Слонімскі 12-гадовы хлопчык Ягор Турко чатыры месяцы праляжаў у Дзіцячым хірургічным цэнтры (ДХЦ) у Мінску, дзе яго ўвесь гэты час ратавалі беларускія хірургі ад даволі рэдкага на сёння дыягназу — газавая гангрэна.
Чатыры месяцы з ім побач была яго матуля Алёна Міхайлаўна, якая працуе настаўніцай роднай мовы і літаратуры ў Слонімскім ліцэі. Дзякуючы сваім калегам яна змагла быць побач з сыночкам, а дзякуючы дактарам — бачыць вылечанага Ягорку побач. Больш за паўгода яна не адыходзіла ад сына, ад урачоў, якія зрабілі ўсё мажлівае, каб Ягорка вярнуўся ў Слонім і быў побач з сястрычкай і мамай.

— Алена Міхайлаўна, што здарылася з вашым сынам Ягорам? Скуль з'явілася такая рэдкая ў мірны час хвароба, як газавая гангрэна? Чытаў, што яна больш характэрная для ваеннага часу, а тут раптам сёння — у 12-гадовага хлопчыка...

— Пра газавую гангрэну я ўжо ведаю шмат. Газавая гангрэна — гэта інфекцыя, якая развіваецца пры адсутнасці кіслароду ў тканках арганізма. А здарылася бяда ў студзені. Сын пайшоў катацца на лыжах. І аднакласнік выпадкова "адпіхнуўся" лыжнаю палкаю ад яго далонькі. Атрымалася ранка, але невялікая. Яна хутка пачала зажываць, але стала апухаць рука. А ўвечары яна поўнасцю апухла. Я выклікала таксі і мы паехалі ў Слонімскую бальніцу. Там пачалі глядзець, выклікалі хірургаў, сабралі кансіліум і адразу адправілі сына ў рэанімацыю. Я пытаюся: які дыягназ? Мне адказалі — газавая гангрэна. Слонімскія дактары самыя першыя правільна вызначылі дыягназ. І яны рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб ратаваць Ягорку. Спачатку дактары пачалі рабіць надрэзы на руцэ, бо гэта анаэробная інфекцыя і яна лечыцца толькі кіслародам. А потым праз пэўны час яго адправілі ў абласную бальніцу ў Гродна. Там сына лячылі 10 дзён і дыягназ слонімскіх дактароў не пацвердзілі. Мне сказалі, што гэта звычайная рана. Сын ваш здаровы, прыязджайце і забірайце.

Я прыехала, забрала яго. Ран не было, мы прыехалі дамоў у Слонім, памыліся, і раптам на вачах усё стала паўтарацца — рука хутка зноў пачала апухаць.
Пухліна рукі дайшла ўжо да пляча. Мы зноў паехалі ў нашу Слонімскую бальніцу. Яго зноў паклалі ў рэанімацыю. Звоняць у Гродна нашы дактары — не могуць датэлефанавацца. Два дні ў Слоніме сын зноў ляжаў у рэанімацыі. Трохі ацёк знялі. Калі дазваніліся ў Гродна, там сказалі: зноў вязіце да нас. Мы прыехалі ў Гродна. Паклалі сына ў бальніцу. Я вярнулася ў Слонім. Кожны дзень тэлефаную ў Гродна. Потым еду зноў туды. А там мне кажуць, што ваш сын — сімулянт. Ён здаровы, яму нічога не баліць. Забірайце дамоў. Я прывожу яго з Гродна, а ў сына ніякага паляпшэння няма. Выклікаю хуткую медыцынскую дапамогу і сына, зноў у Слоніме, кладуць у бальніцу. З Гродна дактары звоняць слонімскім і абвінавачваюць іх у тым, што яны неабгрунтавана ставяць такі сур'ёзны дыягназ. А слонімскія дактары ўпэўнена заяўляюць, што дыягназ пастаўлены правільна. І яны мелі рацыю. Яшчэ раз паўтаруся, што слонімскія дактары адразу правільны дыягназ паставілі. І трэба было ў Гродне з гэтым пагадзіцца і хутка лячыць сына. Але там абыякава да ўсяго аднесліся. Таму больш я ў Гродна з сынам не паехала.

— А вырашылі Ягорку тэрмінова адправіць у Мінск?

— Дактары з Гродзенскай абласной бальніцы не даюць дазволу на тое, каб сына на лячэнне я везла ў Мінск са Слоніма.
На гэта павінен быць дазвол толькі з вобласці, бо слонімскія дактары не маюць права са Слоніма адпраўляць хлопчыка на Мінск, толькі з дазволу гродзенскіх дактароў. Абсурд. І ўсё ж слонімскія дактары, дазваніўшыся да загадчыка Дзіцячага хірургічнага цэнтра ў Мінску і дамовіўшыся, рызыкнулі і адправілі Ягора ў Мінск. Там, сапраўды, дыягназ слонімскіх дактароў на 100 % пацвердзіўся. Калі мой сын паступіў у цэнтр, ацёк ахопліваў ужо прадплечча, плячо, надплечча, бок грудной клеткі. Вельмі востра стаяла пытанне, каб зберагчы сыну руку. Пры яе абмацванні чуўся характэрны хруст (крэпітацыя). Рэнтгенаграма паказала, што пад скурай знаходзіцца газ. А кіраўнік цэнтра Васіль Аверын і дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі БДМУ Васіль Кепець адзначылі тое, што і слонімскія дактары: анаэробная інфекцыя (газавая гангрэна). Таму я яшчэ раз ад чыстага сэрца хачу падзякаваць слонімскім дактарам і ўсім, хто ратаваў майго сына на першых этапах захворвання.

— А як вас сустрэлі сталічныя ўрачы?

— Шчыра скажу, адразу было такое адчуванне, што я сына аддала ў надзейныя рукі лепшых беларускіх дактароў. Вельмі хутка быў скліканы кансіліум. Па словах урачоў Дзіцячага хірургічнага цэнтра (ДХЦ), такая паталогія часцей за ўсё сустракаецца ў дарослых у выніку агнястрэльнага ранення. У дзяцей у мірны час такое бывае вельмі рэдка. За апошнія 5 гадоў у ДХЦ падобных выпадкаў не было.

І калі мой сын туды паступіў, для кансультацыі запрашалі нават хірурга 432-га Галоўнага ваеннага клінічнага медцэнтра Уладзіміра Бардакова, які спецыялізуецца на лячэнні гэтай хваробы.
Запрашаліся і іншыя вядомыя беларускія спецыялісты. Былі таксама ўрачы з Масквы і Ізраіля. Ягору зрабілі сур'ёзную аперацыю. А пасля кожны дзень пад наркозам гэтыя раны-шрамы прамывалі на руцэ і плячах. Потым былі яшчэ аперацыі...

— Алёна Міхайлаўна, цяпер вы дома ў Слоніме. І хочацца спадзявацца, што ў Ягоркі ўсё будзе добра...

— Вельмі хочацца. Мы цяпер робім масаж, выконваем яшчэ шэраг розных працэдур і, па словах дактароў, Ягор усё ж павінен ачуняць поўнасцю. Мы, хоць і дома, але знаходзімся пад поўным кантролем мінскіх дактароў, звонім, кансультуемся. Яны нават абяцалі да нас у Слонім прыехаць, наведаць Жыровічы, пагасцяваць у нас дома. І яшчэ, я вельмі хацела выказаць шчырую падзяку калектыву Слонімскага ліцэя за ўзаемаразуменне, маральную і матэрыяльную падтрымку. Галоўнае ў нашым жыцці — здароўе, найперш здароўе нашых дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?