Паўсядзённыя бытавыя звычкі нярэдка прыводзяць да стомленасці і апатыі. Як вызначылі вучоныя, часцей за ўсё з’яўленню гэтага стану садзейнічаюць сем прычын.

Першая з іх — рэгулярнае недасыпанне. Паводле статыстыкі, у 60-я гады мінулага стагоддзя сярэднестатыстычны чалавек адводзіў на сон 8 гадзін, цяпер — прыкладна 6,5. Людзі сталі менш спаць з-за паскоранага тэмпу жыцця, які вымушае займацца ўсё большай колькасцю спраў. Акрамя таго, павялічылася колькасць людзей, якія пакутуюць ад парушэнняў сну (напрыклад, на фоне стрэсу).

Медыкі даказалі, што недасыпанне, назапашанае на працягу некалькіх дзён, нельга кампенсаваць за адзін раз. Рэч у тым, што недахоп сну на працягу сутак арганізм здольны без шкоды кампенсаваць на наступны дзень. Сістэматычнае неатрыманне «кампенсацыі», на працягу некалькіх дзён запар, прыводзіць да раздражняльнасці, прыгнечанага стану і атлусцення.

Аматары «пасядзець» на дыеце таксама рызыкуюць атрымаць сіндром хранічнай стомленасці. Іх можна падзяліць на тры групы. Адны (і іх меншасць) сапраўды ўмудраюцца, вытрымліваючы дыету, расстацца з лішняй вагой. У другіх нічога не атрымліваецца — і яны пакідаюць спробы абмежаваць свой рацыён. Трэція ж без сну і адпачынку падбіраюць сабе ўсё новыя дыеты або пачынаюць адну і тую ж кожны раз спачатку. Менавіта яны, гэтыя ўпартыя аматары дыет, знаходзяцца ў групе рызыкі. Яны пастаянна адчуваюць віну і нездаволенасць за нявыкананыя планы па пахудзенні, спрабуюць пакараць сябе ўсё больш строгай дыетай, пакутуюць ад пастаяннага пачуцця голаду (і часта — ад недахопу важных рэчываў).

Трэцяя прычына — хранічныя болі. Даследаванні паказваюць, што паміж пацыентамі з дэпрэсіяй, посттраўматычным сіндромам і хранічным болем ёсць пэўнае падабенства. Гэта так званая дэзаптацыйная рэакцыя, якая выяўляецца ў мышачнай слабасці, зніжэнні апетыту і лібіда, змяншэнні фізічнай актыўнасці, неспакойным сне і паніжэнні канцэнтрацыі ўвагі. Такі чалавек пастаянна адчувае сябе выматаным, знясіленым, і гэта моцна зніжае якасць жыцця.

Аматары кавы таксама рызыкуюць замест чаканай бадзёрасці атрымаць адваротны эфект. Усё проста: узнікае эфект прывыкання, для бадзёрасці патрабуецца ўсё большая доза, якую, урэшце, немагчыма пастаянна павялічваць. Акрамя таго, ужыванне напояў з утрыманнем кафеіну ўзмацняе абязводжванне. Тым, каму складана адмовіцца ад звычкі піць па некалькі кубкаў кавы ў дзень, мае сэнс спалучаць іх з піццём вады на працягу дня. Зрэшты, тым, хто абыходзіцца без кавы, вада таксама не пашкодзіць. Дыетолагі раяць выпіваць 8 шклянак вады штодзень.

Аналагічны эфект дае і ўжыванне энергетычных напояў. Прымаючы гэты даволі магутны стымулятар, чалавек атрымлівае ўдарную дозу кафеіну, таурыну і часта жэньшэню. Пасля такой мабілізацыі ўнутраных рэзерваў арганізму патрабуецца аднаўленне і адпачынак.

Да павышанай стамляльнасці прыводзіць таксама недахоп кіслароду ад пастаяннага знаходжання ў душным памяшканні, які запавольвае абмен рэчываў. А малая рухавасць пры гэтым зусім не прыводзіць да эканоміі энергіі: мышцы без нагрузкі страчваюць тонус, у выніку знікае і энергія. Больш за тое, фізічная актыўнасць зніжае не толькі рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў, але і рызыку ўзнікнення дэпрэсіі і, як высветлілася, уплывае на працягласць жыцця. Даследчыкі Універсітэта Паўднёвай Караліны на працягу 12 гадоў вялі назіранні за групай з 2600 пажылых людзей. Высветлілася, што фізічная актыўнасць уплывае на працягласць жыцця значна мацней, чым нават наяўнасць нармальнага індэкса масы цела. Інакш кажучы, не мае значэння, поўны чалавек або худы: калі ён шмат часу на працягу дня знаходзіцца ў руху, ён пражыве даўжэй.

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?