У панядзелак, 11 кастрычніка, у Гаспадарчым судзе Гродзенскай вобласці мела адбыцца ліквідацыя фірмы «Палоніка» — установы, звязанай з незалежным Саюзам палякаў Беларусі.

Аднак у апошні момант ініцыятар ліквідацыі — падатковая інспекцыя Гродзенскай вобласці — адмовілася ад працэдуры.
Непасрэдна перад пачаткам працэсу да сабраўшыхся перад будынкам суда актывістаў СПБ і тых, хто прыйшоў іх падтрымаць (агулам каля ста чалавек) выйшаў старшыня Гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці і паведаміў, што позва адкліканая, а справа перададзеная ў архіў.

Такое рашэнне было нечаканым, бо ў будынак суда ўжо прайшоў будучы антыкрызісны кіраўнік «Палонікі». Сябра Рады СПБ, Андрэй Пачобут, лічыць, што гэта сведчыць аб слабасці беларускіх уладаў:

«Нас прыйшло падтрымаць шмат людзей, каля сотні. Прычым сярод іх былі не толькі сябры СПБ, але і людзі Раманчука, Саннікава, сябры БНФ. Было шмат журналістаў. Гэта напалохала ўлады.
У іх не атрымалася правесці справу ціха і ўлады адкруцілі механізм назад. Гэта сведчыць аб адсутнасці тактыкі дзеянняў у дачыненні да СПБ. Для іх гэтай праблемы папросту не існуе».
Разам з тым, штраф у $40 тыс., накладзены на «Палоніку» падатковай інспекцыяй, застаецца.

Нагадаем, што ініцыятарамі ліквідацыі фірмы «Палоніка» выступілі гродзенскія падаткавікі. Старшыня падатковай інспекцыі Ленінскага раёну Гродна звярнуўся ў Гаспадарчы суд вобласці з прапановай распачаць справу аб банкруцтве фірмы, якая дзейнічае пры неафіцыйным СПБ. Па выніках праверкі падатковая інспекцыя наклала на «Палоніку» штраф памерам у $40 тысяч. Фірма не была ў стане яго сплаціць.

Штраф быў прызначаны за тое, што фірма атрымлівала дапамогу ад «Вспульноты польскай» на заняткі польскай мовай і на падвышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, якую афармляла як гаспадарчую дамову. Суд палічыў, што дапамогу польскай арганізацыі варта было афармляць як гуманітарную дапамогу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?