Варшаўскі суд ужо другі раз адмовіў ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні з турмы грамадзяніну Беларусі Сяргею М., асуджанаму на пяць з паловай гадоў турмы за шпіянаж супраць Польшчы.

У канцы верасня акруговы суд Варшава-Прага адмовіўся прыняць заяву аб датэрміновым вызваленні М., які знаходзіцца за кратамі амаль чатыры гады.

Як паведаміў Польскаму прэсаваму агенцтву суддзя Марцін Лахоўскі, суд усталяваў, што працэс перавыхавання правапарушальніка ідзе, але ён усё адно павінен застацца на кратамі. «Няма ніякіх падставаў дакладна сцвярджаць, што пасля вызвалення ён не здзейсніць злачынства зноў», — дадаў суддзя.

Гэта ўжо другая адмова ў вызваленні М. (першая была ў студзені гэтага года). Адвакат М. Магдалена Бянткоўска сцвярджае, што яе кліент заслужыў датэрміновае вызваленне, бо мае вельмі добрую рэпутацыю ў турме. Юрыст збіраецца падаць чарговае хадайніцтва цягам паўгода.

Сакрэтная інфармацыя пра Міністэрства замежных справаў Польшчы

У верасні 2009 акруговы суд у Варшаве пасля закрытага працэсу, што цягнуўся з чэрвеня 2008, асудзіў 43-гадовага М., высветліўшы, што той за грошы спрабаваў атрымаць сакрэтную інфармацыю пра МЗС Польшчы. Адвакат па просьбе свайго кліента не стала падаваць апеляцыю, «каб не зацягваць працэс», але прасіла аб датэрміновым вызваленні. Ён атрымаў на гэта права, правёўшы за кратамі больш за палову тэрміну.

Сяргея М. арыштавалі ў Літве ў лістападзе 2006 на просьбу польскага боку, які потым запатрабаваў яго экстрадыцыі. У 2007 літоўскі суд пагадзіўся выдаць М., якога вінавацілі ў «шпіянажы на карысць Беларусі супраць Польшчы», за што яму пагражала ад аднаго да 10 гадоў турмы.

Сяргей М. хацеў завербаваць польскага консула

Абвяшчаючы прысуд, суддзя Пётр Шаб прызнаў бясспрэчнымі доказы абвінаваўчага боку. У 2005 у Мінску М. прапанаваў грамадзяніну Польшчы Кшыштафу Г. (паводле «Палітыкі», тагачаснаму консулу Польшчы ў Беларусі) за грошы працаваць на карысць беларускай разведкі. Сяргей М. хацеў атрымаць ад Г. спіс супрацоўнікаў польскага МЗС, нумары іх працоўных тэлефонаў, спіс людзей, якія едуць у дыпламатычныя місіі, падрабязнасці пра таемныя службы МЗС разам з імёнамі іх супрацоўнікаў і планамі памяшканняў, а таксама дакументы польскага МЗС, што датычаць Расіі і Беларусі. Паводле абвінаваўчага заключэння, М. разам з Г. таемна ўсталяваў у МЗС прылады сувязі, а падчас сустрэч у Празе ў абмен на абяцанне даць яму патрэбную інфармацыю заплаціў Г. $500 і 850 еўра.

М. сцвярджаў, што ён невінаваты і з’яўляецца ахвярай правакацыі Кшыштафа Г. Адвакат прасіла апраўдання М., пракурор настойваў на абвінаваўчым выраку.

У 2009 штотыднёвік «Палітыка» паведаміў, што літоўскія і беларускія СМІ здабылі некаторыя асабістыя дадзеныя галоўнага польскага сведкі, якія маглі падвергнуць яго небяспецы. Паводле дадзеных «Палітыкі», Кшыштаф Г. быў супрацоўнікам польскай разведкі і «свядома служыў на разведвальнае ўпраўленне ў якасці «жыўца». Па дадзеных часопіса, працуючы консулам у Беларусі, ён спецыяльна «прывёў» М. у Вільню, дзе той быў арыштаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?