяй і Крамлём. Дарэчы, гэтае пытанне прагучала ад карэспандэнта сайта «Гавары праўду».

«Хроснага бацьку» кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта глядзеў толькі кавалкамі, таму цэласнага ўражання не мае. «У журналістаў проста перапоўнілася цярпенне», — зазначыў ён.

У Крамля ж, як выглядае, цярпенне ўсё ж крапчэйшае. Агулам прэс‑канферэнцыя доўжылася гадзіну і дваццаць хвілін. Спыніць яе прапанаваў сам Нарышкін. Што хацеў, тое ён сказаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?