Прадавец індульгенцыяў

Прадавец індульгенцыяў

Аўтар матэрыялу прымераў на сябе рыцарскія латы.

Аўтар матэрыялу прымераў на сябе рыцарскія латы.

«… 10 тысяч, індульгенцыя з папскай пячаткай. Адпускаем гуртом усе грахі, акрамя забойства… Тут ёсць спецыяльная графа, куды ўносіцца імя… Толькі пажадана пісаць па-ангельску. Як не — дык пішыце ўжо кірыліцай, дадайце толькі літарку „с“. І яшчэ заўвага — гэта не фармат А4, у рамку звычайную не ўлезе…».

Гэтак на другім другі фэсце славы беларускай сярэднявечнай зброі «Наш Грунвальд» у музеі «Дудуткі» прадаюць індульгенцыі. Ля дзяўчат у сярэднявечных строяў, якія паказваюць, як трэба танчыць даўнейшыя танцы, каля паўголых факіраў, побач са звычайнымі міліцыянерамі і наведнікамі ў шортах, на лаўцы у льняным манаскім балахоне з паўметроым крыжом на грудзях сядзіць у меру ўсмешлівы мужчына і прадае індульгенцыі.

«Зрабілі паперу з цісненнем, знайшлі лацінскі тэкст, папскую пячатку, — кажа прадавец, які прадставіўся айцом Уладзімірам і адрэкамендаваўся членам ордэна францішканаў. — Паколькі наш клуб ужо 15 гадоў у рыцарскім руху, нас ласкава запрасілі сюды. Мы афіцыйна аформілі заяўку: і як усе прадаюць мечы і свістулькі, дык мы прадаем такі вось даруначак».

Да прадаўца падыходзіць жанчына і моўчкі купляе пасведчанне на адпушчэнне грахоў. На пытанне, які грэх яна хоча адпусціць, гаворыць «Не скажу» і адразу ж чырванее. Аднак, даўшы рады збянтэжанасці, падводзіць да лаўкі таксама мужа і дачку. Яны ўсе трое з сур’ёзнай мінай набываюць па асобніку і, урэшце рассмяяўшыся, здымаюцца з прадаўцом на памяць.

За якія 50 метраў ад «грэшнага» гандлю стаяць альтанкі, у якіх гледачы з шашлыком і фірмовым дудуткаўскім самагонам перад сабою, глядзяць рыцарскі турнір. Тут усё змяшалася: старанна зробленныя даспехі і вытанчаныя дзіды вершнікаў суседнічаюць з мікрафонамі і сучаснай вопраткай вядоўцаў, а жывая дударская музыка — з We Will Rоck You, што вылятае з дынамікаў. Вядоўцы крыху пераходзяць край з усімі паўпісьменнымі абвешчаннямі пра «баярына Яраслава з Вялікага Княства Літоўскага» . Але, нягледзячы на лёгкія гістарычныя неадпаведнасці і адсутнасць сапраўдных сшыбкаў (двубояў вершнікаў) публікае на ўсё рэагуе жыва.

Збольшага расійская мова турніру разлічаная на шматлікіх расійскіх турыстаў, але ў час пераходзіць на шматмоўе, бо паўсюль гучыць польская, нямецкая, літоўская мова. Двое хлопцаў-студэнтаў з Паўднёвай Карэі кажуць, што падобныя сярэднявечныя святы ёсьць і ў іх роднай краіне, «але ж тут касцюмы, як у „Адважным сэрцы“».

«Самае галоўнае ёсць для каго працаваць, — дадае айцец Уладзімір, збыўшы з чужых галоваў чарговую порцыю грахоў. — Сёлета нашмат больш людзей і, спадзяюся, арганізатары не застануцца ў накладзе. І рэч не толькі ва ўдалай рэкламнай кампаніі. Сёлета, у год Грунвальда, мы ўсе чакалі нармальны беларускі фэст. І таму для нас гэта не толькі праца, але і прадуха, і нейкі рух».

Да калегі па сярэднявечнаму бізнэсу далучаецца малады хлопец, прадстаўнік гуртка «Гільдыя лучнікаў», які прапануе шпурнуць баявую сякеру за тысячу:

«Вядома, стральба з лука — наша жыццё, — кажа лучнік, надзяючы цяжкія даспехі на карэспандэнта. — Мы сур’ёзна трэнеруемся пад Мінскам. А сякеры? Сякеры — гэта для турыстаў, для забавы».

Фэст «Наш Грунвальд» працягнецца таксама ў нядзелю:

Праграма 1 жніўня:

11.00–16.30 — Конкурс тэатральных калектываў

12.00 — Конкурс лучнікаў

13.30 — Конкурс трукавых тэатраў

14.30 — Фінал пешага рыцарскага турніру і танцавальная праграма

16.30 — Пешы камандны турнір

17.00 — Бугурты (боі)

18.00 — Закрыццё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?