Вам прызначыў спатканне Ён, той, пра каго думалі днямі і начамі. Такую сустрэчу раней можна было толькі бачыць у марах. Але цуд абяцае стаць рэальнасцю. Да спаткання застаецца пару дзён. А вам трэба добра сабрацца, каб выглядаць на ўсе сто. У кашальку толькі-толькі з’явілася стыпендыя, і вы яшчэ не паспелі распусціць яе на розныя дробязі. Таму дзесьці 170 тысяч рублёў для новага гардэроба вы маеце дакладна.

Але як найлепш іх патраціць, каб на ўсё хапіла, каб было і прыгожа, і не вельмі дорага? Я паспрабавала розныя варыянты, і вось што магу параіць.

Варыянт № 1. Невялічкая модная крама

Крамы з адзеннем можна знайсці літаральна на кожным кроку. Адны з іх гандлююць іншаземнымі брэндамі і выстаўляюць неверагодныя цэны. Але ёсць і такія, што прапануюць якаснае, стыльнае адзенне за невялікія грошы. Займацца пошукам такіх месцаў, калі ў вас мала часу, няма сэнсу.

Бо тое, што не трэба зараз, бачна заўсёды. А як толькі яно спатрэбіцца, не знойдзеш. Таму кожная дзяўчына павінна загадзя ведаць пару такіх «сакрэтных» месцаў. Калі вы яшчэ не маеце іх, то не лянуйцеся, ідучы па горадзе па справах, зазіраць у сустрэчныя крамы, і цікаўцеся мадэлямі і коштамі. Раней ці пазней вам пашанцуе, і вы купіце стыльны джэмпер за 20 тысяч рублёў ці сарафан за 49. Больш гэтыя месцы вам ужо не абмінуць. Вы будзеце перыядычна туды зазіраць, каб паглядзець, ці не з’явілася чаго-небудзь таннага і прыгожага.

У мяне на прыкмеце ёсць крама адзення з Даніі. Свой касцюм для спаткання я пачала падбіраць там. Мне прыйшліся даспадобы элегантныя сукенкі з трыкатажу і шоўку. Яны ўдала сумяшчалі спартыўны і вытанчаны жаночы стылі і каштавалі ад 55 да 95 тысяч рублёў. Да такой сукенкі прыглушана-блакітнага колеру я падабрала яшчэ падвеску за 29 тысяч і шалік за 30. Засталося набыць толькі такія ж няяркія калготкі з узорамі — і ўбор гатовы.

Любіцелям больш нефармальнага адзення тут таксама было што выбраць. Папулярныя пэўны час штаны-афганы можна набыць за 80 тысяч рублёў. У дадатак — доўгая майка з выявамі жаночых твараў, іншымі малюнкамі за 55 тысяч. А калі вы выдатнік і маеце большую стыпендыю, то вам за 60 тысяч свеціць яшчэ і выдатная куртачка з маланкамі, кнопкамі колеру хакі (брудна-зялёнага).

Варыянт № 2. Sесоnd hаnd

Хуткія метамарфозы адбыліся з адной маёй сяброўкай дзякуючы гэтай краме. Пакуль жыла ў родным горадзе, яна апраналася вельмі класічна. Спадніцы з завышанай таліяй, строгія штаны, белыя блузкі, высокія абцасы былі яе ўлюбёным адзеннем. Але, як толькі яна паступіла вучыцца на дызайнера, пераехала жыць у Мінск і пасялілася побач з Сэкандам, яе стала проста не пазнаць. Каляровыя спадніцы, шорты, кофты, апранутыя адна на адну і галоўнае — увесь абутак на нізкай падэшве. Зразумела, са зменай адзення змянілася і яна сама.

Але для таго, каб купляць такую не зусім новую вопратку, патрэбны добры густ. Найлепей гэта атрымліваецца ў людзей творчых прафесій. Бо тое, што дастаецца «з чужых плячэй», ужо не мае добрай формы і рэдка сядзіць па фігуры. Таму тут трэба ўмець добра спалучаць рэчы.

На гэты раз я зайшла ў сэканд і зразумела, што грошы дазваляюць мне не толькі апрануцца на спатканне, але і змяніць увесь свой гардэроб. Але грошы — адно, а наяўнасць добрых мадэляў — іншае. У гэтую краму нельга ісці за нечым канкрэтным: яго, хутчэй за ўсё, у добрым выглядзе не акажацца. Трэба праглядаць усё, што вас больш-менш цікавіць. Час ад часу можна знайсці сапраўды добрую рэч. Наведваючы сэканд, я заўсёды шкадую, што не ўмею шыць. Бо знаходзіцца многа танных цікавых рэчаў, якім чагосьці не хапае. Трэба ці ўшыць шырыню, ці прымацаваць гузік, ці адрэзаць каўнер.

Таму сэканд для таго, каб апрануцца на спатканне, падыходзіць, калі вы ўмееце самі ствараць сваё адзенне.

Варыянт № 3. Гарадскі ўнівермаг

Ва ўнівермагу адзенне зазвычай больш якаснае, чым на тым жа рынку. Тут можна набыць і сапраўдную шэрсць, і лён, і чыстую бавоўну без дабаўлення сінтэтыкі. Таму тым, для каго галоўнае — якасныя тканіны, трэба ісці сюды.

Але ні арыгінальнасцю мадэляў, ні нізкімі коштамі ўнівермаг мяне не здзівіў. Для спаткання я падабрала шэры трыкатажны сарафан, адмыслова пераплецены на грудзях, за 140 тысяч рублёў і пяшчотна-ружовы паўпразрысты гольф са шматлікімі выявамі жанчын ці звычайную белую кофту з невялікім выразам за 35 тысяч (у стыпендыю ніяк не ўкладваемся!). Тым дзяўчатам, што любяць пакрасавацца стройнымі ножкамі, спадабаюцца чорныя льняныя шорты за 50 тысяч рублёў, а ў дадатак — шаўковая блузка за 70 тысяч. На грошы, што застануцца, можна парадаваць сябе такімі рэчамі як шалік (ад 20 тысяч рублёў), падвеска (29 тысяч), аксамітавыя пальчаткі (14 тысяч). Не грэбуйце такімі, на першы погляд, дробязямі. Удала падабраны аксесуар можа стаць галоўнай нотай вашага строю.

Варыянт № 4. Гандлёвы цэнтр

Упершыню ў гандлёвы цэнтр з рознымі маркамі адзення я трапіла са сваёй сяброўкай з іншай краіны. Для яе насіць адзенне модных брэндаў — звыклая справа. Аднак я паглядзела на кошты і зразумела, што такая прыгажосць пакуль не для мяне. У такіх выпадках я ніколі не засмучаюся і думаю пра тое, што праз нейкі час я, магчыма, змагу купляць цэлыя стосы такога адзення і з усмешкай узгадваць студэнцкія гады.

Зараз я вынайшла сістэму, якая дазваляе мне час ад часу купляць там адзенне. «Твая рэч будзе цябе чакаць» — гэтак якраз такі выпадак. Паблукаўшы па розных крамах, можна знайсці выдатную кофтачку ці спаднічку, якая падыходзіць менавіта вам. І каштаваць яна будзе не вельмі дорага. Але зніжкі адбываюцца не з-за таго, што рэчы не распрадаюцца ці губляюць якасць. Кошт падае, калі застаецца адзіная рэч з калекцыі і, адпаведна, адзін памер — твой. Купіўшы адзенне ў такой краме, вы будзеце хацець апранаць яго зноў і зноў, а не ісці за іншым, пару разоў памыўшы.

Збіраючыся на спатканне ў гэтым гандлёвым цэнтры, я вырашыла купіць тое, што павінна быць у гардэробе любой дзяўчыны — маленькую чорную сукенку. Яна ідэальна села на фігуру, мела не вельмі вялікі выраз, даўжыню крыху вышэй калена і каштавала ўсяго 67 тысяч рублёў. У іншай краме цэнтра, якая вельмі папулярная ў моладзі, я падабрала сінюю кофту з невялічкай маланкай, на канцы якой металічнае кальцо, за 43 тысячы і лімонную доўгую майку, каб надзяваць пад ніз, за 23 тысячы. Гэты камплект больш нефармальны.

Варыянт № 5.Не траціць грошы

Збіраючыся на галоўнае спатканне ў сваім жыцці, можна і не траціць грошы, толькі абавязкова набыць новыя калготкі, калі надзяваеце спадніцу. Грошы можна захаваць па дзвюх прычынах.

Па-першае, яны патрэбны на штосьці іншае, напрыклад, на падарунак для маці або курсы замежнай мовы. Ёсць і такія студэнты, што цэлы месяц жывуць на стыпендыю, не падпрацоўваючы і не атрымліваючы падтрымкі бацькоў. Таму распусціць усе грошы на адзенне — недапушчальная раскоша. Тады варта агледзець увесь свой гардэроб. У самых далёкіх куточках можа знайсціся тое, пра што вы даўно забыліся. Старая рэч можа нечакана добра пасаваць да новай, купленай нядаўна. Калі ўмееце, перашыйце што-небудзь старое — дадайце кветку да старой сукенкі, абрэжце ніз доўгай спадніцы. Але надзявайце гэта толькі тады, калі ўпэўнены, што не здаецеся смешнымі. Варта пашчыраваць і над прычоскай, манікюрам, макіяжам. Але важнае спатканне — не падстава для эксперыментаў. Трэба мець пэўны вопыт, каб удала «размаляваць» сябе. Таму рабіце тое, што добра ўмееце, каб не прыйшлося ў апошні момант змываць галаву з-за няўдалых кудзерак. Добрая прычоска, манікюр, макіяж плюс ваша ўпэўненасць — за імі сціплага адзення будзе проста не заўважаць.

Па-другое, грошы можна не траціць, калі… вам гэтага не хочацца. Малады чалавек ужо вас за штосьці ўпадабаў, калі запрасіў на спатканне. Значыць, вы патрэбны яму ў першую чаргу такая, як ёсць. І новыя ўражанні ад вашай знешнасці неабавязковыя, калі новыя ўражанні будуць сыходзіць ад вашых зносінаў.

Варыянт № 6. Не ісці на спатканне

Галоўнае спатканне ў вашым жыцці можа ў запланаваны вамі час і не адбыцца. Таму што хлопец не можа, перадумаў або пажартаваў. Так, здараецца і такое. Вы, апранутая, нафарбаваная, чакаеце вось-вось яго з’яўлення. А ён тэлефануе і кажа: «А я ўсё яшчэ на працы, у іншым канцы Беларусі. Я ж жартаваў, думаў, ты разумееш». Тут не трэба засмучацца і заліваць гора слязьмі.

Першае, што трэба зрабіць, — гэта сесці і паспрабаваць напісаць верш. Пад самоту яны ідуць вельмі добра! А другое — гэта самой заняць сябе. Трэба некуды выбрацца: на канцэрт, якую-небудзь прэзентацыю, з’ездзіць у іншы горад. Бо новыя знаёмствы самі сабой з’яўляюцца рэдка. А яшчэ можна патэлефанаваць старому сябру, з якім вашы зносіны яшчэ сябе не вычарпалі. Час ідзе, людзі мяняюцца…

Збірайцеся на галоўнае спатканне ў сваім жыцці старанна, цярпліва, доўга. Ад стварэння ўласнага прыгожага вобраза можна таксама атрымаць асалоду. Не шкадуйце ні стыпендыі, ні часу. І, калі вы скажаце, што не маеце грошай на новую сукенку, я вам не паверу. Сапраўдная жанчына будзе месяц сядзець на аўсянцы і вадзе, але купіць жаданую рэч. Можа, сапраўды, гэта будзе для вас галоўная сустрэча? Кажуць, кожны дзень трэба пражываць, як маленькае жыццё. Значыць, да кожнага спаткання трэба рыхтавацца, як да апошняга ў жыцці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?