Сябры: гэта не самагубства. Пракурор: перадсмяротнай запіскі няма. Судмедэкспертыза: ніякіх слядоў, акрамя странгуляцыйнай баразны на шыі.

Дом у вёсцы Пярхурава, дзе быў знойдзены Алег Бябенін.

Дом у вёсцы Пярхурава, дзе быў знойдзены Алег Бябенін.

Алег Бябенін быў заснавальнікам і кіраўніком сайта charter97.org. Цела журналіста знайшлі ў пятніцу, а 17.30 на яго дачы пад Менскам. Ён быў або задушаны, або павесіўся. Странгуляцыйная баразна на шыі — вынік засільвання.

У пятніцу на месцы здарэння працавалі міліцэйскія эксперты.

У суботу пракурор Дзяржынскага раёна Сяргей Каўрыгін паведаміў:

перадсмяротнай запіскі не выяўлена.

Менавіта пракуратура Дзяржынскага раёна праводзіць праверку па факце смерці журналіста.

Праваахоўныя органы ў якасці папярэдняй прычыны смерці журналіста Алега Бябеніна разглядаюць самагубства.

Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Данільчанка: «Бябенін вісеў на самаробнай пятлі, прымацаванай да сходавага пралёту, які вядзе на другі паверх дома. Побач ляжаў табурэт», — расказаў Данільчанка.

Паводле яго слоў, «пры аглядзе дома знайшлі дзве пустыя бутэлькі з-пад спіртнога напою «Беларускі бальзам». Слядоў барацьбы і знешніх пашкоджанняў на трупе не было выяўлена», — сказаў Данільчанка.

«Паводле слоў суседзяў, напярэдадні і ў дзень трагедыі, акрамя самога Бябеніна, яны не бачылі ніякіх пабочных асоб на лецішчы. Акрамя таго, не знойдзена ніякай перадсмяротнай запіскі», — адзначыў ён.

Начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама таксама паведаміў, што цяпер праводзіцца дадатковае апытанне суседзяў. «Паводле нашай інфармацыі, Бябенін 2 верасня выехаў з дома на лецішча і перастаў выходзіць на сувязь. Жонка Бябеніна папрасіла сваю сястру высветліць, чаму ён не адказвае на званкі па мабільным тэлефоне. Сястра знайшла труп», — сказаў ён.

Судмедэкспертыза не выявіла ніякіх пашкоджанняў на целе, акрамя странгуляцыйнай баразны ад пятлі.

Лецішча таксама наведалі Андрэй Саннікаў ды іншыя паплечнікі Бябеніна. Са словаў ягонага сябра Змітра Бандарэнкі,

напярэдадні Алег сустракаўся з калегамі і ніякіх прыкметаў дэпрэсіі яны не заўважылі.
Наадварот, Алег быў поўны планаў.

Сайт charter97.org працаваў апошнім часам у нармальным рэжыме. Сайт быў рэзка апазіцыйна настроены да цяперашніх уладаў Беларусі.

Лідэр кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Андрэй Саннікаў заявіў, што «ў смерці заснавальніка й кіраўніка сайта charter97.org шмат што выклікае вялікія сумневы».

«На просьбу родных мы не давалі інфармацыі да правядзення судмедэкспертызы. Я быў на месцы трагедыі і не веру ў самагубства Бябеніна. Шмат што выклікае моцныя сумневы. Не было знойдзена ніякай запіскі, апошнія смс-кі, якія ён дасылаў сябрам, сведчаць пра тое, што ён збіраўся з імі ў кіно ўвечары чацвярга.

Тыдзень таму Алег вярнуўся з сям’ёй з адпачынку ў Грэцыі.
У нас былі вялікія планы, мы сустракаліся штодня».

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара незалежнай газеты «Імя». У 1998 годзе заснаваў інтэрнэт-сайт charter97.org.

У Алега Бябеніна засталіся жонка і двое сыноў.

Хто мог забіць Алега Бябеніна?
Цень падазрэння падае як на беларускія «эскадроны смерці», што лютавалі ў канцы 1990-х, так і на асобных выхадцаў з іх.

Начальнік прэс-службы Генеральнай пракуратуры Пятро Кісялёў распавёў, што да праверкі падключылася Генпракуратура. У Пярхурава (Дзяржынскі раён) выехаў нядаўна прызначаны намеснік генеральнага пракурора Андрэй Швед.

* * *

Рэдакцыя НН выказвае спачуванні родным і калегам нябожчыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?