Ці не ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе на дзяржаўным беларускім тэлебачанні адбылася вострая дыскусія адносна праблемы захавання гісторыка-культурнай спадчыны з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.
Гаворка пра ток-шоў «Выбар», якое прайшло на тэлеканале АНТ 23 жніўня.

Галоўным прадметам дыскусіі ток-шоў Сяргея Дарафеева стала пытанне далейшага лёсу комплексу былога кляштара бернарднынцаў на плошчы Свабоды ў Мінску.

Нягледзячы на шматгадовыя пратэсты грамадскасці (больш за 30 тысяч чалавек падпісаліся пад зваротам да прэзідэнта з просьбай вярнуць комплекс вернікам) і пазіцыю каталіцкага Касцёла, кіраўніцтва горада вырашыла ўладкаваць у помніку 17 стагоддзя гатэль з паркінгам і казіно.

Доктар гістарычных навук і найлепшы знаўца гісторыі Мінска Захар Шыбека, які выказаўся супраць гатэльнага праекту ў святых сценах, запытаўся:

«Што ў нас мала зямлі пад новыя гатэлі?» Паводле доктара гісторыі, ўсё ўпіраецца ў матэрыяльныя чыннік. «Горад проста хоча захаваць грошы і месца»,
 — адзначыў ён, дадаўшы, што пра ўзнаўленне помніка можна гаварыць толькі тады, калі яму вернута першапачатковая ці блізкая да яе функцыі.

Самае цікавае, што галоўны інжынер КУП «Мінская спадчына» Міхаіл Жых пацвердзіў, што горад, якому належыць былы кляштар, хоча захаваць унітарную форму ўласнасці. З ягонага гледзішча, комплекс бернардынцаў не выкарыстоўваўся па першапачатковай функцыі з 1863 года, калі пасля паўстання Каліноўскага быў канфіскаваны расійскімі ўладамі ў вернікаў. «Ён перажыў сем пажараў, шмат разоў перабудоўваўся. Аб’екты, якія дайшлі да нашага часу, адносяцца да канца 19 — пачатку 20 стагоддзя. У той час яны з’яўляліся часткай ужо не рэлігійнай, а вытворча-дапаможнай забудовы», — падкрэсліў прадстаўнік «Мінскай спадчыны», якую неаднаразова абвінавачвалі ў парушэнні заканадаўства пры рэканструкцыі і рэстаўрацыі помнікаў гісторыі.

У сваю чаргу начальнік упраўлення архітэктуры і арганізацыі праектных работ Мінгарвыканкама Аляксей Мартынаў назваў падыход апанентаў «музейным».

«Горад знаходзіцца ў пастаянным развіцці, таму аб’екты павінны прыстасоўвацца пад ягоныя сучасныя функцыі, — сказаў чыноўнік. — 30–40 год назад былі зусім іншыя падыходы. Верхні горад меркавалася разбурыць ледзь не пад нуль. Потым з’явілася мода на рэтра…»

«Пра якую моду вы гаворыце?! — імгненна адрэагаваў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Ёсць нарматыўна-прававая база, дзе ўсё абсалютна дакладна прапісана, і на якую трэба абапірацца пры прыняцці рашэнняў. Тое, што адбываецца на гістарычнай Нямізе ў апошнія восем год, ніякім чынам не ўпісваецца ў законныя рамкі».

Кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Ігар Чарняўскі патлумачыў, чаму міністэрства ўхваліла прапанову, якая выклікала столькі пратэстаў у грамадстве. «Архітэктурны праект рэканструкцыі кляштара двойчы разглядаўся на паседжанні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. З некаторымі заўвагамі, але ў ім цалкам адноўлена гістарычная структура помніка», — заўважыў чыноўнік.

Адзначым, што праблема захавання гісторыка-культурнай спадчыны ўпершыню гэтак востра загучала на беларускім тэлебачанні з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. У перадачы таксама былі закрануты праблемы рэканструкцыі Нясвіжскага замка і сітуацыя з занядбанымі шляхецкімі сядзібамі, якія дзяржава пакуль беспаспяхова спрабуе вярнуць да жыцця з дапамогай інвестараў.

На інтэрактыўнае тэлефоннае галасаванне, у якім падчас перадачы паўдзельнічала 5060 чалавек, было вынесена пытанне

«Як трэба ўзнаўляць помнікі?» 91% выказаліся за тое, што трэба «захоўваць гістарычную праўду». Астатнія 9% лічаць, што «галоўнае, каб не было руінаў».

Тэлегледачам «Выбару» таксама прапаноўвалася дасылаць SMS па тэме перадачы, якія адлюстроўваліся ў бягучым радку на экране. Іх характар быў адназначны: «На реставрацию денег нет, а на ресторан в монастыре — пожалуйста», «Собираются губить Коложу в Гродно. Спасите!», «Мало того, что на родном языке не говорим, так еще и уничтожим памятники — вымрем как нация»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?