Нядаўна беларускі вучоны-фізік Сяргей Гапоненка выдаў падручнік «Уводзіны ў нанафатоніку», які быў рэкамендаваны Кембрыджскім універсітэтам як навучальны дапаможнік для студэнтаў старэйшых курсаў і магістрантаў.

— Як выйшла, што вы напісалі кнігу для Кембрыджскага ўніверсітэта?

— Гэта ўжо другая мая кніга, апублікаваная ў гэтым выдавецтве. Першая выйшла ў 1998 годзе і называлася «Аптычныя ўласцівасці паўправадніковых нанаструктур». Тады я сам выступіў ініцыятарам. Для мяне было вельмі ганарова, калі ўніверсітэт апублікаваў кнігу. Але яна прызначана, збольшага, для навукоўцаў, не для студэнтаў. Гэтая ж кніга потым выйшла ў Кітаі.

У апошнія некалькі гадоў да мяне звярталіся выдавецтвы з рознымі прапановамі. Тады я быў дырэктарам Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі. Потым наш інстытут далучылі да Інстытуту фізікі, я стаў проста загадчыкам лабараторыі, і ў мяне з’явіўся час. З усіх выдавецтваў, якім раней адмаўляў, зноў выбраў Кембрыджскае.

Адна з прычын палягае ў тым, што выкладчыкі, якія чытаюць лекцыі па нанафатоніцы, звярнуўшыся ў выдавецтва, могуць атрымаць кнігу бясплатна. Напрыклад, выкладчыкі з Беларусі, Расіі, Індыі, калі няма грошай, могуць атрымаць кнігі Кембрыджскага выдавецтва бясплатна.

Кніга рэцэнзавалася трыма ананімнымі рэцэнзентамі з розных краін.

— Чаму ананімнымі?

— У навуцы прынятае закрытае рэцэнзаванне, каб аўтар не ведаў рэцэнзента. Часам можна ўказваць спіс экспертаў, якія маглі б даць ацэнку навуковаму артыкулу. А часам можна ўказваць людзей, якім непажадана дасылаць артыкул на рэцэнзію, таму што аўтары могуць з імі канкураваць альбо мець юрыдычную ці матэрыяльную залежнасць. Некаторыя часопісы дапускаюць рэцэнзаванне, калі, наадварот, невядома прозвішча аўтара. Усё гэта робіцца з адной мэтай — каб экспертыза была незалежнай.

У маім выпадку было тры закрытыя рэцэнзенты. Рэцэнзаваўся праект стварэння кнігі, г.зн. я пісаў, навошта гэтая кніга патрэбная, пра што яна, якія ў ёй будуць раздзелы і главы. І я павінен быць альбо вядомы як чалавек, які піша добрыя кнігі, альбо павінен прыкласці чарнавікі асобных главаў, каб эксперты маглі ацаніць, ці здольны чалавек наогул напісаць добрую кнігу, ці даступна ён выкладае думкі, ці дастаткова добра валодае англійскай.

— Вы пісалі адразу па-англійску?

— Так, адразу па-англійску. Гэта наша праца. Англійскі рэдактар, вядома, працаваў, але моцна не правіў, у асноўным, граматычныя памылкі.

— Як доўга вы над гэтым працавалі?

— Прыкладна 500 старонак я пісаў 16 месяцаў. Днём і ўначы, вечарамі і ў адпачынку.

— На падставе чаго вы пісалі падручнік? Што ў змесце?

У анатацыі да кнігі напісана, што яна «заснаваная на навуковым досведзе, які аўтар набыў, працуючы ў Інстытуце малекулярнай і атамнай фізікі ў дзесяцігадовы перыяд з 1997 па 2007 год». Гэта акурат прамежак паміж напісаннем першай і другой кніг.

У змесце — увядзенне ў нанафатоніку. Калі казаць больш белетрыстычна, нанафатоніка — вобласць, дзе злучаюцца фатонка і нанатэхналогіі. Фатоніка — гэта ўсё, што звязана са святлом. Яна мае на ўвазе розныя прылады, дзе выкарыстоўваецца святло, да прыкладу, матрыца ў камеры, сонечныя элементы, лазеры, прыборы начнога бачання. Там, дзе святло паглынаецца, выпускае або ўзаемадзейнічае з нанаструктурамі — гэта ўсё нанафатоніка.

Студэнтам такую кніжку, вядома, цяжка засвоіць. У асноўным, ёю будуць карыстацца выкладчыкі, якія чытаюць спецкурсы.

— Чаму яна будзе складаная для студэнтаў?

— Таўставатая трошкі. Да прыкладу, 50 лекцый па такім курсе не пачытаюць. Рэальна, мне здаецца, лекцый 20. Дык вось, пры курсе ў 20 лекцый студэнту такую кніжку вывучыць будзе цяжка. Хоць я стараўся пісаць дастаткова даступна, але без прафанацыі.

— Якім накладам выходзілі вашыя кнігі?

— Наклад невядомы, гэта камерцыйная таямніца. Ні на адной замежнай кнізе не напісаны наклад. Я магу сказаць, што першай кнігі прададзеная прыкладна тысяча асобнікаў за дзесяць гадоў. Гэта не вельмі шмат. Па другой — тысяча паступіла толькі папярэдніх замоваў. Я ведаю, таму што мне кожныя паўгода дасылаюць справаздачы аб тым, колькі кніг прададзена, і чэк з ганарарам. Разлічваю, што будзе прададзена мінімум тры тысячы такіх кніг, максімум 5000, наўрад ці болей. Яна ўсё-такі нямала каштуе — 80 долараў.

— Калі не сакрэт, які ганарар у еўрапейскіх выдавецтвах?

— Па ўмовах кантракту — 10% ад кошту прададзенай кнігі. Да таго ж, у мяне 40-працэнтная зніжка на набыццё маіх кніг.

— А як жа падарункавыя асобнікі?

— Падарункавы асобнікі ёсць — 5 штук. Адну кнігу я падараваў бібліятэцы БДУ, дзве — паважаным акадэмікам, і планую падараваць акадэмічнай, нацыянальнай, інстытуцкай бібліятэкам, але крыху пазней.

Неяк пад маёй рэдакцыяй выйшла яшчэ адна кніжка ў мінулым годзе — «Экстрэмальная фатоніка», але яна заснаваная на працах канферэнцыі ў Канадзе, кіраўніком якой я быў. Мне даслалі тры бясплатныя аўтарскія экзэмпляры, а давялося заплаціць 200 тысяч рублёў за растаможку. Кожная кніга каштуе 70 еўра. У мытную цану ўключаецца таксама кошт перасылкі (30 еўра), якую аплаціла выдавецтва, каб кнігі даставілі мне прама ў офіс. Замест гэтага я атрымаў тэлеграму і паехаў у аэрапорт. Прыйшлося заплаціць мытную пошліну 30%, а таксама асобна за адпраўку тэлеграмы, захоўванне пасылкі на складзе і за афармленне мытных дакументаў. Большай ганьбы я ў сваім жыцці не бачыў. Не кажучы ўжо пра тое, што я патраціў выхадны дзень, каб забраць гэтыя аўтарскія асобнікі.

— Як з навуковай літаратурай працуюць беларускія выдавецтвы?

— У нас, на жаль, кніжны навуковы бізнес адсутнічае як бізнес. Калі аўтар хоча выдаць кнігу, ён ідзе ў выдавецтва, дзе яму кажуць прыкладна так: «Знайдзіце грошы, прынясіце нам рукапіс, дзве рэцэнзіі і рэкамендацыю ад вашай арганізацыі». Калі выдавецтва знаходзіцца ў Мінску, у яго могуць быць крамы. Але, як правіла, асноўны наклад забірае той, хто яго аплаціў. Ні ва Уладзівастоку, ні ў Кіеве, ні ў Маскве вы гэтых кніг не ўбачыце. А чаму? Гэта ж нармальны бізнес. Чаму нельга прадаваць у Польшчу нашы кнігі, у Чэхію — там людзі чытаюць па-расейску.

Вось я выдаў кніжку ў універсітэце (БДУ. — заўв. Аўт.) І аплаціў 100 асобнікаў за свой кошт, але яна каштуе 6000. Яшчэ сто аплаціў універсітэт і разаслаў па ВНУ, у продаж яна не паступала. Калі кніга будзе каштаваць 30 тысяч, я ўжо не змагу аплаціць 100 асобнікаў.

— І ў чым праблема, як думаеце?

— Выдавецтвы граюць ролю друкарні і не праводзяць ніякай палітыкі. Яны не плануюць, да прыкладу, запусціць серыю кніг «Праблемы нанатэхналогій», таму што гэта актуальна. Яны нават не думаюць пра гэта, а замежныя думаюць.

У гэтай кнізе ўсё маё жыццё, і ці варта хаваць гэтую працу ў сотні асобнікаў, для выдання якіх я павінен яшчэ знайсці грошы? А потым буду хадзіць і прасіць, каб яе дзе-небудзь ўзялі? Гэта ж зневажальна.

— А ўвогуле, часта беларускія навукоўцы выдаюцца за мяжой?

— Я думаю, не вельмі часта. Напісанне кнігі — дастаткова цяжкая праца. Трэба акумуляваць вялікі аб’ём ведаў, умець яго абагульніць і сістэматызаваць. Каб напісаць кнігу, трэба гадоў 10 у якой-небудзь галіне інтэнсіўна самому працаваць. Аднак калі чалавек напіша кнігу толькі пра тое, што ён сам рабіў, гэтая кніга будзе называцца «доктарская дысертацыя». Яна мае статус рукапісу і цікавая толькі вузкаму колу вучоных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?