З гісторыі беларускай савецкай цэнзуры.

У 1922 годзе было створана Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецтваў, якое пасля рэарганізацый стала Галоўным упраўленнем па ахове дзяржаўных тайн у друку пры ВС СССР (Галоўліт). Адпаведна такія ўпраўленні існавалі і пры Вярхоўных Саветах кожнай саюзнай рэспублікі. Установа павінна была аб’яднаць усе віды цэнзуры друкаваных твораў.

Яшчэ і сёння некаторыя пісьменнікі сумуюць па той, савецкай, цэнзуры. І галоўны іх аргумент заключаецца ў тым, што тады хаця б не друкавалі ўсё запар, як сёння. Маўляў, грошы ёсць — талент не патрэбны. І ў выніку мы бачым паліцы кнігарань, застаўленыя пісанінай графаманаў. І тым не менш…

Калі ў 1920-1930-х «шкодная» літаратура канфіскоўвалася з бібліятэк і кнігарань і нават палілася, то ў 1960-1970-х цэнзура працавала ў асноўным на тое, каб не дапусціць яе з’яўлення на стадыі падрыхтоўкі да друку.

Так, у 1970-м годзе начальнік Галоўліта Аляксандр Маркевіч асобны даклад прысвяціў разгляду часопісаў «Нёман», «Полымя» і «Маладосць». Цэнзар хацеў праінфармаваць сакратара ЦК КПБ «аб ідэйна-палітычных недахопах асобных твораў», падрыхтаваных да друку рэдакцыямі часопісаў. Агляд рабіўся за тры гады.

Якія ж недахопы ў публікацыях разгледзеў Маркевіч? Ні многа ні мала, а скажэнне асобных з’яў савецкай рэчаіснасці, скажэнне праўды аб партызанскай барацьбе і прыніжэнне герояў, аднабаковае асвятленне асобных з’яў у жыцці калгаснай вёскі.

Напрыклад, каб вырашыць лёс рамана Эдуарда Скобелева «Шаги за твоей стеной», цэнзар нават звяртаўся ў аддзел прапаганды і агітацыі ЦК КПБ. Пасля ўсіх кансультацый аўтару давялося значна перапрацоўваць твор. Падрыхтаваную публікацыю з апавяданнямі Аркадзя Савелічава «Идут поезда» і «Трататушки» ўвогуле знялі.

«Адыход ад рэчаіснасці і скажонае адлюстраванне савецкага Палесся мела месца ў нарысах У. Караткевіча «Званы ў прадоннях азёр».

Праўкі быў змушаны рабіць Іван Навуменка ў рамане «Вецер у соснах».

Цэнзар выказаў «свае заўвагі рэдакцыі супраць апублікавання ў часопісе «Полымя» без дапрацоўкі аповесці В. Быкава «Круглянскі мост». Да пісьменніка было пытанняў ці не больш, чым да астатніх. Бадай, на кожны яго твор да з’яўлення ў друку была скіравана хваля крытыкі. Вось іншая справаздача таго самага Маркевіча аб змесце некаторых заўваг палітыка-ідэалагічнага характару ў падрыхтаваных да друку твораў у 1975 і першым квартале 1976 года. Зноў Быкаў і аповесць «Яго батальён». Увага звяртаецца на «факты няправільнага адлюстравання падзей і характары Вялікай Айчыннай вайны». Аповесць была папраўлена.

Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Галоўлітам «прапаноўвалася ўдакладніць ідэйную аўтарскую пазіцыю ў ацэнцы ўчынку героя ў кнізе Б. Сачанкі «Чужое неба». Абурэнне выклікала тое, што адзін з персанажаў рамана пайшоў у партызаны, за што немцы забілі яго сям’ю, а другі ў партызаны не пайшоў, чым і сям’ю ўратаваў. «Хто з іх прыняў правільнае рашэнне? На чыім баку сімпатыі аўтара?» — задаваўся пытаннямі цэнзар. Але найбольш прыкрае, па яго словах, было тое, што кнігу выдалі без высвятлення аўтарскай пазіцыі.

У «адной звязцы» праз цэнзарскай сіта ішлі паэты Пімен Панчанка і Пятрусь Макаль. «Па фактах няправільнага тлумачэння некаторых падзей і з’яў савецкай рэчаіснасці, гісторыі нашай краіны» са зборніка Панчанкі «Крык сойкі» былі знятыя чатыры вершы: «То ў надзеях, то ў скрусе», «Замоўкнуў жураўліны скрып калысак», «Я гаварыў занадта гучна», «Мала вар’яцтва ў нашай паэзіі».

Аўтару закідалася, што ў творах «аплаквалася патрыярхальная мінуўшчына беларускага народа, у змрочных фарбах адлюстроўваўся жыццёвы шлях савецкага чалавека».

Чатыры вершы былі выключаны і са зборніка Петруся Макаля «Дотык да зямлі»: «Лічаць абраннікі лёсу», «Мы — галіны», «Хто апошні», «Штодзень у мяне ўсяляюць». «У вершах у скажоным выглядзе паказваліся грамадскія адносіны паміж савецкімі людзьмі, узаемаадносіны паміж кіраўнікамі і падначаленымі, інваліды Вялікай Айчыннай вайны прадстаўляліся людзьмі выключна чэрствымі, эгаістычнымі…»

Гэтыя творы выкрэсліваў Аляксандр Маркевіч. Але дасталася паэтам і ад яго намесніцы Захаравай. З анталогіі беларускай паэзіі «Край паэтаў», якая была прадстаўлена для выдання ў ЮНЭСКА, выкінулі «Родную мову» і «Раўнапраўе дрэў» Панчанкі.

«У вершы «Родная мова» выказваецца трывога аб тым, што ў будучым беларуская мова можа знікнуць… Трывогі аўтара беспадстаўны. Для такога вываду няма ў нашай савецкай рэчаіснасці ніякіх перадумоў».

У Макаля знялі верш «Скарга цвіка», у якім убачылі алегарычны паказ бяспраўнае палажэнне савецкага чалавека.

Адметна, што цэнзарамі не рабіўся падзел на рускамоўных ці беларускамоўных аўтараў, мастацкую літаратуру ці навуковую.

Так, У. Уладзіслаўскі для кнігі «Человек среди природы», прысвечанай праблемам аховы навакольнага асяроддзя, давялося дапісваць новую главу пасля выказаных заўваг.

Ад аўтара патрабавалі рабіць акцэнт на тым, што вырашэнне апісаных праблем магчыма толькі ў сацыялістычным грамадстве.

«У кнізе ні словам не згадвалася аб захадах, зробленых партыяй і ўрадам па пераадольванню адмоўных наступстваў умяшальніцтва чалавека ў прыроду, а шэраг пастаноў па ахове прыроды ўвогуле трактаваліся аўтарам як невыканальныя».

З кнігі М. Глубскага «Незабываемое» была выключана глава пад назвай «Курс на сплошную коллективизацию», «у якой сцвярджалася, што самымі эфектыўнымі метадамі пры арганізацыі калгасаў на Міншчыне былі метады прымусу і пагрозаў раскулачваннем і высылкай».

…І так год за годам. Не было ніводнага савецкага аўтара, хто не правіўся б цэнзарам. Нават самыя адданыя партыі пісьменнікі не пазбягалі ўмяшальніцтва ў іх творчасць.

Падрабязней прачытаць аб працы Галоўліта можна тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?