Канцэпцыя развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2015 года прадугледжвае, што большасць жыллёвага фонду будзе абслугоўвацца праз таварыствы ўласнікаў.

Фактычна, ЖЭСы і ЖРЭА мусяць адмерці як рэлікт эпохі. Што прапануецца ўзамен? З таго, што існуе зараз, найбольшы інтарэс выклікаюць таварыствы ўласнікаў. Тое, што ў народзе называюць «прыватныя ЖЭСы».

Што гэта такое і якія ёсць плюсы і мінусы ў гэтай з’явы, «Нашай Ніве» расказаў галоўны інжынер аднаго з самых паспяховых мінскіх таварыстваў уласнікаў «Агмень» Генадзь Калёнаў. Яго вотчына знаходзіцца ў сталіцы па адрасе Лагойскі тракт, 19/4. Калісьці дом быў праблемным, бо будаўнікі здалі яго з шматлікімі недаробкамі. Гэта было ў 2003 годзе, недахопы прыйшлося выпраўляць уласнаручна, а праз некалькі гадоў «Агмень» дамогся кампенсацыі ў несумленных будаўнікоў.

Цяпер дом можна назваць узорнапаказальным.

Пад’езды чысцюткія, а ў двары пасаджаныя кветкі з Батанічнага сада. Садоўнікі падстрыгаюць кусты, на паркоўцы нанесена разметка… Не хапае толькі афіцыйных замежных дэлегацый, каб паказаць дбанне беларусаў пра сваё жыллё.

І ўсё гэта — дзякуючы фактычнай незалежнасці ад дзяржаўных жыллёваэксплуатацыйных структур.

«З бюджэту мы не ўзялі ніводнай капейкі», — падкрэслівае Генадзь Калёнаў.

Хмарачос нароўні з драўлянай халупай

«Закон аб сумесным домаўладанні прадугледжвае некалькі варыянтаў: напрыклад, гэта непасрэднае кіраванне (да 5 кватэр) без стварэння юрыдычнай асобы, таварыства ўласнікаў. Згодна з заканадаўствам, калі ж грамадзяне не самаарганізоўваюцца, іх далучаюць да ЖРЭА адпаведнага раёна. Фактычна ім прызначаецца ўпаўнаважаны ў асобе дырэктара ЖРЭА, — расказвае ён цяперашнюю сітуацыю. — Нядаўна Адміністрацыя прэзідэнта праводзіла маніторынг грамадскага меркавання. Высветлілася, што 40% скаргаў насельніцтва адносяцца да сферы ЖКГ. Людзі выказаліся, што гэта насамрэч вялікая праблема. Але яны не хочуць удзельнічаць у мерапрыемствах па змене сваіх умоў, стварэнні асацыяцый ці таварыстваў уласнікаў. Яны чакаюць, што нехта за іх зробіць».

Праект «Жыллёвыя рэформы з удзелам насельніцтва» рэалізуецца ў Беларусі пры падтрымцы Еўрасаюза. Хоць яго тэрмін дзеяння сканчаецца ў снежні 2010 года, спробы папулярызацыі таварыства ўласнікаў можна лічыць паспяховымі. Большасць навабудаў, якія здаюцца ў Мінску, адразу ж арганізоўвае сваю структуру, не звяртаючыся да ЖРЭА.

«Усе дамы ў Беларусі розныя. Параўнайце: пасёлак гарадскога тыпу,

пяціпавярховік, ліфта няма, дваровай тэрыторыі фактычна няма, лавачак няма. І хмарачос у цэнтры Мінска:

падземны гараж, пяць ліфтаў, сістэма дымавыдалення, пажарагашэння, дыстанцыйнага кіравання лічыльнікамі… — разважае Генадзь Калёнаў. — Ці могуць быць затраты на эксплуатацыю першага і другога дома аднолькавымі? Ніколі! Але тарыфы ўсталёўваюцца пастановай Савета міністраў аднолькавыя для ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гэта не эканоміка».

З гэтага вынікае і адзін з недахопаў таварыстваў уласнікаў. Стварыць акупляльную структуру ў «сталінцы» ці «хрушчоўцы» амаль нерэальна, бо амаль ўсе памяшканні патрабуюць капітальнага рамонту. Прычым адлічэнні на рамонт выплачваліся ЖЭСу дзесяцігоддзямі. Дык што, пакінуць тыя грошы дзяржаве і скідвацца пановаму? Рытарычнае пытанне.

Справаздача ад ЖЭСа стане рэальнасцю

«Каб развіваліся рынкавыя адносіны ў кіраванні жылым фондам, павінны існаваць дзве ўмовы, — працягвае Генадзь Калёнаў. — Папершае, гэта канкурэнцыя. Спадзяюся, яна з’явіцца ў бліжэйшыя гады. А вось другая — празрыстасць і адкрытасць. У новым Жыллёвым кодэксе, які парламент збіраецца прымаць у бліжэйшы час у першым чытанні, прапісаная яшчэ адна форма домаўладання — „праз арганізацыю“. Гэта зроблена па нямецкім прынцыпе.

Нават калі гэта будзе ЖЭС, у канцы кожнага фінансавага года ён будзе павінен прадаставіць справаздачу. Пакуль што гэта не прадугледжваецца. А вось таварыства ўласнікаў абавязанае прадастаўляць справаздачу штогод ужо цяпер. Напрыклад, па выніках восеньскага прагляду дома складаецца фінансавы план на наступны год, і ў студзені кожны жыхар дома атрымлівае справаздачу за папярэдні год і план наступнага. У дакуменце — абсалютна ўсе банкаўскія плацяжы за год па месяцах».

Падсправаздачны ЖЭС — нешта падобнае на казку. Куды цякуць грошы «тэхнічнага абслугоўвання», цікава кожнаму жыльцу дома.

Даражэйшае, але і прыгажэйшае

І ўсё ж галоўнае пытанне, якое паўстае перад тымі, хто вагаецца паміж ЖРЭА і таварыствам уласнікаў, ці адрозніваецца квартплата? Большая ці меншая, чым у ЖЭСе? «Як калі, — кажа Генадзь Калёнаў. — Гэта ж самакіраванне. Калі агульны сход прыме рашэнне трымацца тарыфаў Саўміна, квартплата будзе такой самай, як у ЖЭСах. Напрыклад, існуе асацыяцыя „Юнацтва. Орша“. Невялікі горад з адпаведнымі заробкамі, праблемы з беспрацоўем… Мэта арганізацыі — паменшыць страты. І яны выкарыстоўваюць дзяржаўныя тарыфы, але замена сантэхнікі ў іх, у адрозненне ад ЖЭСаў, бясплатная. Тэрыторыя агароджаная, відэаназіранне, але яны ўкладваюцца ў гэтыя тарыфы. Яны аказваюць нашмат больш паслуг за тыя ж грошы і аказваюцца ў плюсе. У сталіцы ж даходы ў насельніцтва большыя, але і запыты большыя, таму мінчукі згодныя плаціць больш. У „Агмені“ тарыфы большыя, чым у дзяржавы, але таварыства не атрымлівае датацый.

Прыходзіць рахунак ад пастаўшчыка паслугі і дзеліцца на ўсіх у залежнасці ад долі.

Ніякіх нармаваныхненармаваных метраў, прапіскі ці рэгістрацыі… Нас гэта не хвалюе».

Праўда, яшчэ адзін радок стратаў для таварыстваў уласнікаў — першасны ўзнос. У некаторых навабудах Мінска ён дасягае 18 мільёнаў рублёў. Гэта $6 тысяч! Зарплата бухгалтару і дырэктару, абсталяванне, рэзервовы фонд арганізацыі… — прыдумаць прычыну, пад якую варта сабраць грошы, нескладана. Вось толькі ці акажацца часовы дырэктар зацікаўлены ў тым, каб захаваць і памножыць гэтыя грошы, а не пакінуць рэшту ад «адкату» сабе ў кішэні.

Насамрэч крытычных водгукаў пра таварыствы хапае. Часам кампаніязабудоўшчык фактычна праштурхоўвае на выбарах у дырэктары сваіх кандыдатаў, якія па сумяшчальніцтве «ўзначальваюць» яшчэ дватры дамы. Дый паскардзіцца на кіраўніцтва складана. Калі, змагаючыся з ЖРЭА ці ЖЭСам, можна дайсці хоць да Адміністрацыі прэзідэнта, то з недзяржаўнымі структурамі складаней. Часам урэшце жыльцы плююць на жыллёвую незалежнасць і звязаную з ёй нявызначанасць і вяртаюцца да «роднага» ЖЭСа.

Прыступка да прыходу прафесіяналаў

«Будучыня не за таварыствамі ўласнікаў, — падводзіць вынікі Генадзь Калёнаў. — З цягам часу прыйдуць прафесійныя прыватныя домакіраўнікі. Можна будзе абраць з 10–15 кампаній найлепшую. Як павінна быць у ідэале? Выбарны орган дома заключае дамову з пэўнай кампаніяй. Калі яе праца не задавальняе, дамова заключаецца з больш паспяховымі канкурэнтамі».

Ён рэальна ацэньвае сітуацыю і не з’яўляецца прыхільнікам таго, каб таварыствы ўласнікаў ахапілі ўсю краіну. Адзнаку ў 50% рынку можна лічыць своеасаблівым максімумам.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?