1. Інвертар

Хто валодае электрычнасцю — валодае светам. Звычайнай разеткі не хапае кожнаму кіроўцы ці пасажыру. Зарадзіць мабільнік, уключыць ноутбук ці маленькі тэлевізар, нават заварыць гарбаты — усе гэтыя дзеянні складана зрабіць у салоне машыны. Для тых, хто хоча пераўтварыць аўтамабільныя 12 вольт у звычайныя беларускія 220 вольт, прадаюцца інвертары. Простымі словамі — пераўтваральнікі напружання. У беларускіх інтэрнэт-крамах такая карысная дробязь каштуе ад 90 тысяч рублёў ($30). Часцей за ўсё, на інструкцыі напісана папярэджанне, што прылада сама адключыцца, калі аўтамабільны акумулятар амаль разрадзіцца. Але ў любым выпадку злоўжываць інвертарам не трэба — напрыклад, падключаць пральную машыну ці халадзільнік.

2. Алкаметр

Прыкладна столькі ж каштуе і прыстасаванне для тых, хто асцерагаецца сустрэчы з інспектарам ДАІ. Канкрэтней — баіцца дыхнуць у твар даішніку «водарам» гарэлкі. Вядома ж, лепш пасля ўжывання алкаголю ўвогуле не сядаць за руль. Але каб праверыць у раніцы, што засталося ў арганізме ад учарашніх прыгод, прылада дапаможа. Цэны ў інтэрнэт-крамах вар’іруюцца ад $25 да $50.

3. Відэарэгістратар

Наступная прылада таксама дапаможа ў зносінах з ДАІ. Аўтамабільны відэарэгістратар уяўляе сабой мініяцюрную лічбавую камеру, якая ў рэжыме нон-стоп вядзе запіс дарожнай сітуацыі на картку памяці. Прычэплены на лабавое шкло, ён «бачыць», што адбываецца наперадзе. Пасля гэтае відэа можна праглядзець на камп’ютары і даведацца, ці правамоцна паводзілі сябе супрацоўнікі ДАІ і хто насамрэч вінаваты ў ДТЗ. Адзіная непрыемная рэч, што такі запіс не будзе ў выпадку чаго прыняты ў судзе ў якасці доказу. Самыя недарагія мадэлі каштуюць $80. У дарагіх мадэлях ёсць і камера задняга віду, якую вешаюць на задняе шкло ці бампер.

4. Навігатар

Электронная карта для тых, хто выпраўляецца ў далёкае падарожжа ці слаба арыентуецца ў горадзе. Усе дарогі, усе павароты і ўсе дамы з галасавымі падказкамі. Кажуць, што дапамагае не заснуць у дарозе.

Калі яшчэ працуе і сервіс «Пробкі» — дык увогуле цаны навігатару няма. Хоць слепа верыць навігатару нельга — часам ён можа «параіць» і павярнуць у адбойнік збоку дарогі. Ашчадлівыя могуць прыдбаць навігатар за $80, але сярэдні кошт прылады складае $120–140.

5. Радар-дэтэктары

Гэта «пішчалкі», якія спрацоўваюць пры набліжэнні да камеры ДАІ. Беларускім занадаўствам яны не забароненыя, больш за тое, міліцыя нават вітае іх прымяненне. Маўляў, знізіце хуткасць — і тое добра. Нельга выкарыстоўваць толькі антырадары — прыстасавнні, якія ўмешваюцца ў працу прыбораў ДАІ. Дэтэктары рэагуюць на радыёсігналы і «заліваюцца» гукам. Недарагія мадэлі каштуюць усяго $40, але цалкам магчыма, што яны не перахітраць найноўшыя прыборы ДАІ. Атрымаецца, што дэтэктар спрацуе толькі тады, калі інспектар ужо паспее зафіксаваць перавышэнне хуткасці. Цана на самыя дарагія апараты дасягае $400, але яны паспяваюць зрэагаваць нават на «стральбу на хаду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?